У Косаве за «прарасійскую дзейнасць» затрыманы стваральнік Imhoclub’а
У Косаве паліцыяй 23 жніўня затрыманы грамадзянін Латвіі Юрый Аляксееў. Ён вядомы тым, што з’яўляецца стваральнікам сайта Imhoclub, які на сёння працуе ў Латвіі і Беларусі. Рэдактарам беларускай версіі з’яўляецца прарасійскі публіцыст Аляксей Дзерман.
Да дзейнасці Юрыя Аляксеева неаднаразова інтарэсы праяўлялі спецслужбы Эстоніі. Існуюць версіі, што Imhoclub фінансуецца з Расіі. Сам Аляксееў вядомы сваімі выказваннямі кшталту: «Ва Украіне і Латвіі не існуе нацыяналізму, ёсць толькі дзікі нацызм».
Прыязджаў Юрый Аляксееў і ў Беларусь, дзе свяціўся ў кампаніі Аляксея Дзермана, Пятра Пятроўскага, Вадзіма Гігіна, Валянціна Старычонка і іншых.
Разам з Аляксеевым затрымалі дваіх грамадзян Эстоніі — Радзівона і Веру Дзянісавых. Іх усіх падазраюць у «тайных дзеяннях супраць Косава».
Цяпер журналістаў павінны дэпартаваць на тэрыторыю Сербіі. Сам Аляксееў актыўна асвятляў сваю паездку на Балканы на старонках у фэйсбуку. Напрыклад, ён пісаў, што ў Сербіі ўсе любяць рускіх, а вось у Косаве размаўляць па-руску не рэкамендуецца.