• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «На Беларусь могуць напасьці, нам трэба бараніцца». Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?

    Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі аналізуе апошнія павевы і наратывы беларускай афіцыйнай прапаганды, ацэньвае ступень яе сынхранізацыі з крамлёўскай і адказвае на пытаньне, да чаго рыхтуе прапаганда беларусаў.

    — Ці зьмянілася афіцыйная прапаганда за апошнія тыдні, калі пачало актыўна абмяркоўвацца пытаньне магчымай новай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну? Ці рыхтуе прапаганда беларусаў да вайны?

    — Прапаганда выконвае заданьні «зьверху», не абавязкова ведаючы, у чым сапраўдная мэта гэтага «верху». Так што ў нашай сытуацыі размова можа ісьці як пра падрыхтоўку сапраўднага нападу зь беларускага пляцдарма на Ўкраіну, так і пра тое, што можа стварацца толькі ўражаньне, што такі напад рыхтуецца. Таму адназначна высновы рабіць немагчыма.

    Але і ў лістападзе, і ў сьнежні мы маглі заўважыць павелічэньне мілітарысцкай рыторыкі. Усё больш зьяўляецца матэрыялаў, дзе гаворыцца пра «абарону айчыны», пра тое, што «побач вайна, а ў Беларусі астравок стабільнасьці», «мы ня ўдзельнічаем у вайне, але калі нападуць, то мусім абараняцца», «NATO ўсё больш канцэнтруецца каля беларускіх межаў». Гэтыя наратывы і раней прысутнічалі, але зараз іх стала значна болей.

    Я б асабліва адзначыў інтэрвію міністра абароны Віктара Хрэніна газэце «Беларусь сегодня» ад 30 лістапада. Там паказальна тое, што міністар выказваўся нават больш канструктыўна і асьцярожна, чым аўтарка інтэрвію Людміла Гладкая, якая проста прымушала яго пагаджацца з тымі наратывамі, якія яна сама прапаноўвала. Гэта былі ня проста «цяжкія пытаньні», якія часам задаюць журналісты, каб падштурхнуць суразмоўцаў да пэўных адказаў — гэта была цэлая канцэпцыя. Хрэнін пры гэтым гаварыў пра канструктыўную пазыцыю заходніх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў кантакце зь беларускімі, і гэтак далей. То бок атрымалася, што прапагандыстка была большым ястрабам за міністра абароны.

    Калі ж гаварыць пра Лукашэнку, то ён робіць выказваньні, разьлічаныя на розную аўдыторыю — часам у адной прамове робіць супрацьлеглыя высновы. Але рыторыка пра вучэньні, пра канцэнтрацыю войскаў, пра падрыхтоўку Ўкраіны да вайны — усё гэта перажоўваецца прапагандай вельмі актыўна.

    — У 2022 годзе па беларускім тэлебачаньні паказвалі ролікі, дзе беларускія вайскоўцы заяўлялі: «Мы нікуды не ідзём, мы застаёмся». Ці працягваюць іх паказваць, ці гэты мэсыдж ужо адменены?

    — Той ролік быў запісаны ў адказ на відэа, запісанае ўкраінскім бокам, дзе ўкраінцы казалі, што ня трэба беларускім вайскоўцам ісьці ваяваць ва Ўкраіну. Так што гэта была тады канкрэтная рэакцыя на канкрэтную падзею, і зараз тыя ролікі ўжо не паказваюць. Зараз прапаганда вядзе размову ў стылі: «Калі трэба, то мы будзем ваяваць. Калі на нас нападуць, то будзем ваяваць». Можна прыгадаць, што перад 24 лютага 2022 году беларуская прапаганда разам з расейскай казала, што Захад хлусіць, ніякага нападу на Ўкраіну ня будзе — але потым адразу пачалі казаць, што гэта быў прэвэнтыўны адказ на агрэсію Ўкраіны.

    Для прапаганды «пераабувацца» зусім не складана. Іншае пытаньне — яны хацелі б сказаць людзям, да чаго іх рыхтаваць, але не заўсёды ведаюць, да чаго. Яны кажуць, што няма ніякай схаванай мабілізацыі, гэта проста пераўлік кадраў у ваенкаматах — але людзі бачаць, што тут нешта адбываецца, і гэта трывожна.

    На фоне агульнай трывожнасьці і вайны ў рэгіёне словы Лукашэнкі пра тое, што мы мусім абараняцца, выглядаюць больш пераканаўча — для тых людзей, якія давяраюць Лукашэнку і дзяржаўным мэдыя.

    — Аднак з вашых словаў вынікае, што пакуль гэты пасыл дваісты? Пакуль нельга сказаць, што ўся прапаганда пераключылася на падрыхтоўку да вайны? Такога ж нават у СССР не было ў чэрвені 1941 году.

    — Ёсьць істотнае адрозьненьне. Тады, у чэрвені 1941-га, савецкая прапаганда ўсяляк даказвала, што ніякай вайны ня будзе. Цяпер наадварот: расказваецца пра тое, што ёсьць шмат правакацый і вайна можа быць. Разам з тым можна адзначыць, што падзеньне ракеты на тэрыторыі Беларусі аказалася менш значным чыньнікам, чым падзеньне ракеты ў Польшчы. Тую гісторыю прапаганда выкарыстала напоўніцу, каб давесьці, што сярод саюзьнікаў Украіны могуць узьнікнуць праблемы і яны сутыкнуцца ілбамі.

    А гісторыю з падзеньнем ракеты ў Беларусі яны фактычна моцна не раскручвалі, быў вельмі зьніжаны тон. Я думаю, прапагандыстаў тут стрымлівала пытаньне адказнасьці і магчымых наступстваў. Бо калі б яны наўпрост абрынуліся на Ўкраіну, гэта магло б ператварыцца ў рэальную нагоду для абвастрэньня сытуацыі.

    — Мы бачым, як ГУБАЗІК хапае людзей за любыя праўкраінскія праявы, за колеры ўкраінскага сьцяга, за словы падтрымкі Ўкраіны ў сацыяльных сетках. Фармальна кажучы, гэта не зьяўляецца ніякім парушэньнем ніякага заканадаўства, і Беларусь з Украінай не ваюе. Наколькі расейскі наратыў, што ўкраінцы ворагі, перадаецца зараз беларускай прапагандзе?

    — Мы ў праекце Медіа-IQ яшчэ ўвосень 2021 году адзначылі, што беларуская прапаганда пачала ўжываць «альтэрнатыўныя» намінацыі: замест «украінская ўлада» — «украінская хунта», замест «узброеныя сілы» — «украфашысты», «нацыяналісты» і гэтак далей. Калі прапаганда атрымала такую адмашку — гэта відавочна паказвае, на чыім баку прыхільнасьці кіроўнага рэжыму. А ГУБАЗІК, як галоўны палітычны карны орган, проста выконвае сваю карную функцыю.

    Але я б усё ж разьвёў дзейнасьць карных органаў з прапагандай. Мы бачым па сацыялягічных апытаньнях, што беларусы ніяк не захапляюцца вайной ва Ўкраіне, ня сталі масава падтрымліваць расейскую агрэсію. Так што мы бачым, што прапаганда тут не дасягае сваіх мэтаў. Разам з тым нельга сказаць, што яна цалкам неэфэктыўная. Гэта, можа, і не працуе на падтрымку расейскай агрэсіі — але працуе на дэматывацыю людзей, якія супраць вайны. Калі людзі чытаюць тыя гісторыі, што адбываюцца ў сьценах ГУБАЗІКа, то гэта застрашвае людзей, яны могуць не наважыцца на выказваньне сваіх думак.

    — Ці можна сказаць, што сёньня беларуская прапаганда цалкам перайшла на рэйкі расейскай, ці яна захоўвае нейкую сваю адметнасьць? Альбо яна проста стала рэгіянальнай часткай крамлёўскай прапаганды?

    — Адметнасьці захаваліся. Так, адбылася пэўная сынхранізацыя з расейскай прапагандай, але засталіся і асобныя інтарэсы. Акцэнт робіцца на тым, што «мы ў вайне ня ўдзельнічаем, мы робім розныя гуманныя рэчы». Яны вырашаюць розныя задачы.

    Беларускай аўдыторыі імкнуцца не назаляць тым, што ў краіне прысутнічаюць расейскія войскі, поўным табу зьяўляецца той факт, што Беларусь стала пляцдармам для нападу на Ўкраіну ў лютым. Прапаганда нават ня ўзгадвае тую думку, што з тэрыторыі Беларусі можа быць зноў ажыцьцёўлена агрэсія супраць Украіны. Іхны наратыў: «На Беларусь могуць напасьці, нам трэба бараніцца». 

    Чытайце яшчэ: 

    Human Rights Watch: Беларусь во Всемирном докладе о событиях 2022 года

    Прыязджаю ў Варшаву, а валіза знікла. Што рабіць, калі ў вас скралі багаж

    Соучредитель Tut.by о суде: Это показательная порка двух самоотверженных женщин

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці