Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу на прысуд аўтарам Regnum
Сёлета 2 лютага аўтараў расійскага інфармацыйнага сайта Regnum Юрыя Паўлаўца, Сяргея Шыпценку і Дзмітрыя Алімкіна пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады за распальванне варожасці на нацыянальнай глебе у складзе групы асобаў (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Аўтары Regnum, якія больш за год правялі за кратамі падчас следства, не згадзіліся з прысудам і падалі апеляцыйныя скаргі.
12 чэрвеня ў Вярхоўны суд прыйшлі толькі двое асуджаных — Юрый Паўлавец і Сяргей Шыпценка, хоць скаргі на прысуд падавалі ўсе трое.
У зале разам з журналістамі паўтара дзясятка чалавек. Апеляцыйную скаргу разглядае судовая калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах, у працэсе таксама ўдзельнічае прадстаўнік пракуратуры Савановіч.
Працэс пачаўся з разгляду хадаўніцтваў, якія падавалі адвакаты асуджаных. У прыватнасці пра тое, каб дапытаць у судзе ўсіх сябраў Рэспубліканскай экспертнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі, якая ў свой час прызнала артыкулы рэгнумаўцаў экстрэмісцкімі.
Таксама адвакаты хадайнічалі дапытаць у судзе былых міністра і намесніка міністра інфармацыі Лілію Ананіч і Уладзіміра Матусевіча, а таксама экспертаў, у тым ліку праз відэасувязь з Масквы.
Але суд адмовіў задаволіць гэтыя хадайніцтвы.
Пасля разгляду хадайніцтваў судовая калегія перайшла да разгляду матэрыялаў крымінальнай справы і апеляцыйных скаргаў Алімкіна, Паўлаўца і Шыпценкі.
Аўтары “Рэгнума” ў сваіх скаргах сцвярджаюць, што іх артыкулы не былі экстрэмісцкімі, не распальвалі варожасць. Таксама звяртаюць увагу на парушэнні ў правядзенні крымінальнага следства і судовага працэсу, якія, на іх думку, мелі месца.
Магчымасць выказацца займелі і самі асуджаныя. Першым гэтым правам скарыстаўся Юрый Паўлавец.
Ён настойвае, што артыкулы яго аўтарства з’яўляюцца навуковымі і ўсе тэзы ў іх падмацаваныя спасылкамі на адпаведную навуковую літаратуру. Зрэшты, спасылкі на навуковую літаратуру ўзгадвала і следства.
Юрый Паўлавец звяртае ўвагу на тое, што самі яго артыкулы па-ранейшаму не прызнаныя экстрэмісцкімі і доступ да іх у інтэрнэце не абмяжоўваўся.
Паўлавец, як і раней, гаворыць смела і востра. Заяўляе пра ілжывыя сведчанні экспертаў, сур’ёзныя парушэнні на папярэднім працэсе, падробку дакументаў падчас следства.
Асуджаны спасылаецца на канкрэтныя старонкі крымінальнай справы. Бачна, што аўтар падрабязна вывучаў матэрыялы і словы сведкаў на працэсе ў Мінскім гарадскім судзе.
Паўлавец выступаў больш за 40 хвілін. Суддзі некалькі разоў перапынялі яго, але ўсё ж далі магчымасць дагаварыць.
Наступным выступаў Сяргей Шыпценка. Ён пачаў выступ з зачытвання артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, якія даюць гарантыю кожнаму на выказванне сваёй думкі.
— Але нашы канстытуцыйныя правы і свабоды былі нахабна праінгараваныя. Нас пераследавалі за наяўнасць уласнага меркавання. Нанесеныя вялізныя страты нам, асуджаным, а таксама аўтарытэту дзяржаве і дзяржаўных органаў, — заявіў Шыпценка.
Шыпценка адзначыў, што не атрымліваў ніякіх грошай за свае публікацыі. Але не бачыць нічога супрацьзаконнага ў тым, што журналіст ці блогер атрымлівае грошы за свае публікацыі. Гэта такая ж праца, як праца суддзі ці пракурора.
Сяргей Шыпценка таксама заявіў пра падробку дакументаў на папярэднім следстве і аднабаковы разгляд справы ў Мінскім гарадскім судзе.
Напрыканцы выступу Шыпценка згадаў ахвяраў Курапатаў.
— Людзі ў Курапатах былі забітыя за тое, што іх пазіцыя чымсьці не падабалася тагачасным уладам. А пачыналася ўсё з пераследу іншадумства, што мы бачым і сёння, — сказаў Шыпценка.
Пасля “рэгнумаўцаў” выступалі іх адвакаты.
— У Беларусі створаны жахлівы прэцэдэнт, калі матэрыялы нават не прызнаныя экстрэмісцкімі, не заблакаваныя, а іх аўтары атрымалі крымінальныя выракі. А на лаве падсудных апынуліся прадстаўнікі інтэлектуальнай эліты. Інтэлектуальная эліта была пад вартай 14 месяцаў па вельмі спрэчных абвінавачаннях, — прагучала ў прамове адваката Ігнаценка.
Адвакат адзначыла кепскую працу папярэдняга следства па справе і задала рытарычнае пытанне, чаму пасля працэсу над “рэгнумаўцамі” свае пасады згубілі Ананіч і Матусевіч: «Ці не шмат супадзенняў?».
Пасля абедзеннага перапынку ў судзе выступіла адвакат Юрыя Паўлаўца Хрысціна Марчук. Яна таксама назвала шэраг парушэнняў, якія, на яе думку, былі дапушчаныя следствам і судом першай інстанцыі. Адвакат мае прэтэнзіі да працы Рэспубліканскай камісіі па выяўленні праяваў экстрэмізму пры Мінінфарме, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і іншых органаў.
Як і іншыя ўдзельнікі працэсу, Крысціна Марчук лічыць некаторыя дакументы справы сфальсіфікаванымі, бо подпісы адных і тых жа асобаў на іх відавочна адрозніваюцца. Адвакат лічыць, што ў падчас працэсу ў Мінскім гарадскім судзе правы публіцыстаў на абарону былі істотна парушаныя, адвакатам не давалі задаваць неабходныя пытанні экспертам.
Адвакат выступала амаль паўтары гадзіны.