У Кіеве ўзарваўся аўтамабіль з журналістам Паўлам Шараметам, ён загінуў (Абнаўляецца)
У сераду раніцай у выніку выбуху машыны загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет, паведамляе «Украінская праўда».
Выбух адбыўся ў 7:45 раніцы, калі Шарамет выехаў з дома і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.
Машына ўзарвалася на вуглу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка насупраць рэстарана МакДональдс.
Гэтая машына належала кіраўніку «Украінскай праўды» Алёне Прытуле, але яе ў машыне не было.
Павел Шарамет нарадзіўся ў Мінску 28 лістапада 1971 года. Вучыўся на гістфаку БДУ і на факультэце міжнародных стасункаў БДЭУ.
У 1994—1995 гадах быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» (вытворчасць незалежнай тэлекампаніі «Фіт») на Беларускім тэлебачанні. У 1995 годзе атрымаў ад Беларускага ПЭН-цэнтра прэмію імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлевізійны журналіст Беларусі.
У 1995–1996 г.г. быў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты».
З верасня 1996 працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ (пазней “Первый канал”): кіраваў беларускім бюро, быў шэф-рэдактарам аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намеснікам дырэктара «Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ», пасля кіраваў аддзелам спецпраектаў Дырэкцыі дакументальнага кіно расійскага “Первого канала”, з якога канчаткова сышоў у 2008 годзе.
У ліпені 1997 года яго разам з Дзмітрыем Завадскім арыштавалі пасля рэпартажу пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы. Журналістаў абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Шарамет быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме агулам тры месяцы.
У 1997 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэта абароны журналістаў за ўнёсак у развіццё свабоды слова. У 1999 годзе быў намінантам прэміі ТЭФІ Акадэміі расійскага тэлебачання як «найлепшы рэпарцёр» года, у 2001 выйшаў у фінал гэтага конкурса ў намінацыі «журналісцкае расследаванне» за фільм «Дзікае паляванне». У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЕ «За журналістыку і дэмакратыю».
У суаўтарстве са Святланай Калінкінай напісаў кнігу «Случайный президент», якую ў 2008 годзе беларускі КДБ спрабаваў праз суд зрабіць “экстрэмісцкай”.
З 2009 быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». У 2011 пэўны час вёў перадачу “Приговор” на расійскім тэлеканале РЕН ТВ.
У сакавіку 2010 года быў пазбаўлены расійскага грамадзянства з‑за таго, што мае грамадзянства Расіі.
Заснавальнік вэб-рэсурса «Белорусский партизан», якім кіраваў да апошняга часу. У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання «Историческая правда».
Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Украинская правда», на ўкраінскім тэлеканале 24 і на «Радио Вести».
Павел Шарамет – сябра ГА «БАЖ» з 1997 года. Працуючы на расійскім «Первом канале», ініцыяваў заснаванне прэміі Дзмітрыя Завадзкага “За мужнасць і прафесіяналізм” для беларускіх журналістаў, якую штогод ўручаў разам з ГА “БАЖ” на працягу некалькіх гадоў.
Андрэй Бастунец: Павал заставаўся і застаецца знакавай асобай у беларускай журналістыцы
Жанна Літвіна: Забойства Шарамета – чарговы замах на прафесію журналіста
Кніга памяці Паўла Шарамета створаная ў Прэс-клубе
ЗША чакаюць, што забойства Шарамета будзе цалкам расследавана
Калінкіна пра забойства Шарамета: Беларускага следу я тут не бачу
Названыя тры версіі забойства Паўла Шарамета
Генпракурор Украіны пра Шарамета: Гэта забойства
Паўла Шарамета пахаваюць у Менску
Гібель Паўла Шарамета: відавочца выбуху паказаў ФОТА падчас выбуху