«Праязджаю 900 кіламетраў двойчы на тыдзень, каб прывезці яму перадачу». Даша Лосік — пра смеласць і вернасць
Дар’я Лосік, жонка палітвязня Ігара Лосіка, кансультанта Радыё Свабода, асуджанага на 15 гадоў турмы, расказвае, як двойчы на тыдзень праяжджае па 900 кіламетраў па маршруце Баранавічы — Гомель — Баранавічы, каб завезці мужу перадачу, і тлумачыць, Радыё Свабода чаму важна не маўчаць, нават калі страшна.
«Я павінна гаварыць пра яго паўсюль і ўвесь час, нават калі страшна»
— Даша, калісьці я запытала Святлану Ціханоўскую, як уплывае на яе рашэнні і ўчынкі тое, што яна жонка палітвязня. Яна адказала, што ніколі не думала пра сябе толькі як пра жонку палітвязня. Што такое быць жонкай беларускага палітвязня? Гэта ж не толькі перадачы вазіць і лісты пісаць…
— Гэта не толькі перадачы і лісты. Усё гэта мы павінны рабіць па змаўчанні. Быць жонкай палітвязьня азначае яшчэ і тое, што ты павінна нагадваць усім беларусам і ўсяму свету, што палітвязні ў Беларусі ёсць, у прыватнасці Ігар Лосік, Я павінна гаварыць пра яго паўсюль і ўвесь час, нават калі страшна, нават калі ёсць верагоднасць, што табой зацікавяцца спецслужбы Беларусі. Усё роўна гэта трэба рабіць, бо ніхто, акрамя блізкіх людзей палітвязняў, не зробіць гэтага лепей.
— Ці адчуваеш сябе нетолькі жонкай палітвязня, але і грамадскай дзяячкай?
— Напэўна, так, але я спецыяльна не імкнулася быць публічнай асобай. Сітуацыя мяне паставіла ў такія ўмовы, калі я павінна гаварыць на ўсю Беларусь і на ўвесь свет, каб мяне пачулі. Гэта пабочны эфект таго, што я гучна заяўляю пра сітуацыю, у якой апынуўся мой муж і мая сям’я.
«Ігар ведае, што калі яму прынеслі перадачу, значыць, я раніцай была ў СІЗА»
— У Салжаніцына ёсць апавяданьне «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Па аналогіі з ім на Свабодзе з’явіліся дзве кнігі «Адзін дзень палітвязня», героі якіх — амаль 100 палітвязняў часоў прэзідэнцтва Лукашэнкі, гісторыі якіх напісаныя праз прызму аднаго дня. Давай паспрабуем апісаць адзін дзень жонкі палітвязьня. Напрыклад, адзін з тых, калі ты вязеш перадачу мужу…
— Ад Баранавічаў да Гомельскага СІЗА 450 кіламетраў. І мне трэба вярнуцца — гэта яшчэ 450 кіламетраў. Разам 900 кіламетраў у дзень на аўтамабілі. Практычна я праводжу 9‑гадзінны працоўны дзень за рулём. Устаю ўначы ў 3:30, у 4:30 я выяжджаю, каб прыехаць у СІЗА да таго часу, як пачнуць прымаць перадачы. Часам я прашу заняць мне чаргу ўжо знаёмых мне людзей, якія, пакуль ішоў суд, былі са мной. Яны спагадлівыя і заўсёды мне дапамагаюць гэта рабіць.
Такім чынам, пераадолеўшы 450 кіламетраў на машыне, прыходжу да СІЗА, часам ёсьць чарга, часам няма, і пачынаю перадаваць усё па спісе, складзеным дома. На месяц дазваляюць перадаць 30 кілаграмаў. Можна ездзіць хоць кожны дзень, але не перавысіць гэты месячны ліміт. Я езджу перадаць перадачу двойчы на тыдзень.
Я перакананая, што кухня ў СІЗА пакідае жадаць лепшага, і мне хочацца, каб у Ігара былі як мага часцей свежыя і добрыя прадукты з волі. Ён ведае, што гэтыя харчы ад мяне. Пасля таго як я сабрала перадачу, нарэзала ўсё, што можна нарэзаць, і склала ў празрыстыя пакецікі, дастаючы ўсё з заводскіх упаковак, я пішу заяву, у якой ёсць імя, прозвішча, адрас, нумар мабільнага тэлефона. Гэтую заяву яму перадаюць разам з перадачай, таму ён, натуральна, бачыць, ад каго гэта. Ён ведае, што калі яму прынеслі перадачу, значыць, я раніцай была ў СІЗА. Гэта нібы спатканне скрозь сцены, дыстанцыйнае, а рэальных было ўжо 6 спатканняў праз шкло, якія дазволіў суд.
«Мікола Статкевіч сказаў, што ён тут толькі дзеля таго, каб пабачыць сваю жонку»
— Раскажы пра дзень, калі быў абвешчаны прысуд, калі ты пабачыла Ігара, калі Марына Адамовіч пабачыла Міколу Статкевіча.
— Той дзень памятаю па хвілінах. Мне пазванілі з Гомельскага абласнога суда і сказалі, што родныя тых, каму вынесуць прысуд, павінны быць у 13:30 на ганку СІЗА. Заводзілі нас доўга, спачатку ў адзін пакой, дзе мы пасядзелі 10 хвілін, потым у іншы пакой, дзе пасядзелі 15 хвілін. Нас суправаджалі ўвесь час два супрацоўнікі СІЗА і два амапаўцы. Уявіце, трое жанчын без тэлефонаў і іншых прадметаў, і іх такім чынам канваіруюць па СІЗА. Адразу становіцца зразумела, наколькі вялікі ў іх страх, што тры жанчыны могуць там нешта зрабіць.
У выніку прывялі ў залу суда, памяшканне, зусім не падрыхтаванае да таго, каб там праводзіць судовыя паседжанні. Там стаяла клетка, хлопцы ўсе ўжо былі на месцах, іх завялі раней. Нас пасадзілі тварамі да суддзі і двух народных засядацеляў. Мікола Статкевіч сказаў, што ён тут толькі дзеля таго, каб пабачыць сваю жонку. Амапаўцы, што стаялі вакол клеткі, перашкаджалі яму. Яны адышлі трошкі, і Мікола змог пабачыць Марыну. Ігар памяняўся з Дзімам Паповым месцамі, каб Ігару было зручней на мяне глядзець.
Шчыра скажу, мы слухалі толькі тую частку, калі абвяшчалі колькасць гадоў, якія кожнаму прысудзілі. Да гэтага зачытвалі, што канфіскавана на карысць дзяржавы, гэта нас не цікавіла. Увесь гэты час я імкнулася глядзець на Ігара. Ён выкрыкнуў, што ён мяне вельмі моцна кахае. У адказ я сказала, што буду ўсімі шляхамі даставаць яго адтуль.
«У СІЗА нельга прылегчы, нельга нешта рабіць, акрамя таго як чытаць лісты ці адказваць на лісты»
— Памятаю, што тады Сяргей Ціханоўскі стаяў спінаю да суда. Ігар Лосік мае магчымасць адчуваць тваю прысутнасць скрозь сцены СІЗА, калі ты прывозіш перадачу. Ён ведае, што ты едзеш гэтыя 450 кіламетраў ад Баранавічаў да СІЗА і назад, і гэта дае яму сілы. На спатканне да палітвязня могуць прыйсці толькі родныя. Да Сяргея Ціханоўскага не прыходзіць ніхто. У Беларусі толькі ягоная маці, але з прычыны стану здароўя яна не можа гэта зрабіць — нават, хутчэй, Сяргей яе аберагае такім чынам. Як можна падтрымаць вязня, у якога няма спатканняў?
— Тыя, хто ў Беларусі, хай як мага болей пішуць лісты, каб заняць палітвязня. Час у СІЗА цягнецца шалёна марудна. Там нельга прылегчы, нельга нешта рабіць, акрамя таго як чытаць лісты ці адказваць на лісты. Таму, каб чалавек не адчуваў сябе самотным, я прашу пісаць лісты тых, хто ў Беларусі. У Гомельскае СІЗА не праходзяць лісты з‑за мяжы. Але тыя, хто хоча пісаць з‑за мяжы, хай таксама гэта робяць, проста дзеля таго, каб адміністрацыя турмы пабачыла, што зняволеныя ў Беларусі не забытыя. Таксама можна перавесці грашовы перавод. На спатканне, на жаль, трапіць нельга, але такімі спосабамі падтрымаць можна.
«Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз»
— Калі я рабіла інтэрв’ю з Аляксеем Палуянам, рэжысёрам фільма «Смеласць», ураджэнцам Баранавічаў, як і ты з Ігарам, я запытала яго: калі б яму прапанавалі зняць кіно пра Ігара і ягоную жонку Дар’ю Лосік, якое б гэта магло быць кіно? Палуян адказаў: «На жаль, я не знаёмы з Ігарам, але вельмі ганаруся, што мы з ім землякі. Я вельмі ганаруся пазіцыяй ягонай жонкі. Калі б я здымаў фільм, то гэта было б кіно пра барацьбу ягонай жонкі. Пазыцыя, якую займае ягоная жонка, заслугоўвае вялікай павагі. Дар’я — калектыўны беларускі вобраз барацьбы за сваіх мужчын, якія зараз у турме». Кім з жонак палітвязняў вы захапляецеся, з кім сябруеце, каго падтрымліваеце?
— Жонка палітвязня найперш павінна не баяцца, таму што страх не дае табе дзейнічаць. Ты сумняешся, ты баішся, ты можаш прапусціць момант, калі трэба нешта зрабіць. Я кантактую з Марынай Адамовіч і Воляй Севярынец. У нас ёсьць агульныя тэмы, мы можам падтрымаць адна адну, параіцца. Хай сітуацыя і жахлівая, але гэтыя людзі, з якімі я пазнаёмілася, проста прыўкрасныя. Думаю, што калі ўсё скончыцца, мы і далей працягнем з імі мець зносіны.
— Часам родныя палітвязняў не хочуць кантактаваць з незалежнымі СМІ, да таго ж прызнанымі экстрэмісцкімі. Думаюць, што такім чынам зробяць горш. Ці спрыяе гэта вызваленню, як лічыш?
— Мне незразумелая іх пазіцыя. Як чалавек, які гаворыць адкрыта, я не разумею, што можа быць горшага (акрамя смерці і цяжкай хваробы), калі твой чалавек у турме? Сесці і маўчаць? Гэта не выйсце. Чым больш мы пра іх гаворым, тым у большай яны бяспецы. Ёсьць практыка здзекаў з палітвязняў, іх прэсуюць, саджаюць у ШЫЗА, ПКТ, карцары. Кожны такі выпадак павінен быць асветлены публічна. Тады стане ясна, што за гэтым палітвязнем стаяць людзі, што за ім сочаць, што з яго нельга здзекавацца і рабіць што заўгодна. Мая пазіцыя — гаварыць пра любую праблему, ці то блакаванне лістоў, карцар ні за што… Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз, Гэта ненармальна, так быць не павінна.
— Цяпер вайна ва Украіне, і менш увагі да палітвязняў…
— Тэму вайны нельга пасоўваць, яна павінна быць. Але ў Беларусі рэпрэсіі не спыняюцца, у некаторых выпадках стала нават горш. Аднавіліся катаванні ў ІЧУ — у шасцімесную камеру саджаюць 30 чалавек без матрацаў і сродкаў гігіены. Пра гэта трэба гаварыць. Разумею, што людзі, якія трапілі ў ІЧУ, могуць баяцца, што калі раскажуць пра гэта, то трапяць туды яшчэ раз. Але калі гэта замаўчаць, значыць, гэтага не было, і Лукашэнка з вялікай трыбуны можа сказаць, што ў нас усё цудоўна і добра. Чым больш мы вывальваем на іх праўды, тым больш становіцца вядома. Зразумела, што пра Украіну цяпер шмат інфармацыі, таму столькі ж інфармацыі павінна быць і пра Беларусь, і пра палітвязняў.
«У Гомнлі за 6 месяцаў нагледзелася на тое, як спецслужбісты выглядаюць, і цяпер лёгка іх бачу ў натоўпе»
— Ці адчуваеш ты, што за табой сочаць спэцслужбы? Як ты з гэтым жывеш? Як рэагуеш?
— Іх вельмі добра бачна. Я перакананая і ведаю нават месца, дзе ў маёй машыне стаіць праслушка, у кватэры, найверагодней, яна таксама ёсць. Перыядычна людзі спецыфічнай знешнасці, банальнай для спецслужбаў, знаходзяцца побач. Гэта людзі ў цывільнай вопратцы, дастаткова цёмнай — нейкія спартовыя штаны і курткі, шапкі, часта чалавек стаіць у капюшоне, часам у вуху навушнік.
Я ў Гомелі за 6 месяцаў нагледзелася на тое, як яны выглядаюць, і цяпер лёгка іх бачу ў натоўпе. Перыядычна здараюцца паломкі аўтамабіля, хоць яны не павінны быць, бо мой аўтамабіль кожныя тры месяцы праходзіць поўнае тэхабслугоўванне. Гэта паломкі, якія за тры гады эксплуатацыі аўтамабіля проста не могуць быць. Я адчуваю іх прысутнасць практычна заўсёды, калі знаходжуся ў Беларусі. Часам, калі еду ў Гомель у 4:30 раніцы, уключаю на поўную гучнасць музыку і кажу: «Добрай раніцы, хлопцы, прачынаемся». Пераводжу ўсё на жарт, бо калі кожны раз зацыклівацца на гэтым, можна звар’яцець.
— Як часта ты сутыкаешся з салідарнасцю, з падтрымкай, з дапамогай? Даведаўшыся, хто ты, як людзі рэагуюць? Што дае табе гэтая вядомасць?
— Так, часам пазнаюць. Калі ехала ў Прагу, у аўтобусе мужчына падышоў і запытаў, ці вы жонка. Так, я жонка, адказала. Заўсёды людзі жадаюць сілаў, цярпення, вызвалення. Гэта вялізарная падтрымка, яна матывуе і дапамагае ісці далей. Без падтрымкі людзей было б складана.
— Мы запісваем інтэрв’ю, калі ты знаходзішся ў Чэхіі. У Празе вісяць плакаты ў падтрымку Ігара Лосіка і іншых палітвязняў. Раскажы пра сустрэчы ў Чэхіі. Якія словы падтрымкі ты пачула?
— Гэта былі сустрэчы ў парламенце, МЗС, іншых інстытуцыях. Дастаткова высокі ўзровень. Спадзяюся, што яны дадуць плён.
«Мы зробім максімум для таго, каб ты як найхутчэй змог абняць дачку, мяне і бацькоў»
— Ігар Лосік атрымаў вялікі тэрмін. Ён не будзе сядзець гэтыя пятнаццаць гадоў, але пэўны час зьняволеньне працягнецца. Як вы з мужам успрымаеце гэты тэрмін, да чаго гатовыя?
— Няма рамак, я не кажу пра канкрэтныя лічбы. Мы робім усё, каб проста наблізіцца да сваёй мэты, не загадваем на нейкі час наперад. Я яму сказала, што раблю ўсё, што магу, і буду старацца. Я дала абяцанне выцягнуць яго адтуль. Ці пратрымаецца Лукашэнка 15 гадоў? Тут гадоў за пяць можа ўсё перавярнуцца з ног на галаву. А можа і за год. Мы не ведаем. Спачатку я давала паўгода, год… Калі гэтага не адбываецца, гэта цябе дэматывуе, таму мы жывём сённяшнім днём і за кожны дзень спрабуем зрабіць нешта максімальна добрае, каб наблізіць момант, калі мы будзем разам.
— Давай уявім, што нас можа чуць Ігар Лосік. Што б ты яму сказала?
— Ігар, ты той самы адзіны любімы чалавек, які для мяне азначае практычна ўсё ў маім жыцці. Магчыма, табе з турмы не вельмі бачна тое, што цяпер раблю я і іншыя людзі. Павер, калі ласка, мы зробім максімум для таго, каб ты як найхутчэй змог абняць дачку, мяне і бацькоў. Вельмі моцна кахаю і буду заўсёды з табой.