• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Выбух на АЭС і іншыя наступствы інфармацыйнай небяспекі

    Хто кіруе інфармацыяй — той кіруе светам. А калі гэтым кіруе не чалавек?

    Браян Уітмар — старэйшы навуковы супрацоўнік і дырэктар расійскай праграмы ў Цэнтры аналізу еўрапейская палітыкі ў Вашынгтоне, раней ён шмат год працаваў старэйшым аналітыкам па Расіі на “Радыё Свабода”. На WEASA ён распавядаў пра ўплыў дэзынфармацыі і механізмы прапаганды. Паводле Браяна, хоць “у савецкія часы таксама была прапаганда і fake news, але тады СССР прапагандавалі сваю ідэалогію — а цяпер мэты Расіі дэструктыўныя”: разбураць сусветны парадак і еднасць, выкарыстоўваючы ўсіх, каго заўгодна, ад Трампа да еўраскептыкаў.

    Таксама Браян мяркуе, што “дэзынфармацыя цесна звязаная з карупцыяй, пра іх варта размаўляць агулам”. Вядома, ён меў на ўвазе найперш Расію, якую называе клептакратыяй. Але тут ёсць цікавыя паралелі з “Пракапенягейтам”, які паказаў беларускай медыясупольнасці, што, нажаль, значная частка нават незалежных медыя гатовая ісці на саступкі, калі даводзіцца выбіраць паміж судовай позвай і смачным рэкламным кантрактам.

    Калі ж сыходзіць ад прыватных кейсаў да агульных тэндэнцый, то галоўная выснова, са словаў Браяна Уітмара, — ад нацыянальных інфармацыйных прастор, якія рэгуляваліся дзяржавамі, мы пераходзім да інтэрнацыянальнай інфармацыйная прасторы, якая фактычна не рэгулюецца нікім. Час ад часу мы яшчэ пабачым спробы нацыянальных урадаў блакаваць асобныя сайты (прывітанне, “Хартыя”) альбо сэрвісы (напрыклад, Telegram), але па вялікім рахунку такія крокі  непазбежна чакае правал. Рэгуляванне дзяржаўнымі законамі і правіламі журналістскай супольнасці цяпер змяняецца на рэгуляванне алгарытмамі сацсетак і правіламі платформаў. І гэта не толькі шчасце дысідэнтаў ды анархістаў, але і выклік усёй медыясупольнасці: як сумясціць заваёвы свабоды слова і спробы таго ж фэйсбуку рэгуляваць кантэнт карыстальнікаў?

    Алгарытм вядуць у небяспечны safe space

    Напрыклад, як высветлілі ўдзельнікі WEASA падчас воркшопу, алгарытм фэйсбуку (пры дапамозе безназоўных мадэратараў) баніць карыстальнікаў за тэкст “Мужчыны — смецце” альбо малюнак бен Ладэна. Не тое каб мне падабаліся выявы тэрарыстаў альбо такія непрыгожыя словы пра носьбітаў XY-храмасомы. Аднак падобнае выказванне выглядае як асабістае меркаванне, якое не заклікае наўпрост да дзеянняў (напрыклад, гвалту), і таму як назва калонкі на правакацыйным рэсурсе хутчэй дапушчальна. А партрэт пэўнай асобы дык дакладна не азначае прапаганды ягоных поглядаў: і аўтар, і распаўсюднік могуць іх не падзяляць.

    Падобна што алгарытм фэйсбуку працуе згодна з логікай левай канцэпцыі safe space: стварае прастору, дзе прыярытэт аддаецца стварэнню пачуцця бяспекі, а не распаўсюду меркаванняў (хай сабе і непрыемных). Можна спрачацца, як лепей, але відавочна, што гэты падыход далёкі ад медыйнай класікі, дзе свабода слова важнейшая за тое, што некаму гэтае слова будзе непрыемна чытаць.

    Марго Гонтар, сузаснавальніца інфармацыйнага хабу Stop­Fake, распавядала на WEASA пра быццам перадавыя тэхналогіі барацьбы з fake news: алгарытмы, якія пазначаюць інфармацыю ў браўзеры як “фэйк” альбо “заслугоўвае даверу”. Але, шчыра кажучы, небяспекі ад такіх простых рашэнняў болей, чым карысці. Лёгка стварыць сябе ўтульны safe space, дзе некага затаўруюць фэйкам, а некаму павесяць медаль “праўдзівы”. Але ж мазгі ў такім свеце болей не патрэбныя, карыстальнік прывучваецца слепа давяраць цэтліку, які навесіў немаведама хто і згодна з немаведама якім алгарытмам.

    Этыка як першая ахвяра інфармацыйнай вайны

    Эдвард Лукас — брытанскі журналіст, аўтар чатырох кніг, старэйшы рэдактар The Econ­o­mist і старэйшы віцэ-прэзідэнт Цэнтру аналізу еўрапейская палітыкі, па ягоных словах — “апошні замежны журналіст, вытураны з СССР, у 1990 годзе”. Ён звяртае ўвагу на мультыідэнтычнасць сучаснага журналіста, якая правакуе канфлікты інтарэсаў: ён спажывец, інвестар, падарожнік, наёмны працаўнік альбо прадпрымальнік, чыйсці сябра, член сям’і, грамадзянін, выбаршчык, рэзервіст і гэтак далей. Для The Econ­o­mist, напрыклад, важнае правіла не інвеставаць у тыя кампаніі, пра якія пішаш; для беларускіх незалежных медыя больш актуальна не быць прыхільнікам пэўных апазіцыйных палітычных структур, калі пішаш пра палітыку.

    Але ці гэтага хоча аўдыторыя? Як зазначае Эдвард, на фоне істотных падзеяў — барацьбы з уладай альбо з агрэсіяй “русского мира”, салідарнасці з Украінай і г. д. — запыт на нейтральнасць і аб’ектыўнасць (базавыя складнікі журналістскай этыцы) неяк губляецца.

    Расце попыт на барыкадную журналістыку ды калумністыку, дзе аўтар хай сабе не валодае прафесіяй ды элементарным майстэрствам, але выразна пазначае: я за гэтых ды супраць тых.

    У такім чорна-белым свеце, вядома, не застаецца месца не тое што аналітыцы, а нават проста здаровым сумневам: мо прыязны нам бок не заўсёды ідэальны, а на варце добрых каштоўнасцяў стаяць не толькі рыцары ў белых плашчах? Замест крытычнага мыслення — імгненнае навешванне цэтлікаў, замест інтэлектуальных дыскусій — абразы ды бан.

    Болей, чым журналістыка

    Бяспека інфармацыі ў лічбавую эпоху — гэта праблема, якая мусіць турбаваць не толькі медыясупольнасць. Распаўсюд інфармацыйных сістэм настолькі татальны, што дзірка ў іх бяспецы можа натуральна пагражаць атамным выбухам.

    Яшчэ на адкрыцці WEASA узгадвалі новыя рызыкі, пра якія цягам апошніх гадоў даведаліся медыя. У прыватнасці, дзейнасць меркавана рускай хакерскай групоўкі Drag­on­fly. Яны могуць быць датычныя да ўзломаў энергетычнай сістэмы Украіны ў 2015 годзе, калі ў Івана-Франкоўскай вобласці без святла засталіся 230 тысяч чалавек. Цяпер жа стала вядома, што рускія хакеры атрымалі доступ да сотняў сістэмаў электрасетак у ЗША: “Яны дайшлі да моманту, калі могуць пераключыць рубільнік”, кажа Джонатан Хомер, прадстаўнік міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША, а ягонае ведамства спрабуе высветліць, ці працягваюцца атакі і ці сталі яны аўтаматызаванымі.

    Беларусь ужо сутыкалася с хакерамі, якія калі і не з’яўляюцца рускімі, то дзейнічаюць у інтарэсах Расіі. У чэрвені гэтага года быў узламаны твітар-акаўнт першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова: там выклалі фэйкавы ліст за подпісам яго начальніцы Качанавай, дзе яна быццам бы выбачаецца перад расейскімі калегамі за “меры ў сферы інфармацыйнай бяспекі”. А на наступны дзень нехта хакнуў старонку Следчага камітэту ў фэйсбуку, каб апублікаваць хлусню, што “згодна з чаканнямі расійскага боку Следчы камітэт  …адхіляе свайго прадстаўніка і не будзе далей удзельнічаць у Міжведамаснай Камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы”.

    Пазней прадстаўніца СК Юлія Ганчарова раскрыла механізм, якім карысталіся хакеры: узламалі электронную пошту аднаго з супрацоўнікаў ведамства, які меў правы адміністратара. Аднак без адказу засталося пытанне блогера Антона Матолькі на яе старонцы ў фэйсбуку: пра які паштовы сэрвіс ідзе гаворка?

    Такім чынам, Беларусь ужо сутыкнулася з дзеяннямі (пра)расейскіх хакераў, якія пагражаюць нацыянальнай інфармацыйнай бяспецы. І калі паштовыя акаунты на Gmail трэба сапраўды ўзломваць, то да скрыні на тым жа Mail.ru расійскія спецслужбы могуць атрымаць доступ і афіцыйнымі шляхамі, каб зліць набліжаным хакерам патрэбную інфармацыю. Аналагічная сітуацыя і з беларускай АЭС: калі ўкраінскія і амерыканскія энэргасеткі хакеры ўзломвалі, то станцыю ў Астраўцы ўжо будуюць пры дапамозе расійскай кампаніі “Росатом”. Страшна ўявіць, якімі могуць быць рызыкі такой інфармацыйнай небяспекі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці