Святлана Гарда: «Акумулюем свае сілы, бо дома яны нам вельмі спатрэбяцца»
Пасля выбараў у 2020 годзе ўлады пайшлі на знішчэнне незалежных медыяў. Пасля разгону масавых акцыяў сілавікі расправіліся з рэдакцыямі і журналістамі. Галоўныя рэдактары і заснавальнікі выданняў і навінавых рэсурсаў апынуліся пад пагрозай крымінальнага пераследу, а самыя выданні ўлады назвалі экстрэмісцкімі. Галоўная рэдактарка найбуйнейшага ў Беларусі рэгіянальнага парталу «Медыя-Палессе» Святлана Гарда распавяла «Белсату» пра пераслед з боку сілавікоў.
«Медыя-Палессе» — рэсурс, які даволі вядомы сярод жыхароў беларускага Палесся. Навінавы сайт ахоплівае шэраг рэгіёнаў Берасцейшчыны і вядомы не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне ў цэлым. Як і большасць незалежных рэсурсаў, улады абвесцілі сайт экстрэмісцкім, а супраць працаўнікоў рэсурсу распачалі крымінальныя справы.
«1 чэрвеня нашаму парталу споўнілася 10 гадоў. Гэтыя гады мы працавалі нягледзячы на рэпрэсіі, штрафы і пераслед. А юбілей, вядома, сустрэлі з перажываннем і болем. Бо сайт наш сапраўды ўнікальны. Яго мэтай было аб’яднанне жыхароў, якія жывуць каля Прыпяці, а гэта жыхары Столінскага, Лунінецкага, Пінскага раёнаў, потым далучыўся Іванаўскі раён», — распавядае «Белсату» галоўная рэдактарка сайту Святлана Гарда.
Пераслед за свабоду слова
— Рэпрэсіі супраць нас пачаліся значна раней, яшчэ далёка да выбараў у 2020 годзе. Першы суд быў па публікацыі пра каронавірус. Нас тады судзілі за пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Потым былі яшчэ суды, іх было агулам чатыры, а штрафы давалі максімальна магчымыя. Па адным з судоў, напрыклад, нам прысудзілі штраф памерам 199 базавых велічыняў. Адметна, што максімальны штраф у нашай справе прадугледжваў 200 базавых, — кажа яна.
— У красавіку сёлета матэрыялы сайту і групы ў сацсетках улады абвесцілі экстрэмісцкімі. З гэтай прычыны адбылося падзенне наведвальнасці сайту. Людзі баяцца ўступаць у групы ў сацсетках. Агулам у нашых групах мы маем каля 90 тысячаў чалавек. Нават калі рэдактар і журналісты далёка, рэгіянальны партал не можа працаваць без рэгіянальных аўтараў, скажам так. Але ў гэтым нам вельмі дапамагаюць нашыя чытачы.
Медыі могуць жыць толькі, калі яны праўдзівыя. І менавіта дзякуючы нашаму медыя людзі змаглі даведацца, што сёлета на Палессі адбываліся не вайсковыя вучэнні, а рыхтаванне да нападу на Украіну. Мы вельмі актыўна асвятлілі тэму вайны, што, на маю думку, стала прычынай прызнання нас на рашэнне Лунінецкага суда «экстрэмістамі». Але мы не можам не пісаць, што ў Лунінцы стаяць «Іскандэры», што ляцяць ракеты, якія нясуць смерць… Менавіта чытачы паведамлялі нам пра запускі ракетаў, дасылалі фота. Мы ўдзячныя кожнаму неабыякаваму чалавеку, які дапамагае нашаму медыя адлюстроўваць падзеі, якія тычацца ваенных дзеянняў, у процівагу замбаванню бэтэшнай дэзынфармацыі.
— Для рэгіянальных СМІ вельмі важна адчуваць сувязь з месцам, дзе жывуць нашыя людзі, чытачы. Журналіст у рэгіёне — гэта чалавек, якога ўсе ведаюць, гэта больш чым проста прафесія.
Пасля прызнання матэрыялаў сайту «экстрэмісцкімі», наведвальнасць (і гэта зразумела) крыху знізілася. Людзі баяцца трымаць у тэлефонах «экстрэмісцкія» старонкі. На наведвальнасці адбілася таксама блакаванне нашага сайту з боку Раскамнагляду з 1 красавіка сёлета. Прычынай гэтага абмежавання сталі матэрыялы пра вайну. А ў Расеі нас шмат чыталі выхадцы з рэгіёну. Наш партал, прызнаваўся шмат хто, быў для іх магчымасцю сувязі з радзімай. Але мы працуем праз VPN. Спадзяюся, што землякі за межамі Беларусі навучацца карыстацца сэрвісам і будуць валодаць праўдзівай інфармацыяй, у прыватнасці аб вайне.
Рэдактары ў Беларусі сталі «крымінальнікамі»
— Крымінальную справу завялі супраць мяне як рэдактара і супраць дырэктара прадпрыемства. Гэтыя справы, вядома, сфабрыкаваныя. Некалькі разоў мянялі артыкул. Цяпер нам інкрымінуюць злоўжыванне службовым становішчам. Я ўжо год не ў краіне. Сын, які ўзначальваў прадпрыемства, — 1,5 года. Наша сям’я раскіданая па трох краінах. Цяжка не бачыць любімых людзей. Але гэта нішто ў параўнанні з нягодамі тых, хто мужна пераносіць выпрабаванні ў турмах… Хоць мы «экстрэмісты», «крымінальнікі», але ў нас не знікла жаданне працаваць. Для нас важнае кожнае слова, кожная публікацыя. Мы прывучалі сваю аўдыторыю да таго, што на сайце ёсць самая разнастайная інфармацыя. А ў рэгіёне чытач жадае ведаць пра ўсё, што адбываецца вакол яго: і пра тое, што робіцца ва ўладзе, і пра жыццё суседа, і пра рэйсы аўтобусаў, і пра нейкія заканадаўчыя змены, пра ўсё… Таму ў рэгіянальных выданняў ёсць будучыня і перспектыва праз тое, што яны запатрабаваныя. Я веру ў гэта.
Выезд на адпачынак, які зацягнуўся…
— Я не з’язджала з Беларусі як журналіст і рэдактар. 23 чэрвеня летась у мяне быў адпачынак. Я выехала на 2 тыдні. І якраз 7 ліпеня, калі збіралася вяртацца, у мяне ўдома, у офісе, у некалькіх працаўнікоў прайшлі ператрусы, якія зладзіў КДБ. Яны канфіскавалі ўсё, што маглі. І тады я зразумела, што вяртанне будзе небяспечным. Спадзявалася, як і шмат якія беларускія медыйнікі, што затрымаюся ненадоўга. Так я і засталася ва Украіне. Адразу моцна перажывала, але абжылася ў Кіеве, прызвычаілася. Там працягвала працаваць над сайтам, наведвала шматлікія імпрэзы, супрацоўнічала з Украінскім саюзам журналістаў. Адчувала сябе спакойна, але жыла з думкамі, што хутка дадому.
А калі пачалася вайна, то спачатку нават і не збіралася з’язджаць. Я разумела, што вайна — гэта таксама праца для журналіста, і ў мяне не было ніякага страху. І толькі на просьбу блізкіх і сяброў з БАЖ на трэці дзень пасля пачатку вайны я пастанавіла паспрабаваць выехаць з Кіева. Я жыла каля Жулянаў. Вайна імкліва набліжалася да майго дому.
— Калі спусцілася ў метро, каб даехаць да вакзалу, і пабачыла дарослых і дзетак, якія туляцца на нейкіх падсцілках на бетоне, шмат хто быў з жывёлінамі, адчула сябе няўтульна, нейкім здраднікам. З’явілася моцнае жаданне вярнуцца з метро, застацца. Але лёс захацеў распарадзіцца інакш.
На вакзале людзей было бітком. У мяне ніякіх квіткоў, як і жадання з’язджаць. Я выйшла на вуліцу, загучала паветраная трывога… Людзі пабеглі хавацца ў метро. Я страху не адчувала, стаяла і глядзела. Надумала вяртацца ў кватэру, але перад гэтым паглядзець расклад. Якраз у гэты момант аб’явілі цягнік на Львоў і мяне проста натоўпам вынесла на перон. Гэта быў жах. Развярнуцца фізічна не было магчымасці, я трапіла ў электравік, і за мною зачыніліся дзверы. Падумала, што, значыцца, так і трэба. З перону тыя, хто не трапіў у цягнік выратавання, грукалі ў дзверы, ахоўнікі стралялі ў паветра… Была такая цісканіна, што пасажырам рабілася кепска… Да Львова я даехала літаральна на адной назе. Са Львова сотню з лішнім кіламетраў да мяжы з Польшчай дабіраліся амаль содні. Гэты быў самы цяжкі шлях у маім жыцці.
Свабода слова — гэта як паветра
— Свабода слова — яна як хлеб: была і будзе. І калі цяпер прапагандысты частуюць людзей печывам, то такое не можа працягвацца доўга. А ў нас ёсць будучыня. Бо нават трава прабіваецца скрозь асфальт, калі шукае выйсце. Так і мы: працуем, наколькі магчыма ва ўмовах пераследу, але акумулюем свае сілы, бо, калі вернемся дадому, яны нам вельмі спатрэбяцца.
Чытайце яшчэ:
«Гэты рэжым я перажыву». Расказваем пра асуджаную на «хімію» Аксану Колб
«Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку
Алег Гаруновіч: «Часам мы марым пра нейкія подзвігі, але забываемся пра невялікія крокі»