• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшаў на волю гомельскі відэааператар Андрэй Толчын

    Журналіст-фрылансер Андрэй Толчын трапіў у лік  37 чалавек, памілаваных паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі ад 16 верасня. Пра вызваленне Андрэя Толчына паведамляе t.me/parlamentbel.

    гомельскі відэааператар Андрэй Толчын выйшаў на волю

    Андрэй Толчын. Фота з уласнага архіва

    Сёлета ў сакавіку гомельскага відэааператара асудзілі да двух з паловай гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён адбываў прысуд у магілёўскай ПК-15.

    21 сакавіка 2024 года суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прызнаў журналіста-фрылансера вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 367 Крымінальнага Кодэкса (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Спроба Андрэя Толчына абскардзіць гэтае рашэнне плёну не прынесла. 24 траўня Вярхоўны суд не задаволіў ягоную апеляцыйную скаргу: суддзя Аляксей Рыбакоў пакінуў у сіле вырак суда першай інстанцыі.

    31 траўня імя і прозвішча журналіста з’явілася ў пераліку «асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў РБ.

    Першапачаткова супраць яго распачалі крымінальную справу паводле трох крымінальных артыкулаў. Разбор у Гомельскім абласным судзе працягваўся амаль два тыдні. У выніку на патрабаванне пракурора было знята абвінавачанне паводле артыкула 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), якое прад’яўляў Следчы камітэт.

    За кратамі Андрэй Толчын адбыў практычна год: яго затрымалі летась 27 верасня ў Гомелі. Спачатку журналіста змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На наступны дзень, 28 верасня, у яго кватэры сілавікі правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы следчыя патлумачылі, што ператрус праводзіўся «ў межах справы за экстрэмізм». Яшчэ праз некалькі дзён затрыманаму журналісту прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў гомельскі СІЗА. Пасля разгляду справы ў Гомельскім абласным судзе і няўдалай спробы абскардзіць вырак суду першай інстанцыі сёлета ў канцы траўня Толчына этапавалі ў ПК-15.  Там 65-гадовы палітвязень адбыў тры з паловай месяцы.

    Хто такі Андрэй Толчын

    Да затрымання і зняволення Андрэй Толчын у якасці відэааператара цягам апошніх гадоў супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі Гомельшчыны. За гэта яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачваннях. У 2020 годзе Толчына прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне паслявыбарчых пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці