«У Мінску меў кар’еру, а тут пачаў з маляра і жыву ў доме з джакузі». Як беларус перабраўся ў Каліфорнію
Пакуль большасць беларусаў-эмігрантаў пераязджае ў суседнія краіны, спартовы фатограф і журналіст Антон Дацэнка перабраўся за акіян — у далёкую Каліфорнію. Як жывецца ў штаце, дзе заўсёды цёпла і дзе б’ецца сэрца заходняга кінематографа? Каллегі з "Нашай Нівы" распыталі Антона пра яго каліфарнійскі досвед.
«Уяўляў, як мяне называюць амерыканскім шпіёнам»
Краіну Антон пакінуў у маі 2022 года, бо лічыў, што заставацца небяспечна.
«У дадатак, было эмацыянальна цяжка, калі твая краіна — суагрэсар, няхай яна і знаходзіцца ў закладніках. Не хацелася ісці на нейкія кампрамісы з сумленнем.
Шэндэровіч казаў, што ў такіх абставінах, у якіх цяпер наша краіна, ёсць тры варыянты: змагацца, стаць часткай сістэмы ці з’ехаць. Калі людзі сталі пакідаць Беларусь, я зразумеў, што мне застаецца або маргіналізавацца, або сапраўды з’ехаць. Так для мяне і маёй сям’і застаўся толькі апошні варыянт», — расказвае ён.
Але для эміграцыі мужчына выбраў незвычайны варыянт: не папулярныя Польшчу ці Літву, а сонечную заакіянскую Каліфорнію. Чаму? Антон тлумачыць, што ў дадатак да беларускага грамадзянства мае і амерыканскае, бо калісьці яго сям’я жыла ў ЗША.
Праз амерыканскі пашпарт мужчына вельмі перажываў у 2020 годзе, бо лічыў, што калі б яго затрымалі, амерыканскае грамадзянства і наяўнасць у яго прафесійнай журналісцкай камеры спрацавалі б яму не на карысць: «Ужо ўяўляў, як бы гэта ўсё было раскладзена ў перадачы Азаронка, як бы мяне называлі амерыканскім шпіёнам».
Сям’я Антона мае апазіцыйныя погляды. Жонка і двое яе дзяцей ад першага шлюбу бралі ўдзел у мірных пратэстах. Жонцы, кажа ён, адкрыта пагражалі, што пра яе паведамяць «куды трэба». У Амерыцы члены сям’і мужчыны атрымалі палітычны прытулак.
Антон выбраў Каліфорнію, бо гэты штат да гэтага яму дужа падабаўся. Там адчуваецца павага да правоў людзей, чужога меркавання, прыватнай уласнасці, памнажаецца гэта ўсё на фенаменальныя перспектывы.
Беларус вельмі хваліць каліфарнійскі клімат: «Нават у такі дэпрэсіўны месяц, як студзень, калі навокал звычайна туга і холад, у Каліфорніі ўсё прыгожа. Калі ты шмат працуеш у такім антуражы, табе гэта даецца лягчэй, нідзе ў свеце я б не здолеў столькі працаваць. Вядома, што ў Каліфорніі вышэйшы бар’ер уваходжання, але я б вельмі яе раіў для пераезду».
Антон пераязджаў у ЗША без ашчаджэнняў і без планаў, як будзе зарабляць далей. Але працу аказалася знайсці няцяжка.
Ён прыйшоў у першы ж рэстаран, які яму параілі, сказаў менеджару, што хацеў бы ў іх уладкавацца на любую пазіцыю. І далей мужчыны лёгка паразумеліся:
«Менеджар паглядзеў маё рэзюмэ, а я ў рэстаране працаваў апошні раз гадоў 15 таму. Я патлумачыў, што працаваў спартовым журналістам і з’ехаў з Беларусі, бо з маёй грамадзянскай пазіцыяй там жыць небяспечна. Ён спытаў, ці з’ехаў я з прынцыповых прычын, і калі пачуў станоўчы адказ, прыняў мяне на працу».
У Амерыцы, тлумачыць Дацэнка, ёсць павага да людзей, якія нешта робяць па меркаваннях сумлення, і гэта адзін з плюсоў ЗША. Там вельмі шмат значыць рэпутацыя.
Хаця не ўсё проста. Антон расказвае, што стамляецца, часам нервы здаюць, і ён пачынае перажываць: столькі рахункаў, як гэта ўсё аплаціць? Але вырашаць гэтыя праблемы не так цяжка, як іх абдумваць. Сам працэс пераезду аказаўся лягчэйшы, чым ён уяўляў.
Беларус падбадзёрвае: «Лічу, што трэба перастаць баяцца мяняць сваё жыццё, нават калі на нейкім кароткім этапе трэба будзе, як я рабіў, фарбаваць сцены. І калі б мяне жыццё падштурхнула да таго, каб зарабляць мыццём посуду ці падлогі, я б гэтага не саромеўся, бо зневажальна саромецца сумленнай працы. Ісці на пагадненне з сумленнем — вось гэта сапраўды страшна.
У бодзібілдынг спартсмены прыходзілі, каб быць незалежнымі ад знешніх абставін, каб да цябе нейкі незнаёмец не дакапаўся на вуліцы, каб ты быў моцным хлопцам і мог абараніць дзяўчыну. А калі паглядзець на тое, як рускія бодзібілдары рэагуюць на вайну, то бачна: людзі, якія гадамі трэніраваліся, каб быць незалежнымі ад знешніх абставін, робяцца абсалютна бездапаможнымі, калі іх дзяржава ператвараецца проста ў пачвару і знішчае ўсё навокал, у тым ліку ўласных грамадзян. Я абураны тым, як гэтыя людзі, падобныя да антычных багоў, дазваляюць сабе ісці на кампрамісы з сумленнем і не прымаць нейкія мужныя рашэнні, каб змяніць сваё жыццё».
«Калібры — жывыя істоты памерам з шакаладную цукерку»
Мужчына жыве ў горадзе Сан-Дыега. Ці то як жарт, ці то ўсур’ёз тлумачыць, што ў выпадку ядзернай вайны па Сан-Дыега ўдараць у першую чаргу, бо там вайсковыя базы. З захапленнем расказвае пра амерыканскіх вайскоўцаў, якіх часам сустракае на вуліцах горада:
«Я пацыфіст, і ўсё мілітарысцкае мяне пужае і не падабаецца.
Але цяпер, пасля пачатку вайны ва Украіне, калі бачна, як выглядае расійская армія і як гавораць расійскія вайсковыя чыноўнікі, я пачаў звяртаць увагу на звычайных амерыканскіх вайскоўцаў. Бачу, як яны заходзяць у рэстараны, трэнажорныя залы, і яны рэальна як з карцінкі: маюць ідэальныя прычоскі, іх форма заўсёды акуратна запраўленая, трымаюцца інтэлігентна, а не як гапатня.
Не разбіраюся ў іх пасадах, але бачу, што гэта нейкія зусім простыя хлопцы, вельмі маладыя. Яны заўсёды ў добрай форме, бо, як мне расказвалі, заробак вайскоўцаў залежыць ад таго, наколькі добра яны здаюць усе нарматывы. Мне б хацелася, каб такімі былі вайскоўцы ва ўсіх краінах».
Антон хваліць Сан-Дыега за антураж і настроі людзей. Расказвае, што яго жонка першыя тыдні не магла паверыць, што незнаёмыя людзі могуць падысці да яе на вуліцы і зрабіць кампліменты: «Вы так добра выглядаеце», «У вас такая прыгожая сумачка/такія файныя туфлі». Такія рэчы мяняюць светаадчуванне і настрой.
Так як Антон — фатограф, для яго вельмі важны візуальны кампанент. Калі вечарам едзеш па вуліцы і бачыш, як сонца кладзецца на шаты дрэў, эўкаліптаў, бачыш расслабленых людзей, ты напаўняешся станоўчай энергіяй, расказвае мужчына, і таму ён не можа ўявіць сабе іншае месца, акрамя Каліфорніі, куды б пераехаў.
Што да каліфарнійскіх гарадоў, то ў Сан-Францыска занадта холадна і ў Антона там няма сяброў, у Лос-Анджэлесе занадта напружаны трафік, таму Сан-Дыега для беларуса — самы камфортны горад.
Ён арандуе two-bedroom apartment — гэта кватэра з дзвюма спальнямі і яшчэ адным вялікім пакоем, у месяц гэта каштуе 2400 даляраў. У жыллёвым комплексе ёсць асобная паркоўка, акно выходзіць на парк, дзе на адлегласці выцягнутай рукі лётаюць калібры. «Гэта жывыя істоты памерам з шакаладную цукерку, якія маюць неверагодныя колеры».
Таксама ў жылым комплексе ёсць джакузі і басейн, па перыметры высаджаныя пальмы і расліны, якія квітнеюць узімку, і Антон параўноўвае гэта з райскім месцам.
Гэта нават выклікае ў мужчыны псіхалагічны дыскамфорт: «Спрабую публікаваць у інстаграме прыгожыя здымкі, каб заахвоціць людзей пераязджаць, але адчуваю жудасную віну за тое, што ў мяне ўсё добра і нехта можа гэта цяжка ўспрыняць. Мне тут добра, але гэта ўзаемавыгадная гульня, бо я працую сумленна і плачу ўсе падаткі. Свабодны рынак і сумленнае стаўленне ўсіх да ўсіх выгадныя ўсім бакам, і гэта мне ў Каліфорніі дужа падабаецца».
«Дзякуй богу, мне амаль не прыходзілася звяртацца да мясцовых дактароў»
Здымаць жыллё ў Амерыцы няпроста, прызнаецца Антон. У цябе папросяць двайную аплату, то-бок задатак. Плюс у цябе павінна быць крэдытная гісторыя, трэба прадэманстраваць арэндадаўцу, што ты маеш даход і працу, каб ён не перажываў, што ты не зможаш плаціць. Тут людзі па 2—3 месяцы шукаюць жыллё, у Антона на гэта сышоў прыкладна месяц.
Да медыцыны ў мужчыны ёсць пытанні: «Дзякуй богу, мне амаль не прыходзілася звяртацца да мясцовых дактароў. Але самі амерыканцы ў жаху ад медыцыны, хвалююцца, што атрымліваюць вар’яцкія рахункі.
Трэба быць застрахаваным-перастрахаваным па максімуме, каб, умоўна кажучы, не заплаціць за зламаную руку 9 тысяч даляраў. Шмат якія амерыканцы ездзяць у Мексіку і лечацца там.
Тое, што тут усё жудасна дорага, — гэта факт, але скардзіцца на гэта несур’ёзна. Адзенне таннае, да таго ж тут вельмі шмат розных магазінаў са зніжкамі, не сэканд-хэндаў, а дыскаўнтараў з новымі рэчамі. Бачыў добрыя скураныя боты Dr.Martens, яны каштавалі — праўда, на зніжцы — 70 даляраў, а ў Мінску набыў бы іх за 150 даляраў».
У месяц беларусу трэба 400 даляраў толькі на бензін, 2400 на кватэру, шмат ідзе на прадукты, бо чатыры чалавекі шмат ядуць. А як можна не набываць клубніцы ці суніцы, калі яны даступныя ў студзені, пытаецца Антон?
Таксама ён шмат укладваецца ў тэхніку для фатаграфіі. Часам, прызнае мужчына, ён баіцца заходзіць у грашовыя дадаткі, бо жыве ад заробку да заробку, але ўзровень жыцця ў яго на некалькі парадкаў іншы, чым у Беларусі: «З працы прыходжу стомлены, але пасля гэтага іду ў джакузі ў цэнтры свайго маленькага батанічнага саду. І гэта не нейкае заможнае жыццё, так тут жыве сярэдні клас».
«У той жа час я і мая сям’я маем бясплатную медыцынскую страхоўку ад штата, можна атрымаць вялікую зніжку на электрычнасць. Калі ў цябе маленькі даход ці нават няма на што набыць ежу, ты можаш наведаць агромністую колькасць устаноў, дзе дадуць бясплатную ежу для цябе і тваёй сям’і, там будзе і мяса, і садавіна. Каліфорнія ніколі не пакіне чалавека галодным ці на вуліцы», — лічыць Дацэнка.
Антон расказвае, што хоча не толькі падтрымліваць належны ўзровень жыцця, але і працягнуць займацца фатаграфіяй тут. Яму вельмі цікава, як гэта пойдзе, але па яго ўнутраных адчуваннях ён мусіць быць запатрабаваны. Што да цэн, то калі б мужчына набываў тую ж фотатэхніку, што набыў у Амерыцы, у Мінску, ён бы пераплаціў 30—35% і меў бы нашмат менш магчымасцяў рэалізацыі сваёй працы, чым у ЗША.
Ці застаўся б ён у ЗША назаўсёды? «Балюча адказваць на гэтае пытанне, бо я вельмі люблю Беларусь. Пры таталітарызме ў Беларусі адназначна туды не вярнуся, і ні за што не вярнуся пры дэ-факта акупацыі краіны Расіяй. Я люблю Каліфорнію, і ўся мая сям’я яе вельмі палюбіла. Мы з цяжкасцю ўяўляем сябе недзе яшчэ, акрамя Каліфорніі.
Некалькі разоў мяне ў Каліфорніі спыняла паліцыя. Гэта фенаменальнае адчуванне, калі ты не маеш нейкага плебейскага трапятання перад сілавікамі, якое бывае ў Беларусі, гэты страх з’ядае. Тут жа, у Амерыцы, мне ніколі не страшна, калі мяне спыняе паліцыя. Аднойчы мяне спынілі за перавышэнне хуткасці, і я спытаў у паліцэйскага, ці будзе штраф. Той адказаў: «А вам ён патрэбны? Я проста прашу вас больш не перавышаць, ездзіце акуратна, і ўсё».
Чалавечнае стаўленне дужа падкупляе, кажа Антон. Ён разумее, што, калі жыў у Беларусі, адвык ад гэтай нармальнасці.
«Напэўна, калі сюды прыязджаюць тыя ж італьянцы, яны не разумеюць, наколькі каштоўная гэтая павага да правоў чалавека.
А яшчэ я візуал, і для мяне вельмі важна, калі я еду на працу і бачу проста кінематаграфічныя віды, тое, як сонца апускаецца на кроны эўкаліптаў, тым больш калі назіраць за гэтым абсалютна бяспечна».
Чытайце яшчэ:
“Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве
Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»
60 гадоў таму ў эфір выйшла радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная»