• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як афіцыйныя мэдыя Беларусі асьвятляюць расейска-ўкраінскі канфлікт у Азоўскім моры

    У расейска-ўкраінскім канфлікце з захопам трох украінскіх вайсковых суднаў у Керчанскай пратоцы інфармацыя з экранаў дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў у большасьці выпадкаў аказалася працягам інфармацыйнай палітыкі Масквы.

    АНТ апэлюе да зьвестак ФСБ Расеі

    У паведамленьні пра навіну на АНТ расказваецца пра тое, што ў шэрагу рэгіёнаў Украіны на 30 дзён уводзіцца ваеннае становішча.

    Аднак далей спасылкі толькі на расейскія крыніцы.

    «У нядзелю, як паведамляе ФСБ Расеі, тры караблі Вайскова-марскіх сілаў Украіны парушылі расейскую мяжу. Яны не рэагавалі на патрабаваньні аб спыненьні, судны затрымалі з ужываньнем зброі. Уначы ў Нью-Ёрку прайшло экстранае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, якое склікалі з ініцыятывы двух бакоў — украінскага і расейскага. Крымінальныя справы пасьля інцыдэнту заведзеныя і ў Кіеве, і ў Маскве», — адзначаецца ў сюжэце АНТ.

    Украінскія караблі «Бярдзянск», «Яны Капу» і «Нікапаль», захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры

    СТБ спасылаецца на неназваныя крыніцы

    Распавядаючы пра ўвядзеньне ва Ўкраіне ваеннага становішча, тэлеканал СТБ у праграме «24 гадзіны» згадаў перадгісторыю канфлікту з адсылкай на неназваныя крыніцы. Вэрсія атрымалася выразна прарасейскай.

    «Нагадаем, сытуацыя абвастрылася пасьля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы. Тры караблі Вайскова-марскіх сілаў Украіны ўвайшлі ў часова закрытую расейскую акваторыю і некалькі гадзін рабілі манэўры, не рэагуючы на патрабаваньні расейскіх памежнікаў. У выніку апошнім давялося ўжыць сілу», — давёў гледачам тэлеканал СТБ.

     

    «Беларусь‑1» палохае зрывам прэзыдэнцкай кампаніі

    Спробу больш ураўнаважанай, але далёкай да нэўтральнай падачы дэманструе «Беларусь‑1». У выніковай праграме «Панарама» 26 лістапада расказалі, што расейскі бок затрымаў два бранякатэры і буксір, якія належаць Вайскова-марскім сілам Украіны. Удакладнілі, што, паводле заяваў Масквы, інцыдэнт у Керчанскім праліве — сплянаваная правакацыя Кіева. Кіеў жа абвінавачвае ў агрэсіі Маскву. Пры гэтым, як і ў выпадку з АНТ і СТБ, бяз згадак пра шэсьць параненых украінскіх маракоў.

    А потым — рэакцыя праціўнікаў ваеннага становішча ва Ўкраіне перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2019-га: «На час дзеяньня ваеннага становiшча могуць абмяжоўваць свабоду СМІ, дзейнасьць палітпартый, забараняць акцыі пратэсту — усё тое, з чаго складаецца выбарчая кампанія. Кандыдаты ня змогуць весьці паўнавартасную агітацыю. І нават калі ваеннае становішча не падоўжыць, 2–3 месяцы занадта мала для раскруткі, але дастаткова, каб на хвалі ваеннай гістэрыі ў перадвыбарным рэйтынгу лідэры і аўтсайдэры памяняліся месцамі», — падсумоўвае «Беларусь‑1».

    Прыводзячы камэнтары, дзяржаўны тэлеканал працытаваў двух прадстаўнікоў расейскіх уладаў і толькі аднаго — украінскай. Апроч таго, «Панарама» дала слова двум украінскім экспэртам, аднолькава крытычным да афіцыйнага Кіеву.

     

    БелТА цытуе ўкраінцаў і расейцаў

    Дзяржаўнае агенцтва БелТА імкнецца захоўваць нэўтральнасьць пры асьвятленьні канфлікту. Расказваючы перадгісторыю канфлікту, БелТА спасылаецца як на прэс-цэнтар камандаваньня Ваенна-марскіх сілаў Украіны, так і на калег з расейскага ТАСС, якое ў сваю чаргу спасылаецца на зьвесткі ФСБ Расеі.

    Але вытрымліваць бесстароннасьць у дзяржаўнага агенцтва атрымліваецца не заўжды. У паведамленьні пра транспартаваньне захопленых украінскіх суднаў у Керч БелТА спасылаецца толькі на цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі і памежнае ўпраўленьне ФСБ у Крыме.

     

    Прэзыдэнцкая газэта вызначылася ўзважанай пазыцыяй

    Прэзыдэнцкая «Беларусь сегодня» (да нядаўняга часу «Советская Белоруссия»), як і БелТА, апісвае канфлікт у Азоўскім моры праз цытаваньне афіцыйных пазыцый Украіны і Расеі. Нароўні з расейскай вэрсіяй пра ўкраінскую «правакацыю» падаецца інфармацыя пра шэсьць параненых украінскіх маракоў і агрэсіўныя дзеяньні памежных караблёў Расеі супраць украінскіх суднаў.

    Выданьне апэлюе і да міжнародных экспэртаў: «Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе Марцін Сайдзік і старшыня Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Эртурул Апакан заявілі, што занепакоеныя сытуацыяй у Азоўскім моры, і заклікалі бакі да стрыманасьці», — піша «Беларусь сегодня».

    Колькі грошай ідзе зь бюджэту на дзяржаўныя мэдыя

    На ўтрыманьне дзяржаўных СМІ ў 2019 годзе з рэспубліканскага бюджэту заплянавана выдаткаваць амаль 63 млн эўра (151211151 рублёў). Гэта вынікае з праекту Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год», які выклала на сваёй старонцы Face­book дэпутатка Ганна Канапацкая.

    Гэта на чвэрць больш, чым было выдзелена на дзейнасьць дзяржаўных мэдыя ў 2018 годзе.

    На тэлебачаньне і радыёвяшчаньне з агульнай сумы прадугледжана выдаткаваць каля 53,9 млн эўра (129 699 385,0 руб), на пэрыядычны друк і выдавецтвы – каля 2,8 млн эўра (6 799 298,0 руб), на «іншыя пытаньні ў галіне СМІ» – 6,1 млн эўра (14 712 468,0 руб).

    Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 2018 год у бюджэце для дзяржаўных СМІ было прадугледжана каля 48 млн эўра (каля 113 млн рублёў), 2017 – каля 47 млн эўра, 2016 – каля 45 млн эўра, 2015 – каля 60 млн эўра, 2014 – каля 52 млн эўра, 2013 – каля 60 млн эўра, 2012 – каля 45,5 млн эўра, 2011 – каля 54 млн эўра, 2010 – каля 40 млн эўра, 2009 – каля 64 млн эўра.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці