Умоўныя мукавозчыкі супраць умоўных марзалюкоў. Пра што сведчыць спрэчка сярод прапагандыстаў?
Нечакана, а можа для кагосьці прадказальна, у колах прапагандыстаў вызначыліся прыкметы канфрантацыі. У артыкуле аглядальніка “СБ.Беларусь сегодня” Андрэя Мукавозчыка наўпрост узгадваюцца супярэчнасці паміж прыхільнікамі жорсткага курсу і іх апанентамі. Пра што сведчыць прызнанне прапагандыста? Беларуская асацыяцыя журналістаў спыталася ў палітычных аглядальнікаў Валерыя Карбалевіча і Аляксандра Фрыдмана.
Жорсткія VS недастаткова жорсткія
Сама назва артыкула Андрэя Мукавозчыка “Размовы ў кулуарах — яны часам здольныя не даць заснуць” сведчыць пра неспакой на душы аўтара.
Амаль кожны абзац публікацыі змяшчае намёкі на тое, што няма былога адзінства ў праўладных колах, асабліва ў пытанні мэтазгоднасці працягу рэпрэсій.
— Аказваецца, беларусы (большасць, народ, насельніцтва, электарат, усе мае знаёмыя… — нешта нагадвае, праўда?) у масе сваёй не падтрымліваюць жорсткі курс на “ачышчэнне” і “знойдзем кожнага”, — здзіўляецца прапагандыст. — Ім, кажуць, надакучыла. Харэ. Так за іх кажуць. І яны (беларусы, большасць… і г. д.) цяпер уважліва сочаць, ці будзе ўлада “працягваць жарсціць”. Зрабіўшы з гэтага свае высновы.
Адкрыццём для аўтара стала, што ў шэрагу апанентаў апынуліся “калегі, якія супраць жорсткасці”.
— Таму што баяцца гэтай самавыдуманай большасці (беларусаў, насельніцтва… і г. д.) — а насамрэч адчуваюць штодзённыя нязручнасці, якія назапашваюцца ў нарастаючы страх, перад “усімі сваімі знаёмымі”, — знаходзіць дзіўнае тлумачэнне Андрэй Мукавозчык.
У фінале ён пераходзіць да ўласных фобіяў і звыклых наратываў прапаганды:
— Перамажы неверагодныя тады ці ў будучыні, яны нас, ябацек, вешалі б (будуць вешаць) на ліхтарах, — на гэта я ад калегі-прапагандыста пачуў, маўляў, ой! ну што гэта зноў за клішэ! ну хопіць ужо пра гэта! Харэ! І не ўсе прысутныя былі з ім нязгодныя, не.
Апанентаў, аднак, работнік “СБ.Беларусь сегодня” не называе і чытачам застаецца толькі здагадвацца, хто маецца на ўвазе.
Адна верагодная кандыдатура, зрэшты, ёсць. Некалькі тыдняў таму дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк падчас ток-шоў на Сталічным тэлебачанні выступіў у абарону беларускай мовы, якую падкрэслена выкарыстоўваў, адказваючы на пытанні:
— Родная мова гэта тая, якую ты лічыш сваёй. Ты на ёй можаш камунікаваць штодня, можаш не камунікаваць. Але ты яе ведаеш, ты яе любіш і ты пастуліруеш, што ты адносішся да моўнай стыхіі як да сваёй.
Ён таксама выказаўся за “пазітыўную дыскрымінацыю на карысць беларускай мовы”, чым выклікаў хвалю рэзкай крытыкі з боку паплечнікаў-прапагандыстаў.
Казаць пра сапраўдны канфлікт, вядома, ранавата, але можна канстатаваць, што назіраецца супрацьстаянне паміж умоўнымі мукавозчыкамі і умоўнымі марзалюкамі.
“Незвычайна, што спрэчка выйшла на паверхню”
Як адзначае Валер Карбалевіч, ад беларускіх прапагандыстаў пакуль мы чуем толькі асцярожныя ўзаемныя абвінавачанні, што нельга параўноўваць з вайной паміж расійскімі мілблогерамі, якія ўжо гатовыя растрэльваць адзін аднаго:
— У таталітарных сістэмах таксама ідзе змаганне за тое, хто больш прававерны, больш непрымірымы да ворагаў. На розных этапах перамогу атрымліваюць то адныя, то іншыя.
Асноўны матыў прапагандыстаў — праявіць сябе больш артадаксальнымі, што з’яўляецца перадасновай для ўнутрывідавай барацьбы.
— Пасля 2020 года Лукашэнка змяніў амаль усіх кіраўнікоў сілавога блоку, — нагадвае палітычны аглядальнік. — Некаторыя трапілі ў апалу ці былі накіраваныя амбасадарамі ў ссылку. Іншыя наадварот — падняліся на тэроры. Цяпер у фаворы, напрыклад, генпракурор Андрэй Швед.
Незвычайным Валер Карбалевіч лічыць тое, што спрэчка выйшла на паверхню, і гэта можа сведчыць пра адсутнасць адзінай пазіцыі.
Паводле яго, сам факт правядзення кампаніі па вяртанні “беглых” — прыкмета, што ў рэжыме ёсць сілы, якія спрабуюць сцішыць ці прыпыніць тэрор, бо гэта дрэнна адбіваецца на грамадстве і сацыяльна-эканамічных чынніках.
— Звычайна канфлікты ў колах палітычнай эліты ўзмацняюцца падчас нейкага крызісу, — працягвае Валер Карбалевіч. — Цяпер ён невідавочны, але змаганне за месца пад сонцам ідзе заўсёды. Рознагалоссі паміж чыноўнікамі і сілавікамі ў публічную прастору не трапляюць у адрозненні ад прапагандысцкага асяродку.
“Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі таксама гучалі галасы, якія заклікалі спыніць тэрор”
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца Аляксандр Фрыдман, які праводзіць гістарычную аналогію:
— Тое ж самае было ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі. Тады таксама гучалі галасы, якія заклікалі спыніць тэрор. А скончылася ўсё тым, што Рабесп’ер сам стаў ахвярай. Пасля нешта падобнае абдывалася ў сталінскія часы, калі выканаўцы рэпрэсій ў 1937–38‑х былі знішчаныя ў 1939‑м. Цяпер тое ж самае адбываецца ў Беларусі.
На яго думку, Ігар Марзалюк — прадстаўнік групоўкі, якая мяркуе, што трэба спыніць тэрор і займацца стваральнай дзейнасцю для замацавання рэжыму.
— Ён самы смелы, і незразумела, якая ў гэтай групоўкі падтрымка. Магчыма, у яе ўваходзіць міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, які, напэўна, уважае правільным прасоўваць дыялог з Захадам, — кажа Аляксандр Фрыдман.
Беларускі кірунак, як мяркуе палітычны аглядальнік, прадстаўляе Ігар Марзалюк. А рускі свет — Андрэй Мукавозчык. У гэтым асноўнае супрацьстаянне.
— Больш фанатычнымі і катэгарычнымі выглядаюць прыхільнікі аб’яднання з Расіяй, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Яскравы прыклад — праўладная блогерка з Гродна Вольга Бондарава. Яна і яе аднадумцы вельмі ўтульна адчуваюць сябе ў сістэме тэрора. Акрамя таго, яны разумеюць, што ў выпадку змены сістэмы іх не чакае нічога добрага. А калі рэжым пачне працаваць больш лагодна, то патрэбы ў мукавозчыках не будзе. Яны больш запатрабаваныя ў экстрэмальных умовах.
Важным сведчаннем стане развіццё ці затуханне кейса Марзалюка
Абодва палітычныя аналітыкі адзначаюць, што прапагандысты могуць мець уласныя думкі, аднак выказваюць тую ці іншую пазіцыю толькі пасля каманды зверху.
— Памятаю як напярэдадні выбараў у 2020 годзе Дзмітрый Жук і Іван Эйсмант рэзка апаніравалі Маскве і палохалі крамлёўскім праектам, — узгадвае Валер Карбалевіч. — Пасля ўстаноўка радыкальна змянілася: Расія стала сябрам, а Захад — ворагам. Яны не самастойныя людзі. Працуюць у межах параметраў. Гэта інструмент рэжыму.
На нядаўні выпадак у пацверджанне гэтай тэзы спасылаецца Аляксандр Фрыдман:
— Тое, што прапагандысты не маюць самастойнасці, было бачна па гісторыі з Мачулішчамі. У першы час ніхто з прадзяржаўных блогераў не выказваўся. Гэта сведчанне, што кранаць тэму было забаронена. Адмашка была дадзена толькі пасля вяртання Лукашэнкі з Кітая.
Паводле яго меркавання, артыкул Андрэя Мукавозчыка запусціла тая групоўка, якая настроена бескампрамісна і разумее, што па-за межамі сістэмы будучыні ў яе няма.
Нашы суразмоўцы салідарныя ў думцы, што сведчаннем таго, ці пераможа прабеларуская пазіцыя, стане развіццё ці затуханне кейса Марзалюка.
Але ж на дадзены момант можна канстатаваць трэнд на працяг рэпрэсій, прасоўванне прарасійскіх настрояў і рэзкі адказ на асцярожныя заклікі спыніць дзяржаўны тэрор.
Чытайце яшчэ:
«На Беларусь могуць напасьці, нам трэба бараніцца». Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?
«Прапаганда — зьява, якую цяжка вылавіць». Экспэрт раіць, як чытаць навіны
Азаронак vs Салаўёў: чыя прапаганда больш эфектыўная?