У каталіцкага радыё ў Беларусі — праблемы з фінансаваннем. Як дапамагчы?
Хрысціянскаму «Радыё Марыя» ў Беларусі не хапае грошай на зарплату для супрацоўнікаў. Каардынатарка Яўгенія Найдовіч расказала ў Facebook аб тым, з яімі праблемамі сутыкнулася каталіцкае медыя і як можна дапамагчы.
З неабходных для выплаты зарплаты і ФСЗН з падаткамі 11000 рублёў у арганізацыі ёсць толькі 4000, адзначае у посце ад 14 снежня 2023 года каардынатарка «Радыё Марыя» Яўгенія Найдовіч. Каб выплаціць зарплату васьмі супрацоўнікам, неабходна крыху болей за 7000 рублёў. Таксама яна мяркуе, што прыйдзецца аплаціць штраф у ФСЗН, бо ў мінулым месяцы на адзін дзень спазніліся з адлічэннямі.
«ФСЗН важнейшы за зарплату людзям, таму і заўтра нікто нічога не атрымае. Ну, акрамя ФСЗН, канешне, — піша Яўгенія. — Мы так жывём штомесяц. Апошнім часам заўжды».
«Часам нам даюць добрыя парады, як зарабіць грошы. Парады праўда добрыя. Напрыклад, аказваць паслугі гуказапісу. Але ў нашым выпадку гэта немагчыма. Студыя загружана сваёй уласнай працай па макушку. Працоўнікі, якіх маем, гараць агнём ад аб’ёму штодзённых задач. І мы праўда лічым, што 16 новых праграм кожны тыдзень, не лічачы малітоўных эфіраў, — гэта ёсць наша праца і яе плён», — піша ў каментары да публікацыі Яўгенія Найдовіч.
У сакавіку 2023 года інфармацыйны рэсурс Katolik.life пісаў, што «Радыё Марыя» не раз знаходзілася ў цяжкім фінансавым становішчы, але заўсёды на дапамогу прыходзілі вернікі. Таксама паведамлялася, што каталіцкаму радыё ў Беларусі некалькі разоў адмаўлялі ў ліцэнзіі СМІ.
Падтрымаць «Радыё Марыя» можна па гэтай спасылцы.
«Радыё Марыя» дзейнічае ў Беларусі з 2016 года. Гэта міжнароднае хрысціянскае радыё, заснаванае ў 1963 годзе ў Італіі. Сёння яно працуе больш чым у 70 краінах свету. Эфір вядзецца на роднай мове кожнага народа.
«Радыё Марыя» – некамерцыйны праект, на яго хвалях няма рэкламы. Асноўная мэта — інфармаванне вернікаў аб жыцці касцёла і дапамога ім у штодзённай малітве.
Чытайце яшчэ:
Акцыю па падтрымцы зняволеных беларускіх журналістаў правялі ў Канадзе
Дзяржаўная газета з Пінска заклікае чытачоў збіраць падарункі для дзяцей Данбаса
Журналісты з Украіны і Літвы заклікаюць забраць у Расіі ліцэнзію на амерыканскі часопіс Forbes