У судзе над Паўлам Падабедам спрэчкі бакоў адбудуцца ўжо на другім пасяджэнні. Неўзабаве прысуд
Працэс над відэааператарам Паўлам Падабедам, які пачаўся 28 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе, абяцае стаць хуткацечным. Пасля апытання абвінавачанага ўжо на пятніцу запланаваныя спрэчкі бакоў, а пачатак наступнага тыдня можа завершыцца прысудам.
Журналіста, які ў статусе фрылансера два дзясяткі гадоў супрацоўнічаў з шэрагам незалежных медыя, абвінавачваюць на падставе ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса.
Санкцыя за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або накіраванне ў калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.
28 чэрвеня прызначаны на працэс суддзя Яўген Пісарэвіч апытаў Паўла Падабеда адносна ўдзелу ў «экстрэмісцкім фармаванні» — інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат». Сярод іншага яго падазраюць у падрыхтоўцы сюжэтаў для расследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненне відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамета.
Для нагляднасці таксама дэманстраваліся ролікі «пратэснага кантэнту», некаторым ужо 10–15 гадоў, калі ў беларускім заканадаўстве яшчэ не існавала паняцця пра «фармаванні» ў дачыненні да СМІ.
Акрамя таго, стала зразумела, што за Паўлам Падабедам мэтанакіравана сачылі, яго тэлефон праслухоўваўся — у якасці «доказаў» уключалі запісы размоваў, з якіх нібыта вынікае датычнасць да «экстрэмісцкага рэсурсу». Гэтаксама цытаваліся ліставанні ў месенджарах.
Незадоўга да пачатку суда журналісту дадалі эпізод наконт «карыслівых матываў» — атрыманне фінансавай выгады. Іншымі словамі, праз тое, што меў картку замежнага банка, намагаюцца падвесці пад штраф за патэнцыйна нясплочаныя падаткі ў Беларусі.
Сам журналіст падчас працэсу трымаецца годна, адказвае на пытанні ўпэўнена, інкрымінаваныя «злачынствы» лічыць надуманымі.
Такім чынам, суду хапіла аднаго пасяджэння, каб разабрацца ў сутнасці справы. 30 чэрвеня пройдуць спрэчкі бакоў, падчас якіх прадстаўнік пракуратуры з вялікай верагоднасцю запатрабуе тэрмін для абвінавачанага.
Пры такім раскладзе можна меркаваць, што ўжо на наступным тыдні палітвязню будзе вынесены канчатковы вырак.
За кратамі Павел Падабед ужо больш за 6 месяцаў — яго затрымалі сёлета 20 студзеня. На падставе старых рэпостаў у сацсетках дзесяцігадовай даўнасці праваахоўнікі абвінавацілі журналіста ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падчас ператрусу на экспертызу забралі камп’ютарныя носьбіты інфармацыі, мабільныя тэлефоны, а таксама прафесійную відэакамеру.
Першапачаткова суд пакараў журналіста 15 суткамі арышту паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна. Але напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў сталічны следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361–1, ч. 3 КК — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)».
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.
Ад канца 1990‑х у якасці фатографа і відэааператара Павел Падабед супрацоўнічаў з шэрагам СМІ, не маючы праблем з законам. Аднак пасля драматычных падзей 2020 года сітуацыя карэнным чынам змянілася, калі ўлады распачалі мэтанакіраваны пераслед супрацоўнікаў незалежных медыя.
У траўні за кратамі Павел Падабед адзначыў 44‑ы дзень нараджэння. Да заканчэння судовага працэсу фігурант «экстрэмісцкай» справы будзе ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска.
Чытайце яшчэ:
Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне
Журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзь Мажейка трапіў у «тэрарыстычны спіс»
Возвышенные и униженные. Каков медийный эффект марша Пригожина?