Васіль Калач: «Для Беларусі гэта неадпрацаваная карма — вярнуць памяць пра шляхту»
Васіля Калача многія ведаюць як вядучага праграмы «Сармат». Але гэта далёка не ўсё: актор, рэжысёр, выкладчык, фехтавальшчык, інструктар па турызме, нават — кантрабандыст... budzma.org паразмаўляла з Васілём пра гісторыю, тэатр, рэферэндум 1995 года, шляхту і — эміграцыю.
«Сармат» — тое, што мне цікава. Гэта нават не праца, а стан душы», — кажа Васіль. Гарадзенец. 43 гады. У эміграцыі — жыве ў Беластоку. Васіль прызнаецца, што не працаваў раней у відэа: аднойчы толькі запрашалі працаваць на дзяржаўны канал «ГродноТВ», але адмовіўся і не прыйшоў на запіс.
Воўк, бранхіт і «хвароба» на тэатр
Усё пачалося з дзіцячай траўмы. У садку прапанавалі граць ваўка ў «Чырвоным каптурку». Уаў! Гэта ж воўк — не зайчык! Мама пашыла касцюм, бабуля зрабіла маску, я вывучыў ролю… І — захварэў на бранхіт. Не трапіў. Магчыма, з гэтага ўсё і пачалося: «захварэў» на тэатр, а ўсё далейшае жыццё граю таго самага несыгранага ваўка…
На вёсцы — па-беларуску, у горадзе — па-расійску
Мне пашчасціла. На вёсцы ў бацькі размаўлялі па-беларуску. Не грэбавалі мову называць акурат беларускай, а не вясковай. Памятаю, задаў пытанне бацькам: «Чаму на вёсцы мы гаворым па-беларуску, а ў горадзе — па-расійску?» Бацькі адказалі, што беларуская — родная. А расійская аб’ядноўвае 15 саюзных рэспублік. ОК. Але з часам пытанняў ставала болей…
Дзе яно, беларускае сярэднявечча?
Са школьнай бібліятэкі мяне цяжка было выгнаць. «Выспа скарбаў», «Хобіт», «Дзікае паляванне»… Але мяне мучыла пытанне: чаму ў нас не было свайго сярэднявечча? На захадзе — Айвенга. На ўсходзе — быліны з Іллём Мурамцам. А ў нас — ёсць замкі, але няма сярэднявечча. Як гэта?.. Калі ляснуў СССР, нарэшце з’явіліся кнігі пра беларускае мінулае — і гэта быў кайф.
Рэферэндум-1995. Невыносны боль
Рэферэндум 1995 года па змене сімволікі — страшэнная абраза. Прычым калі ў школе цябе абразяць, ты ведаеш як адказаць — біцца. А тут — што рабіць? Бацькам было без розніцы. Хлопцам у школе таксама… Невыносны боль.
«Пагоня» і Бел-чырвона-белы сцяг — мае сімвалы. Так вырашыў тады. Так сама і зараз лічу.
Восем год вазіў праз мяжу кветкі
Жывучы ў Горадні, ніяк без кантрабанды. Я быў рамантычным кантрабандыстам — вазіў кветкі. Прычым яшчэ са школы: меў замежны пашпарт, бо вучыўся ў спартовым класе. За адзін раз можаш перавезці 300–500 кветак. Скажам, 50 ружаў уціскаюцца у цыліндр да 25 см у дыяметры. У паперы шчыльна… і ўсё. Электрычкі ж хадзілі. У Беларусі кветкі адпойвалі — кладзеш у ваду, і яна ажывае: цуд! Гадоў восем так падзарабляў.
Шчыты з дарожных знакаў, мячы з рэльсы…
Калі нам з братам было па 16, мы зафанацелі па фехтаванні. Фільм «Горац», рамантыка. Але тагачасны ўзровень рэканструкцыі ў краіне: шчыты з дарожных знакаў, мячы з рэльсы… Яшчэ кавалёў нават талковых не было. Галоўнае: мы з братам дазналіся, што яны — рэканструктары — ёсць.
Далей былі ролевыя гульні. У 1999‑м заснавалі першы гарадзенскі ролевы клуб «Кальцо сініх траваў». Гэта такая субкультура, калі хлопцы і дзяўчаты збіраюцца ды граюць розныя сюжэты: фэнтэзі, дзікі захад, піраты, постапакаліпсіс… Не толькі на прыродзе, дзе заўгодна: напрыклад, сюжэт: яхта, якая перасякае Атлантыку. Клуб існаваў да канца нулявых.
П’юць, пакуль стаяць — гэта не міф
Пяць год працы ў Драматычным тэатры ў Горадні. Паралельна — тэатральная акадэмія, бо нельга завочна вучыцца, калі не практыкуеш. Быў настаўнікам тэатральных дысцыплін у гімназіі. У 1999‑м цягнулі мяне паступаць у Маскву, у Шчукінскае.
Ну, паехаў я туды… паглядзеў на гэтую брыдоту. Уразіла стаўленне расіян да сябе, свайго асяроддзя. І гэта ж была панкаўска-хіпоўская тусоўка, не гапата. Бруд і зэро культуры. П’юць, пакуль стаяць — гэта не міф, бачыў. У Беларусі музыкі ці панкі неяк не даводзілі сябе да такога стану… Карацей, не ведаю, як там у іх нарадзіўся БГ.
Тры разы быў у Расіі — больш не хачу.
Чыноўнік думае: прыдуркі, хай ідуць…
У Беларусі ў нас быў прыватны тэатр. Але афіцыйна — івэнт-кампанія. Бо прыватны тэатр у Беларусі аформіць… гэта як новую палітычную партыю рэгістраваць. Без падмазкі — анрыял. Фестывалі, імпрэзы, экскурсіі з касцюмамі, гарадскія мерапрыемствы — усё рабілі.
Тут жа што галоўнае? Напісаць правільна. Усё ідзе праз аддзел культуры гарвыканкама. Калі закідваеш словы «мадэрнізм», «тэатр абсурду», то чыноўнік думае: прыдуркі, хай ідуць. А там у завуаляванай форме што заўгодна — у тым ліку палітыка.
Месяц працаваў на «смяцярцы»
Пасля таго, як у 2022‑м па мяне прыйшлі, давялося эміграваць. Польшча, Беласток. Усё з нуля… Месяц працаваў на «смяцярцы» — едзеш на машыне ды збіраеш па горадзе смецце ад 6.00 ранку. Што ж, таксама праца. Але не хацелася кідаць тое, чым займаўся ўсё жыццё. У Беларусі пачыналі з нуля — можна і тут.
Дарэчы, пра смецце: наша каманда тэатралаў-ралевікоў была ў краіне самай экалагічнай. Амаль нічога не куплялі ў крамах: усё ад сяброў ці… са сметніку. Ад тэатральных бінокляў да скураных плашчоў. Чаму не? Даем рэчы другое жыццё + ачышчаем асяроддзе.
Серыял «1670», гумар і недпрацаваная карма
Чаму «Сармат» і шляхецкая тэма? Гэта не толькі пра шаблю ды кунтуш. Гэта тэма свабоды — роўнасці — волі. Калі робіш тое, што лічыш патрэбным. Гэта ўнікальны пласт культуры, які трэба ведаць і неяк выраўняць баланс з «вясковай культурай». Нічога не маю супраць, але беларускасць — гэта не толькі пра лазовыя кошыкі.
Для Беларусі гэта неадпрацаваная карма — вярнуць памяць пра шляхту. У Польшчы гэта звыклая рэч, таму палякі могуць самі над сабой пасмяяцца — як у серыяле «1670». Калі б мы вярнулі сабе гэтую гісторыю, то таксама ставіліся б з гумарам. Бо калі без гумару,то гэта культ, а ты — адэпт культу
Шляхта — такія ж людзі як мы. Хадзілі ў прыбіральню. Ці — упіваліся да ванітаў. Але галоўнае — людзі з гонарам і годнасцю, вось пра гэта не варта забывацца.
Паўстанне — клуб «Invictus1863»
Гісторыя Паўстання-1863 заўжды была пад негалоснай забаронай. Нават калі рэжым сябраваў з ЕС ды круціліся транспамежныя праекты. Я на пачатку 2010‑х працаваў у турызме. Каля польска-літоўска-беларускай мяжы па наш бок ёсць вёска Кадыш, дзе быў бой у 1863‑м — там стаіць крыж. Аблазіў усе тамтэйшыя пагоркі з апісаннем бітвы, прыдумаў турыстычны маршрут, лагістыку… Але — табу. На ўзроўні ўзгадненняў усё схавалі «пад сукно».
Таму сёння я, сярод іншага, займаюся клубам рэканструкцыі на падзеі 1863 года «Invictus1863».
Для мяне гэта даніна памяці. А яшчэ — наступствы тэатральнага жыцця. Спроба перажыць тыя падзеі не толькі ўяўна, але ў той вопратцы, з шабляй ці касой у руках. Як фехтавальшчыку гэта тым больш цікава. Сёння — гэта першы беларускі рэканструктарскі клуб у замежжы.
Імерсіўны тэатр і… згвалтаваны Шэкспір
Пра што мару? Школа альтэрнатыўнага тэатру. Дзе вучаць, граюць спектаклі, працуюць майстэрня і эксперыментальная лабараторыя. Усё адразу. Гэта 3D-тэатр, якому без розніцы, дзе выступаць: у горадзе, кавярні, лесе ці на вялікай сцэне. Тэатр без чацвёртай сцяны, якая адмяжоўвае актора ад гледача. Я за імерсіўнасць, калі глядач удзельнічае ў пастанове і ўплывае на хаду падзеяў.
Тэатр, да якога мы звыкліся ў Беларусі — гэта месца, дзе падразаюць крылы. Актор — раб, рэжысёр — падпанак, а пан — гэта чыноўнік з вертыкалі ад культуры. Беларускай школы як такой не існуе — гэта руіны старой, савецкай. Таму і творчасці няма: праз гэта я некалі сышоў з тэатру.
Самае горшае, што нават у эміграцыі сярод беларусаў выбудоўваецца такая самая альтэрнатыўная вертыкаль ад культуры…
Возьмем Шэкспіра: у нас ён згвалтаваны. Яго тэксты заснаваныя на супрацы гледача і актора. У ягоным «Глобусе» не было кулісаў, ложы ці сядзячых месцаў — людзі хадзілі, елі. Імправізацыя, імерсіўнасць, свабода — толькі так.
Такі тэатр — вось мэта, да якой я іду.