• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камісія па этыцы БАЖ: Недапушчальна выдаляць ці рэдагаваць ранейшыя матэрыялы дзеля прыватных інтарэсаў публічных асобаў

    Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў пасля глыбокага вывучэння сітуацыі з выдаленнем з сайтаў інфармацыі пра затрыманне Віктара Пракапені прыняла канчатковую заяву.

    Заява Камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў

    У Камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў звярнуўся сябра БАЖ Алесь Чайчыц з просьбай выказаць пазіцыю Камісіі па сітуацыі, якая склалася ў выніку выдалення (альбо адпаведным чынам рэдагавання) з сайтаў шэрагу незалежных СМІ інфармацыі пра арышт (затрыманне) вядомага бізнесмена Віктара Пракапені ў 2015 годзе, з‑за чаго інфармацыя зрабілася недаступнай для пашукавікоў.

    Пры гэтым спадар Алесь Чайчыц спасылаецца на тлумачэнні шэрагу рэдактараў, што гэта было зроблена па просьбе піяр-адмыслоўцаў В. Пракапені: нібыта інфармацыя пра арышт (затрыманне), нягледзячы на праўдзівасць, шкодзіць ягонай міжнароднай рэпутацыі. Да таго ж, па словах спадара Чайчыца, у шэрагу выпадкаў за выдаленне згаданай інфармацыі прадстаўнікі В.Пракапені прапаноўвалі рэдактарам або рэдакцыям матэрыяльнае ўзнагароджанне.

    З улікам важнасці ўзнятага пытання, адсутнасці прэцэдэнту, а таксама актыўнай і напружанай дыскусіі ў сацыяльных сетках, якая папярэднічала звароту сп. Алеся Чайчыца, Камісія па этыцы правяла адпаведнае апытанне. Сябрам БАЖ было прапанавана адказаць на наступныя пытанні:

    1. Ці лічыце Вы прымальным выдаляць альбо істотна правіць ужо размешчаныя ў анлайн-СМІ матэрыялы?

    2. Ці ёсць у выдаленні ці рэдагаванні матэрыялаў па просьбе зацікаўленага боку праява самацэнзуры, то бок вымушаныя дзеянні пад уплывам знешняга абмежавання свабоды выказвання?

    3. Ці бачыце Вы ў дзеяннях рэдакцый, якія выдалялі ці правілі матэрыялы пра прадпрымальніка Віктара Пракапеню, парушэнне прафесійнай этыкі?

    Было атрымана каля ста адказаў, агульны вынік якіх, адпаведна пытанням, такі:

    1. 91 адказ, з іх 43 (45,7 %) — ТАК; 51 (54, 2 %) — НЕ;

    2. 89 адказаў, з каторых 69 (76,6 %) — ТАК; 21 (23,3 %) — НЕ;

    3. 87 адказаў, з каторых 66 (75 %) — ТАК; 22 (25 %) — НЕ.

    Зыходзячы з вынікаў апытання сябраў супольнасці, грунтоўнага аналізу дыскусіі ў сацыяльных сетках і падрабязнага абмеркавання сітуацыі на адмысловым пасяджэнні,

    Камісія па этыцы БАЖ мусіць ЗАЯВІЦЬ:

    1. Кожная рэдакцыя СМІ мае права распараджацца сваім анлайн-кантэнтам па ўласным разуменні, то бок выдаляць, рэдагаваць матэрыялы незалежна ад часу іх змяшчэння на сайтах (за выключэннем, калі доступ да гэтых матэрыялаў платны);

    2. Матывы, з якімі выкарыстоўваецца гэта неаспрэчнае права, павінны цалкам адпавядаць прынцыпам і стандартам прафесійнай этыкі. Таму абсалютна недапушчальна выдаляць ці рэдагаваць ранейшыя  матэрыялы дзеля прыватных інтарэсаў публічных асобаў, тым больш за грошы.

    3. Дзеянні рэдакцыі па выдаленні ці рэдагаванні ранейшых матэрыялаў не павінны весці да распаўсюджвання дэзінфармацыі, павінны абавязкова ўлічваць іх грамадскую значнасць.

    4. Дзеля прытрымлівання такой этычнай нормы, як павага да чытача, — пажадана тлумачыць патрэбу ў выдаленні ці рэдагаванні, а таксама з дапамогай адпаведных спасылак захоўваць магчымасць адшукаць выдалены ці адрэдагаваны тэкст.

    Камісія па этыцы БАЖ лічыць, што выпадак з выдаленнем згаданай інфармацыі адлюстроўвае пэўныя хібы сучаснай анлайн-журналістыкі. Бо сярод публікацый на гэтую тэму не заўважана сур’ёзных спробаў выкарыстаць сітуацыю як нагоду для расследавання, грунтоўнага аналізу актуальных праблем.

    На жаль, сённяшняя журналістыка, асабліва анлайн-журналістыка,  збольшага з’яўляецца так званай “журналістыкай факта”, пажадана павярхоўна-скандальнага. Галоўны крытэрый — колькасць праглядаў і каментарыяў. Па сутнасці, сыходзіць ў непапулярную “журналістыка думкі”, заснаваная на рэальным жыцці. Калі б спрацавала менавіта яна, то і Пракапеня займеў бы магчымасць патлумачыць, што з ім адбылося, і СМІ выканалі б сваё грамадскае прызначэнне, не губляючы твар.

     

     

    Фота на галоўнай старонцы: Дар’я Буракіна, TUT.BY

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці