«Ва ўсіх лістах скардзіцца на праблемы зь перапіскай». Ігар Лосік за кратамі 648 дзён
Лісты да палітвязьня прыходзяць толькі ад самых блізкіх родных. Цяпер Ігар знаёміцца з матэрыяламі да апэляцыі.
Вокны прадстаўніцтва Літвы ў Еўрасаюзе. Брусэль
Жонка палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’я расказала, што за апошнія некалькі тыдняў атрымала ад мужа пяць лістоў. Цяпер яна адна зь нешматлікіх людзей, з кім у Ігара захоўваецца больш-менш сталая сувязь.
«Ігар не атрымлівае лістоў нават ад брата і роднага дзядзькі, — кажа Дар’я. — У адным зь лістоў напісаў, што стаіць на ўліку як схільны да суіцыду. І гэтымі блякаваньнямі яны толькі абцяжарваюць сытуацыю. Кажа, што людзі яму пішуць. Губляюць час, грошы, эмоцыі на пісаньне лістоў. А іх у выніку ўсе выкідаюць у сьметніцу».
«Праязджаю 900 кіламетраў двойчы на тыдзень, каб прывезці яму перадачу». Даша Лосік — пра смеласць і вернасць
Па словах Дар’і, праблемы зь перапіскай пачаліся прыкладна два месяцы таму, яны тычацца многіх вязьняў гомельскага СІЗА‑3. Паводле інфармацыі Свабоды, незадоўга да пачатку вайны ва Ўкраіне лісты перасталі атрымліваць і іншыя палітвязьні. Перапіска магчымая толькі з найбліжэйшымі роднымі.
«Калі чалавека асудзілі на 15 гадоў, то забіраць у яго права на перапіску можа толькі той, хто мае схільнасьць да садызму, — кажа Дар’я Лосік. — Я спадзявалася, што нам дазволяць сустрэчу, але ў судзе сказалі, што Ігар цяпер знаёміцца з аўдыёфайламі паседжаньняў, гэта неабходна для апэляцыі. І, адпаведна, ён нібы ня можа зараз са мной пабачыцца, спатканьня мне не дадуць. Так мне патлумачылі. Сказалі званіць у суд яшчэ».
Дар’я кажа, што Ігар Лосік дагэтуль у шоку ад таго, што Беларусь увязалася ў вайну Расеі супраць Украіны і стала краінай-агрэсарам. Ігар разважае над тым, што ў Беларусі заўсёды праходзілі мірныя перамовы, у тым ліку па сытуацыі на Данбасе.
«Ігар сказаў, што ўжо пасьля 2020 году Лукашэнка сам сябе загнаў у кут, — перадае Дар’я словы мужа. — А зараз, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, усё стала зусім фатальна. Выкруціцца з гэтага ён ужо ня зможа».
Журналіст Свабоды Ігар Лосік быў арыштаваны ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году, яго абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі Гомельскага СІЗА‑3, прызнаў Ігара вінаватым і асудзіў на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Цяпер Ігар па-ранейшаму ў СІЗА, чакае разгляду апэляцыі. Напісаць яму можна па адрасе: СІЗА‑3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.
14 сьнежня ў будынку СІЗА‑3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
-
Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
-
Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
-
Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
-
Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
-
Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
-
Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.