• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Івашына аб шлюбе праз краты: «Ён шкадуе, што шмат працаваў, а я перастала на тое злавацца»

    Ён — за кратамі. Яна — у выгнанні. Так адзначылі трэція ўгодкі шлюбу гродзенцы Дзяніс і Вольга Івашыны. З трох гадоў сямейнага жыцця амаль палову яны правялі ў растанні. Пра адкрыцці і пачуцці шлюбу ў растанні, пра ўсведамленне сям’і і каштоўнасць адносін Вольга расказала для ТГ-канала “Тётя Ира разрешила”.

    Да гадавіны вяселля Вольга напісала пост у сацсеткі і адправіла мужу ліст. Больш нічога. “Усе нашы гадавіны і падзеі адзначым разам, калі Дзяніс будзе на волі”, — кажа яна. 

    “Магчыма, ён мяне выпрабоўваў”

    На вясельных фота маладая сям’і Івашыных — пара ў вышываных строях. Белыя і чырвоныя кветкі ў валасах маладой, белыя і чырвоныя стужкі на варотах з маладых галінак. Вольга ўзгадвае, што строі замаўлялі ў вядомай майстрыхі з Мінска, што ездзілі некалькі разоў на прымеркі і забіралі замову літаральна за некалькі дзён да вяселля. Увесь гэты час пара рыхтавалася і да царкоўнага шлюбу: 

    “З падрыхтоўкі да вянчання шмат важнага даведаліся. Неяк сабе ўяўлялі ўсё гэта, але з пазіцыі царквы было дзіўна на некаторыя рэчы глядзець —  нават мне, верніцы са стажам”, — расказвае Вольга. — Я разумела, што значыць шлюб. Але калі прагучалі гэтыя словы,  што ад вянчання да смерці вы разам у вечнасці … Раней я пра гэта чытала, гэта адно. Калі ж ў храме гучыць, што так ёсць, гэта па-іншаму ўсё ўспрымаецца”.

    Вольга расказала, што яны знаёмыя з Дзянісам ад 2014 года. На пытанне, чаму ж так доўга цягнулі са шлюбам, смяецца: 

    “Трэба пра гэта ў Дзяніса спытаць! Звычайна ён хоча ўсё зрабіць дзіўным і цудоўным, мо праз тое адкладваў ды рыхтаваўся. А можа мяне хацеў праверыць”. 

    Шлюб — калі ўсё стала па-сапраўднаму

    “Усё нейкім стала сапраўдным, — так апісвае Вольга галоўныя змены жыцця ў шлюбе. — Нібыта раней адносіны былі дзіцячыя, а потым рэзка — ўсё сур’ёзна. Я адчула, што мы сталіся нечым агульным, адным цэлым. Ад гэтага моманту хацелася рабіць для яго ўсё, што магу”.
    Гэтае “што магу” было для Вольгі ў штодзённым клопаце і звыклых справах: 

    “Што я рабіла? Гатавала для яго нешта смачнае. Пірагі пякла. З ягадамі, ці з шакаладам. Супы варыла. Дзяніс любіць мае супы — такія густыя, з усім, чым толькі можна. Прывучала яго хоць нешта есці раніцай, бо раней ён практычна ніколі не снедаў”. 

    Як пацеркі, перабірае Вольга дробныя ўспаміны з кароткага сумеснага жыцця: “Дзяніс п’е выключна зялёную гарбату. Разам з ім і я зялёную гарбату п’ю. Штовечар мы выходзілі гуляць у парк, ці глядзелі дома кіно. Дзяніс умее выбіраць добрыя фільмы. Не проста “галівуд” —  штосці  больш такое ўдумлівае, асэнсаванае”.

    Журналіст і расследвальнік Дзяніс Івашын ужо 1 год і 4 месяцы за кратамі. Яго арыштавалі ў сакавіку 2021 года і абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. У сакавіку 2022 КДБ выказаўся аб супрацы журналіста з украінскай выведкай. Дзяніс Івашын прызнаны палітычным зняволеным.

    “Без яго ўсё складана цяпер”

    Хаця лічыцца, што першы год самы цяжкі для маладой сям’і, па словах Вольгі, для іх ён не стаў выпрабаваннем:

    “Я толькі ўпэўнілася, што Дзяніс вельмі разумны, надзейны, адказны. І што вельмі моцна мяне кахае”.

    Пэўным адкрыццём стала для Вольгі якраз сіла ўласных пачуццяў:

     “Як сама яго кахаю, зразумела толькі, калі Дзяніса забралі. Да гэтага не ўсведамляла да канца. Прызвычаілася, што ён побач заўжды. Як яго не стала блізка, зразумела, як моцна мне не хапае яго прысутнасці, яго размоваў, штодзённага клопату. Без яго ўсё складана цяпер. Усё даводзіцца вырашаць самой. Часам — і за яго таксама”. 

    Той самы дзень

    “Мы канечне, цудоўна разумелі, што гэта можа некалі адбыцца. Але ж разумець і перажываць на яве — гэта розныя рэчы”, — кажа Вольга пра дзень, калі Дзяніса забралі. Гэты час застаўся ў яе памяці эмацыйным адбіткам: “Памятаю, што адчувала, але як гэта ўсё перадаць на словах?”
    Яна расказвае кароткімі фразамі: “Мяне не было ў хаце, калі яны прыйшлі, ездзіла ў царкву. Тут тэлефануе маці Дзяніса і кажа, што яго забралі-арыштавалі. Я паляцела. Прыязджаю, мяне з прыпынку ўжо сустракаюць двое. Паказваюць “корачкі”: “Вы жена? Пройдёмте”.

    Далей — ператрус і стандартныя абяцанкі “не хвалюйцеся, адпусцяць, ніхто яго трымаць не будзе”. 

    “Канечне, у гэта не верылася. Хацелася толькі, каб яны хутчэй сышлі. Але вобшук ішоў доўга — у нас куча кніг і кожную праглядалі, што там. Сышлі бліжэй да першай ночы, забралі частку кніг і тэхніку”.

    “І вось яны сышлі — я засталася адна. Села і думаю — што мне рабіць. Нічога не хочацца, нічога не трэба, што будзе далей — невядома. Не тое, што страх — апанавала крыўда нейкая на ўвесь сусвет. За тое, што адбываецца. І непаразуменне — чаму гэта адбываецца з намі”. 

    “501 дзень за кратамі, 6 дзён без лістоў … ”

    Ад затрымання Дзяніса Вольга лічыць дні — асобна дні мужа ў вязніцы і дні паміж звесткамі ад яго.

    “Гэта як мой спосаб барацьбы, — кажа яна.— Я мала магу што змяніць, але прынамсі, не выпускаю сітуацыю з‑пад увагі. Пастаянна сачу, што з ім адбываецца, як яго здароўе, як настрой”.

    Апошні ліст ад Дзяніса з віншавальнай паштоўкай да ўгодкаў шлюбу дайшоў усяго за тыдзень:

    “Супрацоўнікі гарадзенскай вязьніцы раптам выслалі мне віншавальную паштоўку і ліст ад Дзяніса ў надзвычай кароткія тэрміны. Паштоўка дасылалася да нашага трохгодздзя, 20 ліпеня, але, на жаль, не датаваная. То вось я й лічу, што перадаў ён яе не пазьней за 20‑е. У сваю чаргу я віншавала Дзяніса лістом, які, спадзяюся, да яго таксама дойдзе», — напісала Вольга на сваёй старонцы ў Face­book.

    Паштоўка Вользе Івашынай ад мужа да трэцяй гадавіны шлюбу. Гэту віншаванку яна называе скарбам:

    «Дзяніс цешыць мяне ня толькі прыемнымі словамі, але й прыгожым малюнкам гарадзенскага пабрыгіцкага храму, у якім мы бралі шлюб тры гады таму”.

    Па звестках Вольгі, агулам Дзяніс напісаў да яе каля 30 лістоў. Яна атрымала толькі палову 

    “Дзяніс піша, што сумуе, што гэта самае цяжкае выпрабаванне. Зазначае, што так мала мы пабылі разам. Піша, што пераасэнсаваў, што ёсць самым важным у жыцці і што зараз найбольш цэніць адносіны. Бо раней, калі мы былі разам, ён жа ўвесь час працаваў, заняты быў, пісаў свае артыкулы. На мяне не заўсёды часу хапала. І бывала, я на тое злавалася.

    Але самае дзіўнае, што ён шкадуе, а я зараз разумею важнасць ягонай працы і мяне гэта ўжо не злуе. Толькі страчанага сумеснага часу таксама шкада”.

    Каму экстрэміст, каму Дзяніска

    Трэція ўгодкі шлюбу называюць скураным вяселлем. За гэты час сувязь паміж сужэнцамі мелася стаць такой моцнай і трывалай, як скура. Вольга кажа, што насамрэч — так і спраўдзілася: 

    “Было некалькі разоў, што я перадавала нешта Дзянісу і ён потым пісаў, што вельмі усцешаны, бо атрымаў дакладна тое, пра што марыў. Нейкая гэта сувязь — яна дакладна існуе. Незразумелая, праз адлегласць, хоць мы так доўга адно аднаго не бачылі, я магу ў думках прачытаць, што ён хоча”.

    Вольга ўзгадвае, што муж называў яе сонейкам ці зайчыкам, а яна клікала яго Дзяніскам. Зараз ён менавіта так падпісвае свае лісты да жонкі —“твой Дзяніска” і па ранейшаму звяртаецца да яе  «сонейка».

    Тое, што мужа няма побач, не зусім так, разважае Вольга:

    “Пастаянна яго ўзгадваю, усе мае думкі звязаныя з ім — працую я ці адпачываю, што б ні рабіла, пастаянна думкі да яго схіляюцца”.  

    Муж таксама спрабуе праз краты і межы наблізіцца да Вольгі. У дзень народзінаў яна атрымала ад Дзяніса кветкі. Муж папрасіў сяброў павіншаваць яе ад свайго імя.

    У асноўным цяперашні лад сямейнага жыцця Вольгі — гэта ліставанне да мужа: 

    “Пішу яму усё, што са мной адбываецца. Яму ж цікава, бо там нічога не змяняецца. Пішу дзе я пабывала, з кім сустракалася. Стараюся прыгожа апісваць, каб яму было цікава чытаць. Ён радуецца, цешыцца, што ёсць хоць нейкія праявы звычайнага жыцця, а не увесь час думкамі у турме. Бо інакш атрымаецца, што увязнілі не толькі го, а ўсіх нас”.

                                                                      ***

    Па справе Дзяніса Івашына няма ніякіх навінаў. Следства скончана. Дакументы перададзеныя ў суд. Дата разгляду  не прызначана.

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Дзяніс Івашын. 500 дзён за кратамі

    “Не выкарыстоўваць чалавека для ўласнай прафесійнай карысці”: як працаваць з людзьмі пасля трагедыі

    Журналіст «Свабоды» Андрэй Кузьнечык: «Расказаў бы мне хто, што будзе ў 2022‑м, я б не паверыў»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці