У рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» і дома ў выдаўца адбыліся вобшукі
У рэдакцыю газеты "Ганцавіцкі час" у 10.30 прыйшла міліцыя з вобшукам. З рэдакцыі нічога не забралі. Але на экспертызу забралі асабісты ноўтбук Гузаеўскага.
Сярод тых, кто прыйшоў у рэдакцыю, быў начальнік крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС Дзмітрый Юрчык. Прыблізна праз гадзіну мііліцыянты з’ехалі, разам з імі галоўны рэдактар газеты «Ганцавіцкі час» Пётр Гузаеўскі.
Журналісты выдання не бачылі, каб нешта забралі з рэдакцыі. Калі пачынаўся вобшук, журналісты пачулі, што яго робяць па замове з Драгічына. Менавіта ў гэтым горадзе днямі распачалі крымінальную справу паводле «абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Падазраваным па справе з’яўляецца карэспандэнт «Першага Рэгіёна» Сяргей Гардзіевіч.
Пасля рэдакцыі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з вобшукам дадому да выдаўца газеты «Ганцавіцкі час» і сайта «Першы рэгіён» Пятра Гузаеўскага. У яго з дома забралі камп’ютар.
«Яшчэ да моманту вобшука я задаў пытанне, што вы шукаеце? Але адказу ад начальніка аддзела крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС я не атрымаў. Не напісана, што канкрэтна шукаюць, і ў пастанове. У рэдакцыі ў пратаколе ператрусу было напісана: «Нічога не выяўлена». У кватэры «знайшлі» ноўтбук, які забралі. Толькі вось на якой падставе? Якое дачыненне мой ноўтбук мае да справы, дзе Гардзіевіч нібыта напісаў пост, у якім нехта ўбачыў абразу прэзідэнта? Я нязгодны з правядзеннем вобшуку і адабраннем майго ноўтбука, лічу гэтыя дзеянні незаконнымі», — заявіў Гузаеўскі.
Афіцыйна: Паводле пастановы следчага Драгічынскага райаддзела СК Вількоўскага і санкцыі пракурора Драгічынскага раёна Дзяшко па справе №20122080257 ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча ў 10–42 29 снежня 2020 года быў праведзены вобшук у рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час», а пазней у кватэры галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага.
На мінулым тыдні стала вядома, што ў Драгічыне карэспандэнта сайта “Першы Рэгіён» Сяргея Гардзіевіча адправілі пад хатні арышт (праваабаронцы прызналі яго палітвязнем). А 24 снежня рэдактара сайта “Першы Рэгіён» Паўла Дайліда раптоўна выклікалі для апытання ў Івацэвіцкі РАУС, а за гэты час хтосьці скарыстаўся яго асабістым смартфонам, які рэдактар пакінуў у камеры захоўвання ў міліцэйскім аддзяленні. У выніку з акаўнта Паўла Дайліда была выдаленая згаданая група ў Viber.
Гэтым летам журналісты «Ганцавіцкага часу» знялі жорсткі разгон акцыі пратэсту міліцыяй. Услед за ўдзельнікамі затрымалі і карэспандэнтаў. Журналіста Аляксандра Пазняка аштрафавалі, а аператару Сяргею Багрову далі 15 сутак арышту.
Сайт «Першы Рэгіён» — прыватнае медыя. Працуе для шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці: Івацэвічаў, Бярозы, Пінска, Ганцавіч, Драгічына.
Газеце «Ганцавіцкі час» 19 гадоў. Яна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі, належыць кампаніі «Медыя-Ганцавічы», якая заснавала і сайт «Першы Рэгіён».