Як слуцкая журналістка перайшла на беларускую мову і што з гэтага выйшла
Журналістка выдання Kurjer.info Алеся Белая месяц таму стала карыстацца беларускай мовай не толькі ў сацсетках, але і ў сваім звычайным жыцці. Як на гэта рэагуюць людзі ў яе родным Слуцку, жанчына апісала ў сваім тэксце.
Чаму я вырашыла пераходзіць на беларускую мову
Насамрэч, я даўно ўпотайкі марыла перайсці на беларускую мову. Рускую мову я таксама вельмі люблю, але беларуская адчуваецца як быццам смачнейшай. Калі выпадаў шанец на ёй паразмаўляць з кімсьці або напісаць нешта на ёй, я адчувала вялікае задавальненне.
У апошні час у Беларусі, асабліва ў Мінску, стаў распаўсюджвацца трэнд на беларускую мову.
Многія беларусы перайшлі на яе ў сацсетках, а многія мінчукі — і ў рэальным жыцці. Калі я гэта ўбачыла, то ўзрадавалася і зразумела, што гэта мой шанец ажыццявіць сваю мару і размаўляць на беларускай мове.
Як адрэагавалі ў сям’і
Найперш я вырашыла пагутарыць са сваім татам. Калі я спытала ў яго, ці можна з ім цяпер размаўляць на беларускай мове, ён адказаў: «Гэта твае справы, як і з кім табе размаўляць. Ты думаеш, я беларускай мовы не разумею ці што?». С той пары ён са мной і сам стаў размаўляць на беларускай і нават папраўляе мае памылкі.
Пасля гэтага я стала размаўляць на беларускай і з іншымі блізкімі. Яны не тое што не былі супраць, але нават, здаецца, і не заўважылі ніякай змены.
Рэакцыя сяброў і калег
Мая найлепшая сяброўка таксама быццам не заўважыла, што я перайшла на іншую мову. Яна са мной гутарыць на рускай, а я з ёй — на беларускай, і гэта абсалютна ніяк не адбілася на зносінах. Нават, здаецца, размоў стала больш, чым раней. Такая ж карціна і з іншымі сябрамі і знаёмымі.
З некаторымі калегамі, на жаль, узнікла непаразуменне. Але шляхам перамоў і перакананняў я адстаяла сваё права размаўляць на беларускай мове і падчас працоўных нарад.
Як рэагуюць у крамах і іншых установах
Калі я стала гаварыць у крамах самаабслугоўвання на касе «калі ласка», «дзякуй», «добрага дня», «дайце вялікі пакет» і «аплата карткай», гэта абсалютна ніяк не адбілася на маіх зносінах з касірамі. Я думаю, ім наогул усё роўна, на якой ты мове размаўляеш, бо ў іх шмат працы і няма часу разбірацца, хто там як гаворыць.
Я часта хаджу ў павільёны «Камунарка» і «Белсаюздрук», якія знаходзяцца паблізу ад нашай рэдакцыі. Калі я стала размаўляць на беларускай у «Камунарцы», то дзве з прадаўшчыц нічога не заўважылі, а адна нават узрадавалася і сама з задавальненнем са мной паразмаўляла на беларускай. У «Белсаюздруку» таксама са мной размаўляюць ветліва і прыязна, як і раней, быццам нічога і не адбылося.
Як адрэагавалі чыноўнікі і службовыя асобы
Па сваёй працы мне даводзіцца кожны дзень размаўляць з чыноўнікамі і службовымі асобамі, каб сабраць інфармацыю. Вось арганізацыі, з прадстаўнікамі якіх я ўжо размаўляла на беларускай мове:
- Слуцкі райвыканкам,
- «Слуцкгаз»,
- падатковая інспекцыя,
- Бокшыцкі сельвыканкам,
- прадпрыемства па добраўпарадкаванні ЖКГ,
- зелянгас,
- аддзел ДАІ слуцкага РАУС,
- непасрэдна слуцкая міліцыя,
- раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях,
- некаторыя школы,
- Слуцкі дзяржаўны каледж,
- Слуцкая раённая бібліятэка.
Магчыма, штосьці ўжо забылася. Дык вось, ва ўсіх гэтых установах ніхто не быў збянтэжаны тым, што я размаўляю на беларускай. Наадварот, многія і самі стараліся мне адказваць на беларускай мове, а тры чалавекі наогул мяне пахвалілі і падзякавалі за мову.
Незадаволеныя чытачы
За гэты месяц давялося два разы размаўляць па тэлефоне з незадаволенымі чытачамі (журналісты ведаюць, што гэта яшчэ добры месяц выдаўся). У першым выпадку мяне абклалі мацюкамі, а ў другім спрабавалі выклікаць на «стрэлку». Дык вось, ні першы, ні другі чытач не меў ніякіх прэтэнзій да маёй беларускай мовы, іх хваляваў толькі змест маіх публікацый.
З кім я дагэтуль размаўляю на рускай
Беларуская мова стала для мяне своеасаблівым «сітам». Я заўважыла, што баюся на ёй размаўляць з тымі, з кім і раней адчувала сябе няёмка. Гэта:
- няблізкія сваякі, з якімі бачышся раз на пару гадоў,
- настаўнікі ў маёй першай школе, якую я не любіла (прычым з настаўнікамі ў другой школе, якую я любіла, свабодна размаўляю на беларускай),
- бабулі-суседкі на лаўцы каля майго пад’езда,
- дактары і працаўнікі хуткай дапамогі (як аказалася, я іх баюся намнога больш, чым міліцыянераў).
Таксама я магу перайсці на рускую ненаўмысна ў сітуацыях, калі вельмі разгубленая і збянтэжаная. Так што ведайце — калі я загаварыла з вамі на рускай, гэта значыць, што мне цяпер некамфортна.
Мой вынік і мае парады
Калі вы, як і я, марыце свабодней размаўляць на беларускай мове ў жыцці, то не бойцеся. Гэта не так ужо і страшна, беларускую мову амаль усе ў Слуцку разумеюць, а многія і самі могуць на ёй цудоўна вам адказаць.
Можна пачынаць з малога — устаўляць у сваю гаворку асобныя словы, якія вам падабаюцца. Напрыклад, «вітаю», «дзякуй», «прыгожа», «неспадзяваначка», «адчапіся», «гадуйся», «дзеўкі-хлопцы» і гэтак далей.
Можна найперш пачаць лаяцца па-беларуску. Напрыклад, ёсць такія цудоўныя беларускія лаянкавыя словы, як «каліч», «даўбешка» і «мехам ляснуты». Больш «сакавітых» выразаў можна пачуць, калі з’ездзіць у глухую вёску і спытаць у якой-небудзь старэнькай бабулі пра суседку, з якой яна «ў контрах». Тады вы даведаецеся шмат і пра маральнае аблічча суседкі, і пра яе мінулае, а таксама значна пашырыце слоўнікавы запас.
Я размаўляю пакуль што не надта чыста і недасканала, але стараюся глядзець у слоўніку тыя словы, на якія забылася ці якіх не ведала. Слоўнікі, якімі я карыстаюся ў мабільным тэлефоне, — гэта бот «Белазар» у Telegram і мабільная праграма «Скарнік». А калі ў размове я забываюся на нейкае беларускае слова ці словазлучэнне, то проста ўстаўляю рускае. Я лічу, што нічога страшнага, бо ўсё прыходзіць з практыкай.
Яшчэ я перавяла на беларускую мову свой камп’ютар і сацсеткі. У «ВКонтакте» і ў Viber ёсць такая магчымасць.
Таксама стала чытаць беларускамоўныя кнігі. Асабліва раю Караткевіча, бо ў дарослым узросце чытаць яго нашмат цікавей, чым у школе.
Чытайце яшчэ:
Святлана Гарда: «Акумулюем свае сілы, бо дома яны нам вельмі спатрэбяцца»
«Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку
Алег Гаруновіч: «Часам мы марым пра нейкія подзвігі, але забываемся пра невялікія крокі»