• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэааператару Андрэю Толчыну прысудзілі два з паловай гады калоніі

    Два з паловай гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — такі вырак агучыў сёння суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў, які ўжо неаднойчы судзіў жыхароў гомельскага рэгіёна па палітычна матываваных крымінальных справах.

    Андрэй Толчын

    Андрэй Толчын. Фота з уласнага архіва

    Суд прызнаў журналіста Андрэя Толчына вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць фрылансера трыма гадамі пазбаўлення волі.

    Судовы працэс над відэааператарам-фрылансерам распачаўся 5 сакавіка, цягам яго на патрабаванне пракурора, суд зняў з відэааператара абвінавачанне паводле артыкула 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якое прад’явіў Следчы камітэт.

    Андрэя Толчына ужо амаль паўгода трымаюць за кратамі ў следчым ізалятары. Яго затрымалі летась 27 верасня, за колькі дзён да гэтага памерла ягоная родная сястра, якой ён апекаваўся падчас яе цяжкай хваробы. Спачатку Толчына змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень, 28 верасня, у кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус і забралі  камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы следчыя патлумачылі, што ператрус ладзіўся «ў межах справы за экстрэмізм». Яшчэ праз некалькі дзён затрыманага журналіста перавялі ў гомельскі СІЗА‑3.

    Вельмі доўгі час улады не паведамлялі прычыны затрымання і змяшчэння пад варту. Ад пачатку праваабаронцы і калегі меркавалі, што супраць Андрэя Толчына магла быць распачатая справа паводле часткі 1 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Потым з’явіліся звесткі, што яго вінавацяць паводле арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

    Аднак поўны пералік артыкулаў, якія, на думку следства, парушыў відэааператар, быў названы толькі ў раскладзе судовых пасяджэнняў Гомельскага абласнога суда. Стала вядома, што Толчыну высунулі абвінавачанне паводле трох крымінальных артыкулаў.

    16 лістапада 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Толчына палітычным вязнем. Падчас зняволення  ў 64-гадовага відэааператара істотна пагоршыўся стан здароўя, з якім у мужчыны сур’ёзныя праблемы: ён пакутуе ад гіпертаніі і мае хворыя ногі — падчас абвастрэння хваробы ён нават не можа хадзіць. 

    У Гомелі Андрэя Толчына ведаюць не толькі як журналіста-фрылансера, але і як даўняга грамадскага актывіста. У 1990 годзе ён быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадскога савета 21 склікання, і гэта быў першы і апошні дэмакратычна абраны савет горада. За гады свайго дэпутацтва Андрэй Толчын спрыяў беларусізацыі абласнога цэнтра, падтрымліваў адкрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, адной з ягоных заслуг з’яўляецца стварэнне незалежнай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», якая на пачатку 1990‑х падтрымлівала дэмакратычныя змены ў грамадстве. Толчын быў і сябрам ліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час быў кіраўніком гарадской партыйнай структуры. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў.

    Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, за што яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У 2020 годзе Толчына прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

    Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА‑3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка. Усе відэазапісы ў фрылансера тады забрала міліцыя, прычым падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі пашкодзілі яму нагу. На судзе Андрэй Толчын заяўляў, што меў на сабе бэйдж, дзе было напісана, што ён фрылансер і паводле Канстытуцыі мае права збіраць інфармацыю. Свае віны ён тады не прызнаў. Аднак суд палічыў журналіста вінаватым і за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве пакараў Андрэя Толчына адміністрацыйным штрафам. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у Андрэя Толчына ўсю тэхніку — штатыў, камеру, карткі памяці ды мікрафон.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці