• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вайна цалкам змяніла ўяўленні пра дабро і зло ў журналістыцы

    Маркеры патрыятызму і “адкрытасць” журналістаў з сепаратысцкіх тэрыторый.

    Папярэдні матэрыял “Журналісты ва Украіне: “Свабоды стала больш, але перыядычна пачынаецца цэнзура” мы скончылі на развагах пра “паслямайданаўскія” змены ва ўкраінскай журналістыцы рэдактара і вядучага радыёстанцыі “Вести” Валерыя Калныша. Ён казаў пра “зачыстку” ўкраінскай медыяпрасторы ад расійскіх СМІ і сыход вядучых журналістаў з прафесіі ў палітыку.

    Трэцяя адметнасць сённяшняга часу, на якую звяртае ўвагу Валерый, – у тым, што ў краіне засталося вельмі мала друкаваных грамадска-палітычных выданняў нацыянальнага маштабу — лічаныя адзінкі.

    “Друкаваная прэса вельмі моцна “схлопнулася”. Замест гэтага з’яўляецца безліч сайтаў з незразумелымі інвестарамі і задачамі. Гэта стварае “белы шум”, бо ты не ведаеш, каму можна давяраць, а каму — не. Сайты нікому не вядомыя, але іх шмат, і там пастаянна ўкідваюцца навіны сумнеўнай якасці. Гэта моцна размыла стандарты”, — кажа Валерый Калныш.

    Ну, і яшчэ адна рэалія ўкраінскіх медыя — алігархі.

    “Яны больш не баяцца прэзідэнта, могуць весці адкрытую інфармацыйную вайну. Гэта заўжды было, але не настолькі відавочна, як цяпер, калі ёсць дакладныя “водападзелы”: дзе — парафія Фірташа, дзе — група Каламойскага, дзе — група Пінчука. Яны высвятляюць адносіны паміж сабой, а закладнікамі разборак робяцца журналісты, што не спрыяе развіццю сапраўднай журналістыкі”, — наракае суразмоўца.

    Вайна цалкам змяніла ўяўленні пра дабро і зло ў журналістыцы

    Адыгрывае сваю ролю і вайна на Данбасе. Яна, паводле Валерыя, цалкам змяніла ўяўленні пра дабро і зло ў журналістыцы. І рэчы, якія здаваліся звыклымі і нармальнымі для журналіста яшчэ год ці два таму, зараз такімі не з’яўляюцца. Размова найперш пра неабходнасць даваць магчымасць выказацца ўсім бакам канфлікту.

    “Трэба прызнаць, што другі пункт гледжання стаў з’яўляцца ўсё радзей. Цалкам закрытая тэма прадстаўлення ў медыях пазіцыі кіраўнікоў акупаваных раёнаў Данбаса. Я кажу не пра рэпартажы адтуль, хоць іх таксама не вельмі шмат. Да прыкладу, калі ў СМІ ўзнімаецца тэма будучыні Данбаса, то вы нідзе не ўбачыце пазіцыю кагосьці з так званых лідараў ДНР/ЛНР. На іх распаўсюджваецца закон аб барацьбе з тэрарызмам — мы тэрарыстам слова не даём. Гэта азначае, што бок баевікоў мы не чуем. Мы не даём іх каментароў, не агучваем іх поглядаў”, — кажа рэдактар радыёстанцыі “Вести”.

    Атрымліваецца, што для сённяшняй украінскай журналістыкі стандарт “два бакі” ўжо не абавязковы. Да ўсяго, пасля сыходу аўтарытэтных людзей з журналістыкі ў палітыку пачала зніжацца планка якасці матэрыялаў і набранага “фактажу”.

    Нейкія адны суцэльныя мінусы! Няўжо не здарылася ніякіх станоўчых зменаў ва ўкраінскай “паслямайданаўскай” журналістыцы і медыяпрасторы? Ёсць і яны, кажа Валерый.

    “З’явілася грамадскае тэлебачанне. Там таксама ёсць вялікія пытанні да якасці працы, але тое-сёе станоўчае ёсць. Праўда, як я разумею, глядзіць гэтае грамадскае тэлебачанне (яно створанае на базе былога дзяржаўнага канала УТ‑1) не так шмат людзей. Але гэта праўда: мінусаў больш, чым плюсаў”, — расчароўвае журналіст.

    Што вызначае патрыятызм

    Ну, і заключны акорд размовы: ці змянілася стаўленне да рускамоўных СМІ ва ўкраінскім грамадстве? Паводле Валерыя, каля аднаго адсотка людзей сапраўды адмаўляецца ісці да іх на эфір, аргументуючы гэта моўным пытаннем. Маўляў, калі вы працуеце па-руску, дык “запраданцы”.

    “Але трэба разумець, што моўнае пытанне ва Украіне было неактуальнае да таго часу, пакуль яго не ўзнялі палітыкі. Таму мы і ў інфармацыйнай прасторы сябе спакойна адчуваем, і гаворым па-руску без нейкай перасцярогі. Вы паслухайце, на якой мове гавораць хлопцы ва ўкраінскім войску на Данбасе?  У пераважнай большасці па-руску. І таму зараз прыходзіць разуменне: не мова зараз з’яўляецца крытэрам патрыятызму.

    Відаць, трэба было перажыць вайну, каб зразумець, што рускамоўны можа быць такім жа патрыётам Украіны, як і той, хто гаворыць па-украінску”.

    СМІ Данбаса і расійскія каштоўнасці

    Разважаць пра будучае ўкраінскай журналістыкі мы з маімі суразмоўцамі пакуль не сталі. Ну, хаця б таму, што ўкраінцы ўпэўненыя – усё будзе добра! Але абмінуць у сваім “даследаванні” сітуацыю на медыяполі занятага сепаратыстамі Данбаса я не мог. Праўда, мае спробы пагутарыць з журналістамі, якія і сёння працуюць там, не далі выніку. Нават на ўмовах ананімнасці. Людзі банальна апасаюцца, што іх вылічаць па сказаным.

    Але ў мяне ёсць Яўген Ясенаў. Справа ў тым, што сам ён — з Данецка. Праўда, пасля пачатку канфлікту на тых тэрыторыях з’ехаў і зараз працуе ў Кіеве, але наўпроставы кантакт з былымі калегамі, што там засталіся, па-ранейшаму мае. І мае інфармацыю “з першых рук”. Дык ці ёсць там хоць нейкія СМІ цяпер?

    Па яго словах, акурат ў другой палове 2015 года на тых тэрыторыях з’явіўся шэраг новых СМІ, стварэнне якіх ініцыявалі органы мясцовай “улады”. У тым жа Данецку з’явіліся дзве новыя газеты, адна тэлекампанія і адна радыёстанцыя. Яўген Ясенаў кажа, што, да прыкладу, газета “Донецкое время” — даволі нармальнае выданне “для тых умоў, у якіх яны апынуліся”. Але ёсць там і СМІ, якія нібыта вярнуліся да нас з сярэдзіны 90‑х гадоў мінулага стагоддзя.

    “Гэта калі ад савецкіх стандартаў у журналістыцы пачалі адыходзіць, а да новых яшчэ не “прыбіліся”. Не скажу, што гэта нейкія “баявыя лісткі” ці савецкая прэса – яна пакідае іншае ўражанне. Людзі, якія працуюць у СМІ ў Данецку, звычайна лічаць правільным падкрэсліваць сваю прыналежнасць да “расійскіх каштоўнасцяў”. Проста таму, што ў іх яны бачаць адзіную падтрымку свету, у якім яны апынуліся”.

    Увогуле, кажа Яўген, СМІ на занятых сепаратыстамі тэрыторыях вызначаюцца “дээнэраўскім менталітэтам”. Яўген спрабуе патлумачыць мне, што гэта азначае: гэта сумесь “данбаскай самасвядомасці, супрацьстаянне Украіне і героікі прыфрантавога жыцця”. (Чымсьці мне гэта нагадала нашы беларускія “раёнкі” — друкаваныя органы мясцовай улады.)

    Якія зраблю высновы? Устрымаюся ад іх. Скажу толькі, што днямі прачытаў развагі расійскага калегі, які параўноўваў атмасферу працы журналістаў у Расіі і Турцыі. Маўляў, у Турцыі журналістаў пастаянна арыштоўваюць, кідаюць у турмы і ствараюць іншыя перашкоды ў працы, а ў Расіі — ні табе арыштаў, ні яшчэ чаго (ну, хіба пабіць невядомыя ў цёмным двары могуць). Тым не менш, па яго назіраннях, у Расіі справы з журналістыкай непараўнальна горшыя нават у параўнанні з той жа Турцыяй. З‑за ўсеагульнага страху і самацэнзуры сярод пераважнай большасці журналістаў, рэдактароў і выдаўцоў.

    У Беларусі на журналістаў часам справы заводзяць, судзяць і штрафуюць за выкананне прафесійных абавязкаў (пераважна фрылансераў). Але, калі становіцца зусім цяжка і з нейкай прычыны немагчыма працягваць працу на радзіме, нашы калегі-суайчыннікі ўсё часцей шукаюць працу менавіта ва Украіне.

    Такія вось справы, малята, як жартуюць ва ўкраінскім сегменце Face­book.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці