• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У прамзону ходзіць з кійком. Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя

    Журналіст, палітолаг, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ўжо больш за два гады за кратамі — пасля дасудовага «марынавання» ў ізалятарах КДБ і УУС Мінгарвыканкама цяпер адбывае 10-гадовы вырак у калоніі № 15 Магілёва. Беларуская асацыяцыя журналістаў дазналася пра нюансы адсідкі аднаго з найбольш вядомых беларускіх інтэлектуалаў.  

    Былыя калегі Аляксандра Фядуты па зняволенні на ўмовах ананімнасці расказалі, што ў выніку шматлікіх хранічных і набытых захворванняў ён быў этапаваны ў калонію ўжо з кійком, так перасоўваецца і цяпер.

    Зрэшты, фізічны стан не стаў нагодай для адміністрацыі папраўчай установы, каб пакінуць вязня ў рэзерве — ён мусіць разам з іншымі хадзіць на працу ў так званую прамысловую зону.

    Цяжкія нагрузкі і хваравітыя сімптомы не маглі не пакінуць свой след — 58-гадовы Аляксандр Фядута выглядае знямоглым, ён моцна схуднеў і асунуўся, кажуць сведкі.

    «Палітычны» статус аўтаматычна цягне шэраг наступстваў абмежавальнага характару. Напрыклад, на няпэўны час спадар Аляксандр пазбаўлены перадач і спатканняў з роднымі, выключэнне зроблена толькі для неабходных лекаў. Уся іншая сувязь са знешнім светам падтрымліваецца праз лісты і планавыя тэлефанаванні.

    Былыя сядзельцы таксама наракаюць, што на палітвязняў моцна ціснуць за любыя згадкі пра іх у СМІ — у такім выпадку пагражаюць караць увесь атрад, што выклікае пэўную нервознасць.

    Нягледзячы на прэсінг, Аляксандр Фядута працягвае даследчую дзейнасць. Так, у вольны час займаецца літаратуразнаўчым аналізам п’есы Міхаіла Булгакава «Батум», дзе паказаны пачатак крывавага шляху маладога Іосіфа Сталіна. Не выключана з’яўленне сцэнарыя.  

    Дарэчы, дагэтуль не акрэслены лёс ягоных рукапісаў-каментароў да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», над якімі літаратуразнаўца пачаў працаваць яшчэ ў следчых ізалятарах. Тэксты нават забіралі на «экспертызу», але ўрэшце вярнулі, не знайшоўшы крамолы. Цяпер матэрыял на рэдактуры, ці ўдасца выдаць кнігу ў агляднай перспектыве — невядома.  

    Як бы там ні было, палітвязень намагаецца падтрымліваць бадзёрасць духу і верыць у лепшыя часы для сябе і ўсёй Беларусі. 

    Нагадаем, Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту. Паралельна схапілі палітыка  Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

    Разгляд аб’яднанай справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення.

    5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка крыху «змякчыў» запытаны тэрмін і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    29 лістапада Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле.

    Напрыканцы мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Аляксандра Фядуту ў ведамасны пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Следам палітвязня этапавалі з СІЗА № 1 Мінска ў магілёўскую калонію № 15.

    Гэта ўжо другое вымушанае знаёмства Аляксандра Фядуты з пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі. Першы раз тое здарылася падчас электаральнай кампаніі-2010, калі ён працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

    Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі падліку галасоў быў арыштаваны 20 снежня таго ж году і змешчаны ў СІЗА КДБ паводле падазрэння ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» (ч. 1 і 2 арт. 293 КК).

    20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Жанна Жукоўская пакарала палітвязня 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна. На волю Аляксандр Фядута вынес рукапіс кнігі «Американские стихи», якая выйшла ў свет у Берліне і была ўганараваная прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

    Пасля адбыцця пакарання і маючы цяжкасці з уладкаваннем у Беларусі, Аляксандр Фядута спачатку супрацоўнічаў з рознымі інстытуцыямі ва Украіне, а да драматычнага для сябе красавіка 2021 года працаваў па дамовах у Расіі.   

    Чытайце яшчэ:

    Кіберзброя. Як выявіць маніпуляцыі з візуальным кантэнтам?

    Journalism is not a crime! Журналісты знялі прыгожы ролік з акцыі БАЖ і ЛСЖ у Вільні

    Андрэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці