• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выпісвае «Прессбол», заняты на дрэваапрацоўцы. Як адбывае жорсткі тэрмін Андрэй Аляксандраў

    Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў за дапамогу рэпрэсаваным па выніках масавых пратэстаў-2020. Беларускай асацыяцыі журналістаў сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці адсідкі палітвязня ў папраўчай установе № 1 Наваполацку. 

    Як і ў выпадку з бальшынёй «палітычных», сувязь з журналістам абмежаваная: збольшага стабільнае ліставанне толькі з самымі блізкімі сваякамі, астатняя карэспандэнцыя фільтруецца ці наогул блакуецца.

    Стала вядома, што Андрэй Аляксандраў працуе ў цэху дрэваапрацоўкі. З досведу іншых вязняў калоніі, якія пасля выхаду дэманстравалі разліковыя лісткі, месяцовы заробак там рэдка перавышае некалькі рублёў — фактычна сумы хопіць толькі на адзін раз нешта купіць у «каланіяльнай» краме.

    Хто даўно ведае Андрэя Аляксандрава, абазнаны, што ён зацяты спартовы тэарэтык і практык. Сапраўдная «энцыклапедыя» разнастайнай статыстыкі, асабліва што тычыцца англійскай футбольнай Прэм’ер-лігі і ўлюбёнага клуба «Ліверпуль». Ужо за турэмнымі мурамі «Валадаркі» адданы заўзятар перастварыў на беларускую мову камандны гімн You’ll Nev­er Walk Alone.

    У футбол на аматарскім узроўні ўсё жыццё гуляў сам — падчас журналісцкіх турніраў абараняў гонар інфармагенцтва БелаПАН, дзе ў свой час быў адным з кіраўнікоў. 

    Каб не адставаць ад навін, у калоніі ён выпісвае спартыўнае выданне «Прессбол», фактычна гэта адзіная магчымасць атрымліваць адносна аператыўную інфармацыю.

    Акрамя таго, для падтрымання фізічнай формы ў графіку абавязковыя зарадка і практыкаванні. Вядома, што пасля арышту Андрэй Аляксандраў моцна схуднеў. Агулам палітвязень трымаецца бадзёра і не губляе ўласцівага толькі яму тонкага пачуцця гумару.  

    Сёлета ў студзені Андрэй Аляксандраў адзначыў 45-гадовы юбілей — ужо  трэці запар дзень нараджэння за кратамі.

    Ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ўрэшце засяродзіўся на журналістыцы. Кар’еру пачынаў у наваполацкай газеце «Хімік», дарос да намесніка дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Цягам  2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў. 

    Атрымаў і міжнародны досвед: мае ступень магістра медыяменеджменту Вэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане, працаваў у праваабарончых арганізацыях Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Нягледзячы на добрыя перспектывы за мяжой, вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, затым перайшоў на дамову як медыякансультант. 

    Рыхтаваўся ўзаконіць адносіны з Ірынай Злобінай, выпускніцай факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. На той момант яна развівала ўласны бізнес — краму кветак, заняткі па фларыстыцы. Наўрад ці тады хтосьці мог уявіць, што стварэннем сям’і давядзецца займацца за кратамі. 

    Усё рухнула, калі пасля пратэснага 2020-га рэжым абвясціў вайну грамадзянскай супольнасці. Разгром незалежных медыяў суправаджаўся мэтанакіраванымі затрыманнямі, прыйшлі таксама па дзейных і былых  адміністратараў БелаПАН.

    На пачатку студзеня 2021 года «за падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках» (так класіфікавалі дапамогу з аплатай штрафаў пацярпелым ад гвалту сілавікоў) схапілі Андрэя Аляксандрава і яго дзячыну Ірыну Злобіну. У жніўні іх лёс падзялілі Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў, да суда ўсіх утрымлівалі ў СІЗА № 1 Мінска.   

    Летась 6 кастрычніка суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме агучыў тэрміны пакарання для абвінавачаных па «справе БелаПАН». Андрэй Аляксандраў зарабіў найбольшы тэрмін — 14 гадоў калоніі, Ірына Злобіна — 9 гадоў, Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў, Ірына Леўшына — 4 гады. Акрамя таго, усім прызначылі буйныя штрафы, у прыватнасці, Андрэю Аляксандраву больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце. 

    Спробы абскардзіць невытлумачальныя па сваёй жорсткасці выракі ў Вярхоўным судзе плёну не мелі. 

    Яшчэ да разгляду апеляцыі Андрэя Аляксандрава перавялі ў СІЗА № 2 Віцебска, а якраз пад дзень нараджэння этапавалі ў наваполацкую папраўчую калонію № 1.

    Чытайце яшчэ:

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    Ці ўратуе псіхічнае здароўе пазбяганне сур’ёзных навін?

    У Мінску пачалі судзіць палітвязня за самвыдат «Веснікі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці