Як павіншаваць палітзняволеных з каляднымі святамі? 5 спосабаў ад праваабаронцаў «Вясны»
Колькасць палітзняволеных у Беларусі хутка перойдзе за мяжу ў 1500 чалавек. Сотні беларусаў, якія не пагадзіліся з дзеяннямі ўлады, апынуліся ў месцах зняволення. Праваабаронцы «Вясны» заклікаюць віншаваць палітвязняў са святамі і ствараць ім святочны настрой за кратамі любымі магчымымі спосабамі.
Лісты
Лісты салідарнасці — глыток свабоднага паветру для вязняў. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі зняволеным. Даслаць можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці і письмо.бел. Не забывайце класці пустыя канверты, маркі і паперу, каб яны змаглі адказаць на лісты салідарнасці.
Калі не ведаеце каму напісаць, то скарыстайцеся рандомным пошукам палітзняволеных на нашым сайце. Прозвішчы вязняў можна шукаць на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Для старту неабходна перайсці па спасылцы і націснуць на «Выпадкова абраць аднаго палітзняволенага».
Тэлеграма
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце падпісвацца, каб яны ведалі ад каго дайшла вестка.
Пасылка
Даслаць пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Але зрабіць гэта можна толькі тым вязням, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. Чым можна парадаваць вязняў за кратамі, знойдзеце ў практычным дапаможніку ад «Вясны».
Грашовы перавод
Можаце зрабіць грашовы перавод, каб палітвязні змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы. У СІЗА‑1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у астатнія можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Гэта таксама тычыцца толькі тых вязняў, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Інструкцыю знойдзеце ў вялікім дайджэсце па дапамозе палітвязням.
Дапамога для сям’і
Акрамя гэтага, Фонд Беларускай Салідарнасці BYSOL абвесціў калядную акцыю «Трэба цуды? Зробім цуды!». Мы можам дапамагчы мамам і татам, якія цяпер не могуць быць побач са сваёй сям’ёй, падарыць іх дзецям святочную атмасферу і на імгненне быць побач са сваімі дзецьмі. Падтрымаць фінансава збор можна па спасылцы.
Чытайце яшчэ:
Бязмежная салідарнасць: гайд па падтрымцы палітвязняў з‑за мяжы
Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай