Уладзімір Пярцоў у Драгічыне выказаўся пра якасць працы дзяржаўных СМІ
25 кастрычніка міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў сустрэўся ў Драгічыне з ідэалагічным актывам раёна і калектывам мясцовага дзяржаўнага выдання «Драгічынскі веснік».
Візіт адбыўся ў межах так званага Дня інфармавання, калі сталічныя чыноўнікі прыязджаюць у рэгіёны, каб давесці пазіцыю дзеючых уладаў наконт найбольш хвалюючых пытанняў. Гэтым разам тэмай для гутаркі было захаванне сацыяльнай бяспекі ў Беларусі, але Уладзімір Пярцоў таксама выказаўся пра сучасныя выклікі і асаблівасці вядзення «інфармацыйнай працы».
Адказваючы на пытанні аўдыторыі міністр адзначыў, што рэгіянальныя СМІ будуць захоўваць сваю запатрабаванасць, калі змогуць прыцягнуць спажыўцоў сваёй прадукцыі і формай, і зместам. Разам з тым ён упэўнены, што трэба больш увагі звяртаць на дзейнасць мясцовых уладаў.
«Акрамя інфармацыйна-тлумачальных складнікаў рэдакцыя павінна актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні праблем насельніцтва, паказваць механізмы іх вырашэння ўладай», — лічыць Пярцоў.
Міністр сцвярджае, што адзнаку якасці інфармацыйнай працы можна бачыць па рэакцыі апанентаў. «Яны прызнаюць, што інфармацыйны парадак дня сёння фармуецца дзяржаўнымі СМІ, а таксама праз іншыя каналы камунікацыі», — заявіў чыноўнік.
Пры гэтым Уладзімір Пярцоў заўважае, што дзяржаўным масмедыя трэба яшчэ шмат што зрабіць, каб завабіць моладзевую аўдыторыю: «Важна захоўваць мабілізаванасць, удасканальваць працу і прымяняць тэхналогіі, якія змогуць паўплываць, у першую чаргу, на маладое сацыяльна актыўнае насельніцтва».
Па версіі Уладзіміра Пярцова, узровень даверу да дзяржаўных СМІ апошнім часам значна вырас. Ён сцярджае, што летась нацыянальны тэлекантэнт упершыню перасягнуў адзнаку адзін мільён гледачоў у рэжыме рэальнага часу.
Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр інфармацыі таксама заўважыў, што рэгіянальныя тэлестудыі ствараюць «дастаткова прафесійны кантэнт, у тым ліку і для рэспубліканскіх каналаў». Гэта, паводле яго слоў, сведчыць пра якасць прадукту.
Тым часам менавіта ў Драгічыне летась была ліквідаваная рэгіянальная тэлекампанія, якая існавала больш за 25 гадоў.
Мясцовыя ўлады адмовіліся дапамагаць камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Тэлекампанія «Грамадскае Драгічынскае Тэлебачанне», калі ў таго ўзніклі фінансавыя праблемы. Пасля гэтага эканамічны суд Брэсцкай вобласці прызнаў тэлекампанію банкрутам.
Зараз за дзяржаўную інфармацыйную палітыку ў раёне адказвае газета «Драгiчынскi веснiк», якая друкуецца адзін раз на тыдзень накладам крыху больш за 4 тысячы асобнікаў. Таксама рэдакцыя мусіць займацца сайтам і весці сацыяльныя сеткі. Да прыкладу, на старонку выдання ў Telegram зараз падпісана 877 чалавек.
Чытайце яшчэ:
Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
Силовики наблюдают за несогласными с властью белорусами в YouTube. Как безопасно пользоваться этой платформой?