У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў Viber-чат, што меў дачыненне да незалежнага рэгіянальнага сайта «Першы Рэгіён»
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адбылося чарговае абнаўленне, да якога маюць дачыненне суды Брэсцкай вобласці. Так, 9 жніўня 2024 года ў Драгічыне мясцовы суддзя Мікалай Стасевіч разглядаў справу Viber-чата «Лепшы Рэгіён». Рабілася гэта паводле прапановы пракурора Драгічынскага раёна Вячаслава Баршча.
Viber-чат «Лепшы Рэгіен» быў створаны рэдакцыяй незалежнага інтэрнэт-сайта «Першы Рэгіён», які асвятляў грамадска-палітычнае жыццё ў Брэсцкай вобласці. Чат «Лепшы Рэгіён» з’явіўся ў 2022 годзе, калі «экстрэмісцкім» прызналі аналагічны чат у Viber пад назвай «Першы Рэгіён».
Сам сайт «Першы рэгіён» быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ ў снежні 2021 года. Тады ж улады заблакавалі доступ да яго наведвальнікам на тэрыторыі Беларусі.
Цягам 2022 года ў «экстрэмісцкі» пералік трапілі Viber-чат з назвай 1RegBY, Telegram-канал «Першы рэгіён», афіляваныя з выданнем акаўнты ў Facebook і Instagram. На пачатку 2024 года такі ж лёс напаткаў акаўнт у сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter), які таксама належаў інтэрнэт-выданню «Першы рэгіён». Viber-чат «Лепшы Рэгіён» апошнім часам не аднаўляўся, але гэта ўсё роўна дало падставы для суда ў Драгічыне прызнаць яго «экстрэмісцкім».
Паводле падлікаў праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года да сёння суды Брэсцкай вобласці прызналі «забароненымі» тыя ці іншыя пратэсныя чаты, каналы, інфармацыйныя сайты (і іншыя месцы ў інтэрнеце, а яшчэ кнігі) ужо 557 разоў.