«Яго фатаграфіі былі заўсёды крутымі»: у Вільні адкрылася выстава Уладзіміра Парфянка
У Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча пачала працу выстава фатаграфій Уладзіміра Парфянка «Віленскі альбом». Праект у гонар выбітанага беларускага фатографа, які пайшоў з жыцця некаторы час таму, зладзіў яго сябра і калега, куратар, фатограф Андрэй Антонаў.
На вернісаж у музей прыйшло каля 50 чалавек. (Агульнае фота не размяшчаем з прычыны небяспекі для наведвальнікаў).
На адкрыцці праекта выступілі Андрэй Антонаў, а гэтаксама паплечніца Уладзіміра Парфянка, фатографка, эколаг Ірына Сухій.
Ірына Сухій разам з Уладзімірам Парфянком была навучэнкай славутых «студый» пад куратарствам фатографа і педагога Валерыя Лабко. Менавіта выпускнікі тых самых «Студыі‑2» і «Студыі‑3» пры Народным фотаклубе «Мінск» змянілі падыход да творчай фатаграфіі ў Беларусі, убачыўшы ў ёй інструмент асэнсавання, а не ўзнаўлення рэальнасці. Яны пачалі ствараць фатаграфію, якую потым замежныя куратары ахарактарызавалі як «новая хваля» беларускай фатаграфіі 1980‑х – 1990‑х.
— Уладзімір Парфянок — быў яскравым прадстаўніком «новай хвалі», — распавяла пра свайго калегу Ірына Сухій. — Яшчэ з пачатку нашай вучобы яго фатаграфіі былі заўсёды крутымі. У яго было шмат планаў. І мы нядаўна з ім перапісваліся, збіраючыся пагутарыць пра ўсе гэтыя планы. Яго сыход — вялікая страта для беларускай фатаграфіі.
На выставе «Віленскі альбом» прадстаўленыя фатаграфіі з вялікай серыі Уладзіміра Парфянка «Фрагменты быцця», створанай у 1987–1988 гадах. Гэта той цыкл, які, на думку настаўніка фатографа Валерыя Лабко, сведчыў пра нараджэнне Аўтара. Серыя ўяўляе сабой фатаграфіі вулічных сцэн у розных гарадах — у Мінску, Вільні, Рызе, Каўнасе… Уладзімір пісаў, што ў гэтым цыкле ён абапіраўся на метад «вырашальнага моманту» Анры Карцье-Брэсона.
Андрэй Антонаў разам з Уладзімірам Парфянком планавалі зрабіць выставу фатаграфій з гэтага цыклу ў Вільні. Для праекта выбіраліся фатаграфіі з жыцця сталіцы Літвы. Сыход Уладзіміра толькі падкрэсліў важнасць гэтага праекта.
Ірына Сухій паведаміла, што ў планах Уладзіміра Парфянка была праца над архівамі.
— Мяркую, што ўсе беларускія фатографы з надзеяй марылі пра архівацыю сваёй творчасці і яе пераасэнсаванне, — дадала яна. — І цяпер нам трэба гэтым заняцца і дапамагчы тым, хто можа гэта зрабіць у пэўнай ступені.
Выстава будзе працаваць у зале Віленскага Беларускага Музея да 28 лютага 2024 года.
Уладзімір Парфянок — беларускі фатограф, педагог, куратар, культурніцкі дзеяч. У фатаграфію прыйшоў у 1980‑я. Адзін са слухачоў “Студыі‑3” пры фотаклубе “Мінск”, ён патрапіў у эпіцэнтр творчага асяродку, створанага культавым педагогам і фатографам Валерыем Лабко. Адсюль, са “Студыі‑3”, фатограф бярэ творчую свабоду і прагу да эксперыментаў, а таксама любоў да фатаграфіі як інструменту самаідэнтыфікацыі і пошуку. Прадстаўнік «новай хвалі» беларускай фатаграфіі ў 1980‑х – 1990‑х. Адзін з заснавальнікаў і куратар Галерэі візуальных мастацтваў NOVA. Куратар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея-майстэрні Заіра Азгура.
Працы Уладзіміра Парфянка знаходзяцца ў калекцыях Museet for Fotokunst «Brandts Klaedefabrik» (Данія), Det Kongelige Bibliotek (Данія), Інстытута імя Гёте (Балгарыя), ef-Galeria (Польшча), Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра Росфота (Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея РБ, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў РБ ды іншых прыватных зборах Беларусі, Расіі, Даніі, Фінляндыі, Германіі, Бельгіі, Францыі.
Фатограф пайшоў жыцця ў Мінску 12 студзеня ад разрыву аорты.
Чытайце яшчэ:
Штучны інтэлект пакуль не заменіць журналістаў, затое можа ім дапамагчы. Даем лайфхакі
«У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі, займацца». Гісторыя Яўгена Сухаверха — у выразах, пачутых ад сілавікоў
Журналіст-«экстрэміст» Яўген Валошын: «Неабходна ўзмацняць медыя і ўплыў на людзей у Беларусі. Там сітуацыя набліжаецца да таталітарнай кропкі»