• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі відэаблогер Віталь Усціновіч паведаміў, што ідзе ў суд і знік. Верагодна, яго пакаралі «суткамі»

    Пра абвінавачанні ў несанкцыянаваным пікетаванні блогер з Віцебска Віталь Усціновіч распавёў у сваім канале на YouTube. Паводле Усціновіча, першымі днямі лютага яго затрымалі міліцыянты і склалі пратакол паводле артыкулу 24.23 Адміністрацыўнага кодэкса, бо на старых відэа знайшлі ягоную аватарку з бел-чырвона-белым сцягам.

    Суткі відэаблогер правёў у ІЧУ, а потым яго адпусцілі з позвай у суд на 13 лютага. Па дарозе ў суд Першамайскага раёна Віцебска ён і запісаў на відэа свае разважанні пра тое, што здарылася:

    «Напісалі, нібыта я мітынг праводзіў. Канешне, я гэтага не рабіў. Здавалася б, нікуды не лез, здымаў толькі рыбалку, падарожжы і дэгустацыю кансерваў. Адваката я не стаў браць, бо наўрад ці ў маёй сітуацыі гэта дапаможа. Ну, што зробіш! У такія часы нялёгкія жывём. Трэба і гэта перажыць».

    Апошні відэаролік, які з’явіўся на канале Віталя Усціновіча, зрабілі і размясцілі, падобна, самі міліцыянты. Там ёсць фрагменты так званага «пакаяльнага відэа», дзе блогер гаворыць, што пакідаў каментары на «забароненых» сайтах і здымаў відэаролікі «пра Шоўшэнку».

    «Дзед Шоўшэнка» — гэта персанаж з вусамі і сіпатым голасам, які прэтэндуе на тое, што лепей за ўсіх разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы, культуры і ўвогуле ва ўсіх сферах жыцця. У ролі «дзеда Шоўшэнкі» выступаў сам відэаблогер. А яшчэ ён запачаткаваў гумарыстычную серыю «Ябатькины новости», дзе выкарыстоўваў фрагменты відэа з Ярмошынай, Азаронкам і іншымі пазнавальнымі асобамі.  Але ўсё гэта Віталь Усціновіч рабіў да сакавіка 2022 года. У той час яго затрымалі, канфіскавалі аргтэхніку, і ён публічна паведаміў сваім гледачам, што больш «не чапае жыццё краіны», а відэаролікі будзе здымаць выключна пра рыбалку, падарожжы па закінутых вёсках і дэгустацыю прадуктаў.

    Ад гэтага правіла ён не адступаў, хоць вострыя каментары ў ягоных відэароліках трапляліся. Прыкладам, здымаючы закінутыя дзіцячыя лагеры ці разбураныя хаты ў нежылых вёсках, ён неаднаразова падкрэсліваў, што «гэта адбываецца ў нашай стабільнай квітнеючай краіне».

    Ідучы на адміністрацыйны працэс у суд, Віталь Усціновіч паабяцаў сваім падпісчыкам, што абавязкова распавядзе працяг гісторыі пра высунутае яму абвінавачанне ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Аднак відэаролік пра гэта не выйшаў, адпаведна, можна меркаваць, што відэаблогер не мае магчымасці яго зрабіць і выкласці. Бо, найхутчэй, знаходзіцца пад арыштам.

    Чытайце яшчэ:

    «Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук

    «Я апынуўся ў камандзіроўцы ў гэтай сістэме зла». Першае інтэрв’ю блогера Сяргея Пятрухіна пасля эвакуацыі з Беларусі

    Магілёўскага відэааператара Яўгена Глушкова трымаюць у СІЗА і вінавацяць «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці