• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ваенны блогер Сяргей Бяспалаў атрымаў чарговую “экстрэмісцкую лычку”. Гэтым разам ад пракуратуры

    На падставе заявы пракуратуры Мінска інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала "Сергей Беспалов" і Telegram-канала з ідэнтыфікатарам t.mе/BesLive прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. 

    Пра гэта паведаміла Міністэрства інфармацыі са спасылкай на Генеральную пракуратуру.

    Адметна, што ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія сістэматызуюцца на сайце Мінінфарма, адпаведнае паведамленне адсутнічае — невядома, які канкрэтна суд задаволіў прадстаўленне пракуратуры. Зрэшты, як паказвае практыка, аператыўнасцю ведамства не адзначаецца — у тамтэйшых “праграмістаў” на выстаўленне сыходзіць ледзь не тыдзень.    

    Сяргей Бяспалаў — беларускі блогер, стваральнік такіх папулярных інтэрнэт-праектаў як “Мая Краіна Беларусь” і “Усы Лукашенка”. Разам з палітзняволеным калегам Ігарам Лосікам, асуджаным “па справе Ціханоўскага” на 15 гадоў турмы, распрацоўваў канцэпцыю сацыяльных сетак для Радыё “Свабода”.

    Летам 2020 года Сяргей Бяспалаў здолеў выехаць ва Украіну, дзе застаўся і пасля маштабнай расійскай ваеннай агрэсіі. З пачаткам супраціву ўступіў у тэрытарыяльную абарону Кіева, а пасля папоўніў шэрагі палка Кастуся Каліноўскага. Сумяшчаў функцыі прэс-сакратара, здымаў відэролікі пра беларускіх добраахвотнікаў. Цяпер займаецца ўласнымі праектамі на розных лічбавых пляцоўках.  

    У каментары для службы маніторынгу БАЖ Сяргей Бяспалаў удакладніў, што насамрэч з’яўляецца “шматразовым экстрэмістам”, бо кожная сілавая структура намагаецца ўнесці яго ў свае “чорныя спісы” — у тым ліку ў  складзе палка Каліноўскага, а таксама цэлымі каналамі і старонкамі ў межах праектаў “Мая Краіна Беларусь” і “Усы Лукашенка”. 

    Але ў параўнанні з драматычнымі падзеямі ва Украіне ўсе гэтыя “тытулы” вартыя толькі смеху, кажа суразмоўца.    

    Сяргей Бяспалаў запэўніў, што пракурорскае “рэагаванне”, падтрыманае ананімным судом, ніяк не адаб’ецца на ягонай далейшай дзейнасці. Так, на сваім YouTube-канале ён выкладае аўтарскае відэа з каментарыямі на рэзанансныя падзеі ў Беларусі, Украіне і свеце, рэгулярна насычаецца і аператыўная стужка ў Telegram.

    — Вядома, у гэтым сэнсе нічога не зменіцца. Мала за тое, на гэты момант я сваім “экстрэмісцкімі” каналамі больш за ўсё і займаюся. Балазе, цяпер вельмі шмат сувязяў ва Украіне, можна з першых вуснаў расказваць, што там насамрэч адбываецца. Не забываючыся, вядома, пра Беларусь”, — падзяліўся Сяргей Бяспалаў.

    “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” беларускія ўлады прызналі звыш тысячы самых разнастайных кантэнтаў, у якіх дзяржаўныя ідэолагі западозрылі іншадумства. Пры гэтым ёсць яшчэ асобны «пералік грамадзян Беларусі і замежнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» (яго фармуе МУС, тады як КДБ ўзваліў на сябе адказнасць за “тэрарыстаў”). 

    Асабліва шпарка шматлікія спісы “ворагаў дзяржавы” пачалі папаўняцца пасля масавых паслявыбарчых пратэстаў 2020 года і татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці. 

    Чытайце яшчэ:

    Журналіста Сяргея Гардзіевіча дадалі ў спіс экстрымістаў

    Акаўнт незалежнага выдання Media-Polesye ў Instagram прызнаны “экстрэмісцкім”

    Асуджанага на 3 гады журналіста Алеся Любенчука перавялі ў СІЗА ў Жодзіна

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці