• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Менску прайшоў сэмінар для прапагандыстаў дзяржаўных СМІ і фэйкавых экспэртаў замежжа. Сярод арганізатараў — інстытут UNESCO

    Мерапрыемства «Мэгаполіс — у люстэрках сучасных мэдыя» праходзіла 6 кастрычніка ў кангрэс-холе гасьцініцы «Вікторыя», а таксама ў рэдакцыі агенцтва «Менск-навіны».Сярод удзельнікаў былі беларускія прапагандысты — Ігар Тур, Андрэй Мукавозчык, Дзьмітрый Партон, Андрэй Крывашэеў, Кірыл Казакоў, Алёна Радонская, Юлія Арцюх, начальніца ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава.

    Таксама былі запрошаныя галоўныя рэдактары праўладных СМІ Tochka.by і «Смартпресс» — адпаведна, Павал Тухто і Вячаслаў Зяньковіч.

    Міжнародных гасьцей прадстаўляў, у прыватнасьці, францускі журналіст Адрыян Баке. Гэта часты госьць расейскіх прапагандысцкіх шоў, які сьцьвярджаў, што «на свае вочы бачыў зьверствы ўкраінскай арміі», але не прадстаўляў ніякіх фактаў. У мінулым Баке быў вайскоўцам, які напісаў рэзанансную кнігу пра ўласнае раненьне, якая аказалася выдумкай, пра гэта шмат пісалі ў францускай прэсе.

    У Менску Баке заявіў, што хоча раскрыць вочы сьвету на тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Яго ахвотна цытавалі беларускія дзяржаўныя СМІ.

    Арганізатарамі форуму выступалі Міністэрства інфармацыі, Менгарвыканкам, Беларускі саюз журналістаў, БРСМ, факультэт журналістыкі БДУ. Адметна, што сярод арганізатараў адразу дзьве структуры, якія зьвязаныя з UNESCO (спэцыялізаваная ўстанова ААН па пытаньнях адукацыі, навукі, культуры). Гэта Нацыянальная камісія па справах UNESCO і інстытут UNESCO па інфармацыйных тэхналёгіях у адукацыі.

    Самі арганізатары форум называлі проста: «Сэмінар UNESCO». Эмблема міжнароднай арганізацыі зьявілася на афіцыйным лога мерапрыемства.

    Нацыянальная камісія па справах UNESCO дзейнічае ў Беларусі ад 1956 году. На сёньняшні момант яе кіраўнік — міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Гэта беларуская арганізацыя.

    А вось інстытут UNESCO па інфармацыйных тэхналёгіях у адукацыі — арганізацыя міжнародная. Паводле інфармацыі, разьмешчанай на сайце, ён быў утвораны на генэральнай сэсіі UNESCO ў 1997 годзе, інстытут зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем UNESCO. Офіс арганізацыі знаходзіцца ў Маскве, а ўзначальвае яго кітайскі навуковец Тао Чжань.

    Свабода рабіла запыт у інстытут UNESCO па інфармацыйных тэхналёгіях у адукацыі, каб даведацца, чаму гэтая арганізацыя вырашыла падтрымаць сэмінар у Менску, але пакуль адказу так і не атрымала.

    Адметна, што ў красавіку 2022 году зьліквідаваная беларускімі ўладамі Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад UNESCO прэмію Гільерма Кана за ўнёсак у свабоду прэсы.

    «Уручаючы прэмію БАЖ, мы падтрымліваем усіх журналістаў ва ўсім сьвеце, якія крытыкуюць, выступаюць супраць і выкрываюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, перадаюць праўдзівую інфармацыю і прасоўваюць свабоду выказваньня меркаваньняў», — казаў старшыня міжнароднага журы прэміі Альфрэд Лэла.

    Свабода цікавілася ў прадстаўнікоў БАЖ, якая працягвае працу ў эміграцыі, ці чулі яны штосьці пра мерапрыемства пад эгідай UNESCO і ці не атрымлівалі запрашэньня ўзяць удзел у форуме, але нам адказалі, што чуюць пра сэмінар упершыню.

    Чытайце яшчэ:

    «Мы не прыехалі працаваць на вайну, мы жывем на гэтай вайне». Вялікая размова з журналістамі «Суспільного» з Харкава

    Как уехавшим из Беларуси получить в Литве новый паспорт? Собрали пошаговую инструкцию

    Беларускі фатограф папрасіў люблінцаў сфатаграфавацца на двухногім зэдліку. Паглядзіце, што атрымалася

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці