Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў
Нядаўна стала вядомая ўразлівасць Telegram — можна даказаць, што вы скарысталі бота, нават калі вы ўжо даўно ім не карысталіся. «Кіберпартызаны» прапануюць рашэнне гэтай праблемы.
Калі коратка, то праблема ў наступным: што б вы ні рабілі з ботам, стандартныя кліенты Telegram паказваюць, што вы ім карысталіся. Гэта стала падставай для завядзення шматлікіх справаў супраць пратэстоўцаў і людзей, якія рэгістраваліся ў плане «Перамога».
Да таго ж, боты, якімі вы некалі карысталіся, заўжды паказваюцца ў пошуку. І калі ўвесці ў пошукавы радок слова bot, то вы пабачыце ўсіх ботаў, у якія вы некалі пісалі. А ўсе выдаленыя і заблакаваныя боты можна пабачыць па шляху «Налады > Прыватнасць і бяспека > Заблакіраваныя карыстальнікі». Іх жа пабачаць і сілавікі ў выпадку затрымання.
Складанасць яшчэ і ў тым, што гэтая магчымасць яўна не апісаная ў API самога Telegram. Але «Кіберпартызаны» вынайшлі рашэнне праблемы, хоць і не ідэальнае. Каб выдаліць усіх ботаў, зрабіце наступнае (інструкцыя працуе найлепш для камп’ютарнай версіі Telegram):
1. Разблакуйце ў чорным спісе ўсіх ботаў.
2. Увядзіце слова bot у радку пошуку Telegram.
3. Абярыце бот, які трэба выдаліць назусім. У акне дыялогу з ім націсніце тры вертыкальныя кропкі і абярыце «Ачысціць гісторыю».
4. Зноў увядзіце слова bot у радку пошуку Telegram. Націсніце на той жа самы бот правай кнопкай мышы і абярыце «Выдаліць чат».
5. Пачакайце каля сутак. Увесь гэты час не шукайце ботаў у радку пошуку! Пасля гэтага робат павінен канчаткова выдаліцца.
Ёсць нюанс: гэтага можа не адбыцца. Калі спроба правалілася, паўтарыце ўсе пункты нанова — «Кіберпартызаны» кажуць, што праз пару спробаў гэта дакладна атрымаецца.
Удакладненне для Android: калі вы выдаляеце дыялог з ботам на тэлефоне, бот з’яўляецца ў вашым чорным спісе. Разблакуйце адтуль усіх ботаў пасля выдалення. Яны знаходзяцца па шляху: «Налады > Прыватнасць і бяспека > Заблакаваныя карыстальнікі».
Заўвага для iOS: там выдаленне працуе дрэнна. Уладальнікам тэхнікі Apple лепш выдаляць ботаў праз вэб-версію Telegram (https://telegram.org/dl/webk). Але замест «Ачысціць гісторыю» адразу выбірайце «Выдаліць чат».
У далейшым не абірайце пункт «Спыніць і заблакаваць бота» (гэта стандартнае дзеянне, калі вы проста выдзяляеце бот і спрабуеце яго выдаліць). Замест гэтага дзейнічайце па прыведзенай вышэй інструкцыі.
Мы запыталіся іншых экспертаў і ініцыятывы, якія займаюцца кібербяспекай: больш надзейнай і простай інструкцыі яны не вынайшлі, а Telegram даволі доўгі час ігнаруе праблему.