• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Валянцін Жданко: Мае суседзі — даносчыкі. І як цяпер з гэтым жыць?

    На «Мапе пільных грамадзянаў», апублікаванай кібэрпартызанамі, я знайшоў шматкватэрны дом, у якім жыву.

    Асабіста ведаю пазначаных там людзей, якія тэлефанавалі на пачатку верасьня мінулага году ў міліцыю, каб паведаміць, ля якога пад’езда зьявіліся бел-чырвона-белыя стужачкі і ў якім вакне вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

    Шмат гадоў я пры сустрэчы вітаўся зь імі і нават калі-нікалі зьвяртаўся па дапамогу. Я таксама знаёмы зь сям’ёй, на якую данесьлі за сьцяг у іхным вакне. Прыстойныя інтэлігентныя людзі. Заўсёды вітаемся пры сустрэчы.

    А ў суседнім доме, побач зь якім на працягу дваццаці год я штодня праходзіў, ідучы на прыпынак, пільная грамадзянка С. данесла на ўласных суседзяў за тое, што яны «размалёўваюць мэблю ў колеры бел-чырвона-белага сьцяга».

    І як цяпер паводзіць сябе з гэтымі пільнымі суседзямі — «добраахвотнымі інфарматарамі міліцыі», якіх ты лічыў прыстойнымі і сумленнымі людзьмі? Адводзіць позірк пры сустрэчы? Рабіць выгляд, што нічога ня ведаеш?

    А як яны будуць суіснаваць з тымі, на каго данесьлі? А што, калі данос скончыўся арыштам, і цяпер той, хто прайшоў праз Акрэсьціна, дакладна ведае, дзе жыве даносчык, на якой машыне ён езьдзіць, чым ён займаецца?

    Міт пра нейкую незвычайную талерантнасьць беларусаў разьвеяны. Што ж гэта за талерантнасьць, калі, убачыўшы ў чужым (не ў сваім) акне, унутры чужой (не сваёй) кватэры сьцяг тых колераў, якія не падабаюцца ўладзе, чалавек бярэцца назвоньваць у міліцыю? Загадзя ўсьведамляючы, што суседа за гэты сьцяг могуць арыштаваць і катаваць у турме.

    Нават калі б размова ішла пра нейкае сапраўды відавочнае правапарушэньне — начны шум у суседняй кватэры альбо паркоўку ў забароненым месцы, то нашмат больш рацыянальны і відавочны спосаб залагодзіць канфлікт — паспрабаваць пагаварыць і дамовіцца з шумным ці неакуратным суседам, а не пісаць на яго адразу заяву «ў органы». У першым выпадку застаецца шанец, што вы захаваеце нармальныя адносіны. У другім — амаль гарантавана, што на доўгія гады атрымаеце заклятага ворага, які яшчэ і адпомсьціць можа самым нечаканым чынам.

    Памнажэньне нянавісьці і нецярпімасьці

    Выкрыцьці, зробленыя кібэрпартызанамі, будуць мець вялікія наступствы для грамадзкай атмасфэры ў сёньняшняй Беларусі.

    З аднаго боку, яны паказалі, колькі нецярпімасьці, нянавісьці і варожасьці сёньня ў грамадзтве. І маштаб таго расколу, які стаў такім відавочным у жніўні 2020-га, гэтая акцыя кібэрпартызанаў зусім не зьмяншае, а наадварот. Тое, што імёны даносчыкаў і іхныя даносы абнародаваныя — толькі памножыць варажнечу. Можна ўявіць, колькі новых міжасабовых канфліктаў зараз узьнікне, колькі міжчалавечых сувязяў распадзецца, колькі людзей перастануць падаваць адзін аднаму руку…

    Хоць, з другога боку, можна прадбачыць, што цяпер колькасьць такіх тэлефонных даносаў пойдзе рэзка на спад. Відавочна, тыя, хто тэлефанаваў, як правіла, разьлічвалі на тое, што пра іхную «пільнасьць» суседзі не даведаюцца, што міліцыя захавае гэта ў таямніцы.

    Улады, сапраўды, усяляк спрыялі сваім «добраахвотным памочнікам». Згадайце, колькі судовых палітычных працэсаў за мінулы год праходзіла за зачыненымі дзьвярыма «ў мэтах бясьпекі сьведак». А колькі «сьведак» зьяўляліся ў суды ў балаклавах, пад прыдуманымі імёнамі і нават са зьмененымі галасамі. І вось цяпер гэтыя маскі сарваныя, імёны, адрасы і нумары тэлефонаў абнародаваныя. Ніякага дзяржаўнага бюджэту ня хопіць на тое, каб прыставіць да кожнага зь іх ахоўніка, памяняць ім дакумэнты ці месца жыхарства, і ўжо тым больш — выправіць іхную рэпутацыю ў вачах суграмадзянаў. Гэта цяпер ведаюць і яны самі, і ўлада, якая аказалася ня ў стане захаваць іхную ананімнасьць, і тыя, хто патэнцыйна быў гатовы з ідэйных ці нейкіх іншых перакананьняў даносіць на палітычна нядобранадзейных суседзяў.

    На першы погляд, размах і маштаб дзейнасьці «пільных грамадзянаў» уражвае і прыгнятае, але насамрэч гэта не выключная нейкая зьява. Калі дзяржава заахвочвае такую актыўнасьць, калі яе ўсяляк падтрымлівае афіцыйная прапаганда — у грамадзтве заўсёды знаходзіцца значная колькасьць пэрсанажаў, гатовых адгукнуцца на заклік. Матывы пры гэтым розныя — і ідэйныя, і карысьлівыя. У сталінскім СССР былі тысячы тых, хто даносіў на суседзяў, разьлічваючы на тое, што пасьля арышту ім дастанецца жылплошча, ці маёмасьць, ці пасада арыштаванага «шпіёна» («антысаветчыка»).

    Ці патрэбная такая праўда?

    У сацыялістычнай ГДР усёмагутная спэцслужба «Штазі» масава вэрбавала інфарматараў, шантажуючы ці абяцаючы пратэкцыю ў службовай кар’еры, атрыманьні жыльля і іншых дабротаў. У выніку дамаглася калясальных вынікаў. У горадзе Хемніцы (за камуністамі — Карл-Маркс-Штадт) на 200 000 насельніцтва было 3,5 тысячы супрацоўнікаў «Штазі» і 12 тысяч «інфарматараў». Немцы тады жартавалі: калі за сталом трое, то адзін зь іх напэўна стукач.

    Дарэчы, пасьля краху ГДР, калі архівы «Штазі» былі рассакрэчаныя, немцы атрымалі магчымасьць азнаёміцца зь дзейнасьцю «інфарматараў», якая тычылася канкрэтна іх ці іхных сем’яў. Але скарысталіся такой магчымасьцю далёка ня ўсе. Як жыць далей, калі ўведаеш, што чалавек, якога ты ўсё жыцьцё лічыў блізкім альбо які ўвогуле належыць да тваёй сям’і, на працягу доўгіх гадоў даносіў на цябе? І ці ня лепш увогуле нічога ня ведаць пра гэта?

    Рэдакцыі савецкіх газэт у свой час былі заваленыя ананімнымі сыгналамі «добраахвотных памочнікаў», якія, не называючы сапраўдных імёнаў, выкрывалі суседзяў, начальства, калегаў па працы. Колькі мне давялося на сваім журналісцкім вяку выяжджаць па такіх сыгналах і разьбірацца ў сытуацыях. Прыедзеш за сотні кілямэтраў у нейкую далёкую вёску, а аўтар ліста, аказваецца, выдуманы, як і ягоны адрас.

    Колькасьць такіх зваротаў рэзка скарацілася, калі дзейнасьць такіх «памочнікаў» перасталі заахвочваць, калі, даведаўшыся, што імя адрасата выдуманае, рэдакцыі перасталі рэагаваць на такія сыгналы.

    Але яны зусім ня зьніклі. Аматары гэтага жанру былі, ёсьць і застануцца, напэўна, заўсёды.

    Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці