• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады 2 гады імкнуцца цалкам знішчыць незалежныя медыі, але тыя працуюць

    Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што беларусы пачалі меней чытаць навінаў і меней давяраюць сродкам масавай інфармацыі. «Белсат» у размове з Паўлюком Быкоўскім, аналітыкам праекту «Media IQ», высвятляў, якім чынам цяпер спажываюць навіны жыхары Беларусі і наколькі запатрабаваныя ў іх незалежныя медыі.

    Сацыёлагі пад канец мінулага года зладзілі даследаванне беларускага грамадства, у якім, сярод іншага, спрабавалі таксама даведацца ад рэспандэнтаў, якія навіны тыя чытаюць. Сацыёлаг Філіп Біканаў падзяліў грамадства на некалькі частак (свядомыя; савецкія; тыя, якія фармуюцца; абыякавыя; русіфікаваныя). Паводле дадзеных даследчыка, незалежныя СМІ часцей за ўсё чытаюць свядомыя – 14 % рэспандэнтаў. Астатнія чытаюць або толькі дзяржаўныя медыі, або адначасова дзяржаўныя і недзяржаўныя.

    Сацыёлагі «Chatham House» прыводзяць звесткі, што незалежныя рэсурсы штодня чытаюць каля 41 % апытаных.

    Такое разыходжанне ў выніках апытання тлумачыцца тым, што грамадства жыве ў страху. Людзі баяцца выказваць свае думкі. Таму сацыёлагам цяперашнія з’явы складана зафіксаваць, кажа Паўлюк Быкоўскі, аналітык праекту «Media IQ».

    «Цяпер шмат якія сацыялагічныя даследаванні сутыкаюцца з тым, што чалавеку страшна прызнавацца, што ён падпісаны на «экстрэмісцкія медыі». А з іншага боку – ён добра ведае, што адбываецца навокал. Пры гэтым шмат хто спасылаецца на міжасабовую камунікацыю  – шмат інфармацыі ў грамадстве распаўсюджваецца такім шляхам. Людзі распавядаюць пра падзеі без спасылак на першакрыніцы. Вядома, што ў такой сітуацыі інфармацыя абрастае рознымі падрабязнасцямі, бо калі чалавек пераказвае інфармацыю, то падае яе больш эмацыйна, нешта дадае ад сябе. І ў выніку такія вось чуткі распаўсюджваюцца нашмат хутчэй, чым дакладная інфармацыя», – кажа медыяэксперт.

    Што да запатрабаванасці незалежнай інфармацыі, тут аналітык тлумачыць, што грамадска-палітычныя навіны – гэта навіны, якія прадугледжваюць, што заўтра можа нешта змяніцца. Але калі на парадку дня такога пытання няма, то пры гэткай сітуацыі і матывацыі сачыць за навінамі няма. У выніку нават прагноз надвор’я будзе нашмат важнейшы за навіны грамадска-палітычнага зместу.

    «Іншая сітуацыя, калі гучаць трывожныя паведамленні, вось як цяпер у Беларусі: ці будзе вайна з удзелам вайскоўцаў нашай краіны? То людзі пачынаюць прыслухоўвацца да нечага. І могуць вырасці нават прагляды дзяржаўных тэлеканалаў. Але не таму, што людзі сталі ім болей давяраць. Не. Гэта абумоўлена тым, што людзі хочуць даведацца, што ж задумала начальства. Людзі ведаюць, што начальства хлусіць, але ж яно нешта кажа і магчыма, што паміж радкоў мы нешта пачуем. Таму трэба сачыць за імі. І вось гэты фактар таксама працуе», – звяртае ўвагу Паўлюк Быкоўскі.

    Апытанні важныя і патрэбныя, але гэта не ісціна ў апошніх інстанцыях, кажа медыяэксперт.

    Паводле апошняга даследавання «Chatham House», штодзённа чытаюць навіны незалежных медыяў 41 % апытаных. Дзяржаўныя – каля 50 %. Розніца ў выніку атрымалася не такая і вялікая, але тут, звяртае ўвагу медыяэксперт, варта ўлічваць, што не кожны хоча называць крыніцы, бо значная частка медыяў цяпер у «экстрэмісцкім спісе».

    Менавіта гэта, паводле аналітыкаў, уплывае і на давер да СМІ. Цяпер, як сведчаць сацыёлагі, перавагу ў даверы маюць дзяржаўныя медыі.

    «Улады назвалі недзяржаўныя медыі «экстрэмісцкімі», што знізіла давер да іх, ды і страх узнікае, што могуць пакараць за спажыванне гэтых медыяў. Таксама людзі могуць па-рознаму ўспрымаць медыі, што працуюць у Беларусі – і за межамі краіны. Да апошніх давер меншы», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

    Акрамя гэтага, узровень даверу да недзяржаўных медыяў зніжаецца праз тое, што незалежныя СМІ перасталі пісаць імёны аўтараў, часта спасылаюцца на ананімныя крыніцы. Але ж такія цяпер варункі існавання, востра стаіць пытанне бяспекі.

    У любым выпадку, улады імкнуцца знішчыць незалежныя медыі. Яны паспрабавалі ў якасці кантролю разбурыць найбуйнейшыя СМІ, пазбавіць акрэдытацыі замежных журналістаў, знішчыць бізнес незалежных рэдакцыяў і выціснуць іх за мяжу. Усё гэта зрабіць ім удалося, але ў выніку медыі ўсё роўна працуюць. Яны маюць аўдыторыю і людзі працягваюць атрымліваць інфармацыю. Таму без поўнага адключэння інтэрнэту працу незалежных СМІ знішчыць нельга, падсумоўвае Паўлюк Быкоўскі.

    Чытайце еще:

    «Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому». Пра што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    Беларусские пропагандисты и провластные Telegram-каналы целый день «атакуют» Почобута

    «Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці