Журналіста Андрэя Толчына МУС унёс у спіс «экстрэмістаў», а ВС адхіліў яго скаргу на прысуд
24 траўня Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Андрэя Толчына. Суддзя ВС Аляксей Рыбакоў пакінуў у сіле вырак суда першай інстанцыі — два з паловай гады пазбаўлення волі ў з адбыццём у папраўчай калоніі.
Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце сілавога ведамства 31 траўня. У пераліку «асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» пазначана, што відэааператар-фрылансер ужо «адбывае пакаранне».
21 сакавіка суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прызнаў Андрэя Толчына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: па ч. 1 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Журналіст-фрылансер за кратамі ўжо 8 месяцаў. Яго затрымалі летась 27 верасня ў Гомелі. Спачатку Толчына змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень, 28 верасня, у кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы следчыя патлумачылі, што ператрус праводзіўся «ў межах справы за экстрэмізм». Яшчэ праз некалькі дзён затрыманага журналіста перавялі ў гомельскі СІЗА‑3.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Толчына палітычным вязнем.
Вельмі доўгі час не былі вядомыя прычыны ягонага затрымання і змяшчэння пад варту. Поўны пералік артыкулаў, якія, на думку следства, парушыў журналіст, быў названы толькі ў раскладзе судовых пасяджэнняў Гомельскага абласнога суда. Разгляд справы гомельскага відэааператара ў судзе першай інстанцыі працягваўся амаль два тыдні, за гэты час на патрабаванне пракурора суддзя Дзмітрый Казлоў зняў з Толчына абвінавачанне паводле артыкула 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якое прад’яўляў Следчы камітэт.
Хто такі Андрэй Толчын?
Андрэй Толчын — досыць вядомая асоба ў Гомелі, і яго ведаюць не толькі як журналіста-фрылансера, але і як даўняга грамадскага актывіста. У 1990 годзе ён быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадскога савета, за гады свайго дэпутацтва Андрэй Толчын спрыяў беларусізацыі абласнога цэнтра, падтрымліваў адкрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
У прыватнасці, адной з ягоных заслуг з’яўляецца стварэнне незалежнай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», якая на пачатку 1990‑х падтрымлівала дэмакратычныя змены ў грамадстве. Толчын быў і сябрам ліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час быў кіраўніком гарадской партыйнай структуры. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў.
Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, за гэта яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У 2020 годзе Толчына таксама прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне мірных пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Журналіста затрымлівалі і ў 2021 годзе — каля гомельскага СІЗА, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка. На судзе Андрэй Толчын заяўляў, што меў на сабе бэйдж, дзе было напісана, што ён фрылансер і паводле Канстытуцыі мае права збіраць інфармацыю. Свае віны ён тады не прызнаў. Аднак суд палічыў журналіста вінаватым і за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве пакараў яго адміністрацыйным штрафам. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у Андрэя Толчына ўсю тэхніку — штатыў, камеру, карткі памяці ды мікрафон.
13 ліпеня Андрэю Толчыну споўніцца 65 гадоў. Падчас зняволення ў немаладога ўжо чалавека абвастрыліся хранічныя захворванні, ён пакутуе на гіпертанію і мае праблемы з перасоўваннем праз боль у нагах.