• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

    Апошнім часам пачалася новая хваля затрыманняў. Прычым падобна, што фота з мітынгаў былых пратэстоўцаў знаходзяць у іхніх жа смартфонах. Распавядаем, як іх вычысціць.

    Рэчы, якія варта зрабіць перад выдаленнем фота, калі вы хочаце сябе абараніць (асабліва калі вы ў Беларусі) — гэта спачатку выдаліць фота з сацыяльных сетак, пасля пачысціць месенджары, а пасля праверыць вашы лайкі. Яшчэ лепш ведаць, як вычысціць ботаў у тэлеграме і як сілавікі знаходзяць карыстальнікаў там.

    Цяпер пачынайце выдаляць фота. Важна звярнуць увагу на ўсе альбомы і не забыцца пра схаваныя альбомы. Пасля прайдзіцеся па ўсіх альбомах яшчэ раз і асабліва звяртайце ўвагу на загружаныя з месенджараў фота і папкі са скрыншотамі.

    А каб не згубіць фота, ёсць два бяспечныя варыянты:

    • загрузіце іх на файлаабменнік (да прыкладу, даволі бяспечным лічыцца Drop­me­files, у якім ёсць вельмі гнуткія налады бяспекі, і Anon­files). Папрасіце чалавека за мяжой спампаваць іх і захоўваць у сябе;

    • загрузіце іх у воблака і папрасіце перахоўваць пароль чалавека, якому вы давяраеце, а яшчэ лепш — няхай ён створыць акаўнт для вас, вы скінеце туды фота, а пасля ён памяняе пароль (сярод бяспечных і бясплатных — Mega і Nord­Lock­er). Пасля загрузкі фота ў воблака, выдаліце воблачны дадатак і паведаміце чалавеку, у якога будуць захоўвацца фота. Таксама, каб не згубіць фота, чалавек мусіць хаця б час ад часу заходзіць у акаўнт, іначай яго выдаляць.

    Гэтую схему можна ўзмацніць, калі вы дадасце фота ў запаролены архіў, які можа стварыць амаль любы смартфонны архіватар (на айфонах, да прыкладу, працуе Archives, а для андроідаў — B1). Тады нават чалавек, які перахоўвае фота, не будзе ведаць, што на іх.

    Але ў кожнай з мабільных сістэмаў ёсць свае асаблівасці — распавядаем пра іх.

    Android

    Па-першае, пасля выдалення фота яны не выдаляюцца, а пераносяцца ў папку «Нядаўна выдаленыя». Назва ў некаторых мадэлях адрозніваецца (у Xiao­mi па-беларуску яна называецца «Сметніца»), але гэты альбом заўсёды знаходзіцца ў самым нізе ўкладкі «Альбомы» ў стандартнай галерэі. Гэтую папку варта ачысціць цалкам.

    Па-другое, важна ведаць, што выявы вельмі часта застаюцца ў кэшы і даных праграм, якія могуць праглядаць выявы. Яны захоўваюць іх зменшаныя копіі дзеля таго, каб паказваць іх хутчэй — і часта іх можна ўзнавіць менавіта так, з дапамогай нават бясплатных праграм.

    Мае сэнс выдаляць кэш усіх праграм, праз якія вы праглядалі фота ці відэа. Каб выдаліць кэш, зрабіце наступнае:

    • зайдзіце ў «Налады», а пасля знайдзіце налады праграмаў (Apps, «Праграмы» ці нешта падобнае, у розных мадэлях па-рознаму),

    • там абярыце налады ўсталяваных праграм (таксама могуць мець розныя назвы: Installed appli­ca­tions, «Кіраванне праграмамі» ці нешта падобнае),

    • знайдзіце там праграмы, якія трэба вычісціць, — абавязкова зрабіце гэта для праграм, якімі вы праглядалі фота,

    • далей таксама абярыце нешта падобнае на кіраванне памяццю. У Xiao­mi, да прыкладу, гэта называецца «Сховішча», у англамоўнай версіі — Stor­age. Назвы падобныя ва ўсіх тэлефонах,

    • пасля выдаліце ўсе даныя, якія магчыма. У некаторых выпадках гэта выкіне вас з акаўнтаў, да якіх прывязаная праграма, але звычайна гэтага не здараецца.

    Таксама спраўдзіце, ці не сінхранізуюцца вашы фота з Google Pho­tos, калі ў вас усталяваная гэтая праграма. Для гэтага:

    • зайдзіце ў Google Pho­tos (або проста Pho­tos),

    • націсніце на аватар вашага профілю,

    • абярыце Pho­tos set­tings > Back up & sync,

    • далей спраўдзіце, ці выключаная сінхранізацыя.

    Пасля праверце, ці не захаваліся пратэсныя фоты ў вашым Google-акаўнце. Для гэтага ў Pho­tos праглядзіце яшчэ раз усе альбомы. Пасля выдалення не забудзьцеся вычысціць альбом Bin (або Trash у Google Dri­ve), які мае значак смеццевага коша.

    Пасля выдалення фота лепш прайсціся па вольнай памяці тэлефона праграмай, якая зацірае вольную памяць. Для гэтага добра пасуе бясплатная праграма iShred­der, у якой ёсць функцыя Wipe free space.

    iOS

    Каб канчаткова выдаліць фатаграфіі або відэа, выдаліце іх з альбома «Нядаўна выдаленыя». Аднавіць фатаграфію, выдаленую з гэтага альбома, немагчыма:

    • адкрыйце праграму «Фота» (Pho­tos) і перайдзіце на ўкладку «Альбомы» (Albums),

    • знайдзіце альбом «Нядаўна выдаленыя» (Recent­ly Delet­ed) і націсніце «Выбраць» (Select),

    • выберыце фатаграфіі або відэа, якія вы хочаце выдаліць, або націсніце «Выдаліць усе» (Delete All),

    • націсніце кнопку «Выдаліць» (Delete) яшчэ раз для пацверджання.

    Фатаграфіі, якія вы дадалі пры падключэнні прылады да камп’ютара, немагчыма выдаліць з прылады непасрэдна ў праграме «Фота». Калі вы бачыце шэрую кнопку кошыка пры спробе выдаліць фатаграфію на iOS, можа спатрэбіцца спыніць сінхранізацыю фатаграфій з камп’ютара — тут ёсць дапаможнік па тым, як гэта зрабіць.

    Таксама на айфонах па змоўчанні ўключаны сервіс iCloud Pho­to Library. У яго захоўваецца частка фота і відэа з вашага смартфона — праверце, што ў ім знаходзіцца і ці не сінхранізаваліся туды «пратэсныя» фота. А каб яго адключыць, зрабіце наступнае:

    • на iPhone перайдзіце ў «Налады» (Set­tings) > «Налады iCloud» (iCloud Set­tings),

    • у наладах iCloud націсніце «Фота» (Pho­tos),

    • калі вы хочаце, каб вашы фатаграфіі заставаліся на прыладзе, абярыце «Загружаць і захоўваць арыгіналы» (Down­load and Keep Orig­i­nals). Затым адключыце iCloud Pho­tos з дапамогай тумблера.

    Мы папрасілі каментар пра тое, што рабіць з сінхранізацыяй і ці варта яе адключаць, у ініцыятывы Cyber­Beaver, якая дапамагае беларусам з лічбавай бяспекай:

    «Негатыўны бок сінхранізацыі напраўду існуе, і не толькі з прывязанымі да тэлефона воблачнымі сховішчамі. Напрыклад, тая ж сітуацыя працуе з What­sApp, які можа рабіць бэкап дыялогаў у воблака, што значыць — бэкапы можна дастаць і прачытаць, калі іх не адключыць.

    Аднак часам сінхранізацыя можа быць важная, напрыклад, для карыстальнікаў тэхнікі Apple, дзе ўсё, пачынаючы ад нататак, сінхранізуецца праз iCloud. Важна знайсці баланс, а не ўсляпую адключаць сінхранізацыю для ўсяго. Больш за тое, важна зразумець, ці патрэбная рассінхранізацыя таму ці іншаму карыстальніку, бо чалавек можа рабіць толькі фатаграфіі катоў і пірагоў. Або стала пісаць нататкі. Тады рассінхранізацыя будзе моцна перашкаджаць.

    Але калі казаць бліжэй да тэмы пра фатаграфіі, то так, звычайна на тэлефонах, асабліва на iPhone, аўтаматычна наладжаная сінхранізацыя ў воблачнае сховішча. Больш за тое, звычайна туды ляцяць бэкапы не толькі фатаграфій, але і пароляў з key­chain. І калі нешта выдаляецца з тэлефона, не абавязкова яно будзе выдаленае з воблака. Мы б рэкамендавалі ацаніць уласныя рызыкі і адключыць сінхранізацыю тых рэчаў, якія не павінны быць сінхранізаваныя.

    Праблемы з сінхранізацыяй дзве:

    • воблака можна ўзламаць аддалена (рашэннем будзе надзейны пароль і двухфактарная аўтэнтыфікацыя),

    • інфармацыя, выдаленая на тэлефоне, можа заставацца ў воблаку (тады можна або рассінхранізаваць яго, або ўручную правяраць інфармацыю і падчышчаць з воблака).

    Аднак, як заўсёды бывае з лічбавай бяспекай, толькі рассінхранізацыя і зачыненне сацсетак не вырашае праблемы, бо апошнія навіны паказваюць, што інфармацыю можна таксама дастаць з закрытых акаўнтаў праз архівы. Ці, напрыклад, на тэлефоне можа захоўвацца адчувальная інфармацыя, якую можна знайсці і без рассінхранізацыі. Ці інфармацыю можна дастаць праз перапіскі ці кэш тэлеграма.

    У двух словах: тэма сінхранізацыі цікавая і сапраўды можа выклікаць праблемы ў некаторых выпадках, аднак мы заклікаем глядзець на сітуацыю больш комплексна і разглядаць адключэнне сінхранізацыі як адно з рашэнняў, якое мае альтэрнатывы».

    Чытаць яшчэ: 

    Я тебя спрячу. Telegram-бот «Гретель» для активистов

    Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў

    Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

    Telegram і не толькі — як правільна пачысціць месенджары, каб не трапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

    Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці