Улады Расіі паспрабуюць заблакаваць YouTube
Улады Расіі рыхтуюць «мяккае блакаванне» YouTube у Расіі. Растэлекам тэстуе партал, які будзе фільтраваць кантэнт відэасэрвісу па правілах ваеннай цэнзуры.
Растэлекам прапанаваў супрацоўнікам пратэставаць «сэрвіс доступу да YouTube» — ліст ведамства выявіў профільны канал «ЗаТелеком». YouTube ім прапанавалі глядзець не наўпрост, а праз спецыяльна створаны Растэлекамам сайт ytonline.ru, на якім магчымая фільтрацыя кантэнту. Гэта падобна на тэст фільтра для цэнзуры YouTube, распавёў тэлеграм-каналу «Можам патлумачыць» выканаўчы дырэктар Таварыства абароны Інтэрнэту і аўтар канала «ЗаТелеком» Міхаіл Клімараў.
Яшчэ ў пятніцу сайт быў дасяжны для ўсіх расійскіх карыстальнікаў, праз яго можна было паглядзець любое відэа на амерыканскім відэахостынгу, у тым ліку расследаванні Навальнага. Зараз ytonline.ru зачынілі — зайсці на яго немагчыма, браўзэр піша: «Падключэнне адхілена».
Клімараў тлумачыць, як, па думцы цэнзараў, будзе працаваць новы сэрвіс. «Наўпроставы доступ да YouTube заблакуюць, але глядзець відэа з яго можна будзе праз “пракладку” — гэты партал Растэлекаму, — кажа эксперт. — Толькі ўжо не ўсё: коцікаў і кулінарыю — калі ласка, а крамольны з пункту гледжання ўлады кантэнт ён не прапусціць».
Гэта можа быць кампрамісны сцэнар паміж поўным блакаваннем (як Facebook і Instagram) і цяперашнім YouTube без цэнзуры — «Ён уладу, відавочна, не задавальняе», робіць выснову Клімараў.
Пасля прыняцця палітычнага рашэння на запуск такога фільтра спатрэбіцца каля двух месяцаў, тэхнічных складанасцяў тут няма, сур’ёзных фінансавых выдаткаў не спатрэбіцца, паказвае эксперт.
Два IT-спецыяліста, апытаных «Можам патлумачыць», пацвердзілі, што з ліста Растэлекаму вынікае менавіта такі сцэнар, і ён цалкам рэалістычны.
Глядзець жа YouTube з дапамогай VPN вялікая частка насельніцтва, верагодна, не зможа. У апошнія два тыдні Раскамнагляд актывізаваў барацьбу з VPN-сэрвісамі — з 7 жніўня назіраецца хваля збояў у іх працы.
У ведамстве спробы блакавання VPN патлумачылі клопатам аб асабістых даных расійцаў.
Чытайце яшчэ:
Анджэя Пачобута ўзнагародзілі медалём місіі Яна Карскага
Ад Кыргызстана да Атлантычнага акіяна. Дзе адпачываюць прапагандысты
«Раёнкі» Віцебшчыны публікуюць «водгукі грамадскасці», імітуючы цікаўнасць да інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі