«У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі, займацца». Гісторыя Яўгена Сухаверха — у выразах, пачутых ад сілавікоў
Журналіст-фрылансер з Маладзечна Яўген Сухаверх ужо двойчы адбыў адміністрацыйны арышт у 2023 годзе за фота з нацыянальнымі сцягамі Беларусі ў сацыяльных сетках. Блогер вядзе аўта-мота блог на сайце Tribuna.com «Гоначная псіхапатыя» і тэлеграм-канал на гэтую ж тэматыку, але вымушаны быў пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі. Яўген распавёў «Вясне» пра свой шлях скрозь рэпрэсіі праз выразы, пачутыя ад сілавікоў — участковага, міліцыянтаў, кэдэбэшнікаў.
«Поверь, это самое легкое, что я могу для тебя сделать»
Увечары 14 верасня 2023 года сілавікі прыйшлі да Яўгена дадому. Прычынай стала яго фота ў «ВКонтакте» з бел-чырвона-белым сцягам з Дня Волі 2019 года. На руках моцна зашпілілі кайданкі. А калі Яўген паскардзіўся на гэта, то ўчастковы міліцыянт Арцём Аляксандравіч Манід сказаў:
«Поверь, это самое легкое, что я могу для тебя сделать».
«Проста потым, аналізуючы гэтыя падзеі, і стаўленне канкрэтна Маніда да канкрэтна мяне, я пабачыў, што ён проста нікуды не дзенецца з гэтай «падводнай лодкі”, ён проста выконвае гэтую працу, але там усе ўчастковыя такія людзі паднявольныя. Адзін з іх потым сказаў: «У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі займацца», — успамінае Яўген. — То бок ім гэта самім не прыемна, але вось яны мусяць… Напрыклад, Манід, я адчуваў, нейкай агрэсіі персанальна да мяне не мае. Проста вось яму трэба было гэтую чорную працу выканаць».
Ужо потым Арцём Манід нават выбачаўся перад маці Яўгена:
«Як мне маці расказвала, ён падыйшоў да яе і сказаў: «Я не думаў, што так усё атрымаецца”».
Участковы прыйшоў да Яўгена разам з трыма ці чатырма сілавікамі (дакладна хлопец не памятае). На ўсіх іх былі апранутыя бронекамізэлькі. Маці Яўгена спытала ў сілавікоў, навошта ім яны:
«Яна як бы з такім ужо сарказмам тыпу: “Прыперліся тут такога сур’ёзнага злачынцу вінціць». Хтосьці з іх адказаў: «Адзін з іх, Зельцэр, аднаго з кэдэбэшнкаў застрэліў. Якога вы сына выхавалі!»
У Яўгена забралі ўсю тэхніку: сістэмны блок з маніторам і клавіятурай, а таксама мабільны тэлефон і флэшку. Пераапрануцца з хатняй вопраткі яму не далі.
«Я бы его в Жодино или на Окрестина отправил, был бы вшивый змагар»
Яўгена адвезлі ў Маладзечанскі РАУС. Варта адзначыць, што ў хлопца — доўгія валасы. Спачатку ён ляжаў тварам у падлогу ў нейкім памяшканні, таму толькі чуў, як яго цкавалі з‑за гэтага:
«Гэта іх была, напэўна, любімая тэма. Таму што кожны з міліцыянтаў, хто звяртаў на гэта ўвагу, намякаў, што ў іх разуменні, калі ў мужыка даўгія валасы, то ён абавязкова не такой арыентацыі — гомасэксуал, калі падабраць карэктнае слова. Такія былі намёкі ва ўсіх. Або такія — адзін нейкі прыходзіў і пабачыў даўгія валасы, і сказаў:«Я бы его в Жодино или на Окрестина отправил, был бы вшивый змагар». Выказаў такое стаўленне, што паколькі я змагар у яго разуменні, я і павінен быць вшывы, бо я супраць іх дзяржавы, супраць іх дзяржаўнага ладу выступаю, таму вось такі я і павінен быць».
А яшчэ Яўгена дапытвалі два кэдэбэшнікі, адзін з якіх быў лысы.
«Адзін звярнуў увагу на тое, што я не знаходжуся ні ў якіх рамантычных стасунках, і пажартаваў, у яго разуменні, астравумна… Ён спытаў, ці ёсць у мяне дзяўчына. І калі я адказаў, што не, ён сказаў: «Ооо, кулачок — наш друг»».
«Данный гражданин неоднократно высказывался против действующей власти»
На наступны дзень над Яўгенам правялі суд анлайн. Там прысутнічаў і Манід, але блогер так і не зразумеў, у якой якасці. Манід сказаў суддзі:
«Поступили сведения, что данный гражданин неоднократно высказывался против действующей власти».
«Калі я правільна памятаю, ён спаслаўся на нейкіх суседзяў, што гэта нібы яны данеслі да яго на нас, — кажа Яўген. — Хаця там у нас суседзяў паўтары чалавекі. І наўрад ім надта цікавыя нашыя погляды».
«Я проста за сябе скажу, што калі ў 1995 годзе (мне было 10 гадоў толькі) быў рэферэндум, калі вярнулі сімволіку гэтую напалову савецкую, ужо тады я ўсё зразумеў сваім дзіцячым мозгам, што ўсё пайшло не туды. Таму, можна сказаць, што з таго часу ў мяне такое стаўленне. Ну і потым быў 1996 год з разгонам Парламенту і абнуленне тэрміну (Лукашэнкі), 2004… Толькі яшчэ раз паказала, што я меў рацыю».
Дарэчы, Манід так і казаў падчас першай сустрэчы з Яўгенам 14 верасня:
«Што напісаць? Што ты тут з 2000‑х змагар?»
Суддзя Аляксей Іршын прысудзіў Яўгену 15 сутак паводле артыкула 24.23 КаАП.
«Па тваім артыкуле наогул асобы рэжым» і «Будзем з вамі гімн вучыць»
Старшы змены ў Маладзечанскім ІЧУ сказаў Яўгену: «Па тваім артыкуле наогул асобы рэжым».
«А гэта значыць, што вывады з камеры толькі ў кайданках, і што тры разы за ноч ты будзеш мусіць падняцца, назваць, хто ты такі, дату нараджэння і артыкул свой, — узгадвае Яўген. — І сказаць напрыканцы, калі ты яшчэ не ведаеш свайго пакарання, то «да суда». А калі ведаеш пакаранне, то кажаш, колькі табе сутак».
У камеры не было матрацаў і пасцельнай бялізны. У такіх ўмовах утрымліваліся ўсе палітычныя.
«Літаральна пару разоў такое было, што да нас прыйшоў адзін малады падпалкоўнік. І ён такі на нас (на мяне і яшчэ аднаго сукамерніка, які быў за палітыку) наезд зрабіў:
«Будем сегодня с вами гимн разучивать», а то вы кшталту распаясаліся і трэба любіць радзіму ў іх разуменні».
«Там у нас человек, который на Донбассе воевал»
Праверкі (гэтак званыя шмоны) у палітычных былі штодня некалькі разоў на дзень і тры разы на ноч, распавядае блогер.
«Падчас адной з праверак шманаюць, і адзін з калідорных (у асноўных яны былі сяржанцкага, максімум прапарскага звання) кажа: «Вот, надо их подвести к той камере, там у нас человек, который на Донбасе воевал».
Быццам бы мы тут… Відаць, у іх разуменні мы ж абавязкова значыцца за Украіну, а значыць і за нацызм у іх разуменні. І адзін яшчэ кажа: «Там люди воюют против тех, кто наши деревни сжигал, а вы тут на себя свастики накалываете». Хаця ні на ком з нас свастыкі не было, акрамя аднаго чалавека непалітычнага…»
Як кажа Яўген, зняволеныя ў Маладзечанскім ІЧУ дзяліліся на палітычных і непалітычных. Але былі і такія непалітычныя, каго прыраўнялі да палітычных — таму яны ўтрымліваліся ў такіх жа ўмовах. Сярод іх — чалавек са свастыкай на назе.
«Ён трапіўся на нейкім дробным крадзяжы ў краме нейкага сырка ці то пашцету, — тлумачыць Яўген. — І калі яго ўзялі, то пабачылі, што ў яго татуіроўка ў выглядзе свастыкі — па-маладосці набіў. Яго за гэтую свастыку прыраўнялі да палітычных».
«Захоўвай цішыню падчас выбарчай кампаніі»
Напрыканцы тэрміну Яўгена ізноў прывялі да лысага кэдэбэшніка.
«Яго цікавіла, ці ёсць «з такімі, як у вас, поглядамі, кантакты ў тэлефоне, да якіх варта прыйсці», — тлумачыць Яўген. — Як мяне да яго завялі, ён адразу спытаў у мяне:
«Как сидится?»
Я кажу: «Ну, нармальна».
Ён адказвае: «Ну раз нормально, так, может, еще посидишь?»
Я адказваю: «Дома все же таки сидеть лучше».
Пытае мяне: «Когда выходишь?»
«В пятницу».
«Вот сейчас мы посмотрим, выйдешь ли ты в пятницу». І пачаў мяне апытваць па кантактах з тэлефона, хто гэты такі, хто гэта такая, што можаш там пра таго ці пра гэтую сказаць. Вось такога зместу была размова».
«Очень плохо, если те, о ком шла речь, узнают, что о них шла речь», — папярэдзіў напрыканцы лысы кэдэбэшнік.
А яшчэ нешта ўзгадаў пра выбарчую кампанію. Я не памятаю, ці ён казаў пра прэзідэнцкую, ці тую, якая будзе ў лютым, але ён узгадаў, каб я захоўваў цішыню падчас яе, каб нідзе не выказваў сваіх думак і нікога да нічога не заклікаў, — кажа Яўген. — Яшчэ ён дадаў: «Может никого и не задержим по этой инфомации». Ён можа паспрабаваў супакоіць. Таму што і я даваў такую інфармацыю, якую яны і так ведаюць, ён, дарэчы, яшчэ потым сам сказаў: «Я тебе такие вопросы задавал, я сам и так всё знаю, мы тебя проверяли, что ТЫ нам скажешь». Таму я і разумеў, што я правільна рабіў, што я казаў толькі тое, што і так агульнавядомае».
«Ну что, теперь в Польшу не велосипеде поедешь?»
Напрыканцы тэрміну Яўгена адзін падпалкоўнік звярнуўся да яго падчас адной з праверак:
«Ну што, Сухаверх, теперь в Польшу не велосипеде поедешь? Ты же нашу страну не любишь. Наша страна тебе не нравится».
«Натуральна, што я змаўчаў, таму што разумеў, што любое маё слова можа зараз моцна пагоршыць мой стан, — кажа Яўген. — А я хацеў выйсці, таму сказаў: “Не ведаю, што буду рабіць”. Але па-сапраўднаму я б яму сказаў: “Я‑то можа і ў Польшчу, і на веліку паеду, але наогул перада мной будзе адкрыты вольны цывілізаваны свет, а перад табой будзе Паўночная Карэя».
«Уся сістэма пабудаваная так, што ты сябе намагаешся апраўдаць, але закопваеш усё болей»
Пасля 15-ці сутак — зноў «вэлкам бэк ту хэлл», як кажа Яўген. 12 кастрычніка 2023 года хлопца прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за фота з бел-чырвона-белымі сцягамі ў «Фэйсбуку» — з вулічных акцый жніўня 2020 года ў Маладзечне. Суддзя Алег Лагачоў анлайн і без сведкаў асудзіў яго на 28 сутак. Яўген спрабаваў абараніцца:
«Уся сістэма пабудаваная так, што ты сябе намагаешся апраўдаць, але закопваеш усё болей».
Чаму?
«Фоткі, якія маглі б мяне прывесці да такіх непрыемнасцяў, я павыдаляў у першы ж вечар, як і выйшаў [пасля сутак]. Але яны проста раней нарабілі скрыншотаў. І хоць бы я іх выдаліў год таму — яны сёння гэтыя фоткі прад’явяць і скажуць, што знайшлі іх сёння. І ты ніяк не дакажаш адваротнае. А калі паспрабуеш, то, натуральна, заблытаешся ў сваіх паказаннях і закапаеш сябе яшчэ глыбей. Не ведаю, ці штосьці дапамагло з таго, што я намагаўся апраўдацца, бо ў суддзі гэты прысуд быў напісаны яшчэ да таго, як гэты працэс пачаўся. Бо абодва разы (па адманістрацыйных справах) на мяне гэтыя матэрыялы даў КДБ. Таму я думаю, што з КДБ адразу распарадзіліся, колькі мне прысудзіць. І абараняцца неяк, і даказваць сваю невіноўнасць не было ніякага сэнсу».
Як кажа Яўген, другі яго адміністрацыйны тэрмін нічым не адрозніваўся па ўмовах утрымання ад першага:
«Яны ведаюць, што ніхто старонку не перагортваў, што ўсе добра памятаюць 2020 год, і што пратэсныя настроі ў грамадстве захоўваюцца. Мы бойку за сваю Беларусь яшчэ не прайгралі, і нам трэба змагацца далей», — адзначае Яўген.
Сілавік на «сутках»
Аднойчы адзін былы сілавік і выкладчык крымінальнага права ў каледжы прывёў сваіх студэнтаў на экскурсію ў Маладзечанскі РАУС, які знаходзіцца побач з ІЧУ, дзе сядзеў Яўген. А па выхадзе адтуль супрацоўнікі РАУС яго паклікалі і… затрымалі. Прычынай сталі фота з адной з беларускіх акцый у Вільні, які той выкладчык неяк зрабіў.
Чытайце яшчэ:
Сярод 20 беларускіх экспертаў, у дачыненні да якіх адкрытая «спецвытворчасць», — тры прадстаўнікі медыясферы
«Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?
Барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова прызналі палітзняволеным