• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі судзяць Ларысу Шчыракову, на кіраўніка філіі БАЖ Анатоля Гатоўчыца склалі пратакол

    Пасля акцыі пратэсту ў Рагачове гомельскі журналіст, кіраўнік гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Анатоль Гатоўчыц выкліканы позвай у Цэнтральны РАУС Гомеля. Падпалкоўнік міліцыі Ўладзіслаў Шукель склаў у дачыненні да журналіста адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).

    – У Рагачоў я ездзіў як журналіст інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН” асвятляць вулічную акцыю пратэсту, – паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц. – Перадаў падпалкоўніку Шукелю ў рукі рэдакцыйнае заданне і аўтарскую дамову з кампаніяй, паказаў журналісцкае пасведчанне, расказаў, што запісваў на дыктафон выказванні рагачоўцаў пра “дармаедскі” дэкрэт і эканамічную сітуацыю ў горадзе спачатку каля заводу “Дыяпраектар”, а пасля ў калоне падчас паходу ў цэнтр і на самой цэнтральнай плошчы. Фатаграфаваў гэтыя падзеі.

    Нават згадаў, што падыходзіў да рагачоўскага падпалкоўніка міліцыі Аляксея Серабро, называў сябе, бачыў і здымаў, як жыхары гораду зачытвалі падпалкоўніку артыкул з Канстытуцыі аб тым, што маюць права на мірныя сходы і свабоду выказванняў. І той адказваў людзям: “Калі ласка, можаце ісці, выказвацца, але каб толькі не парушалі грамадскі парадак”. І вось пасля ўсяго гэтага гомельскі падпалкоўнік Шукель і склаў пратакол на мой удзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве, – распавёў Гатоўчыц.

    Журналіст дадаў, што на сцяне ў падпалкоўніка Шукеля вісяць шматлікія граматы за ахову грамадскага парадку і фотаздымак яго з групаю выпускнікоў Беларускай міліцэйскай акадэміі. І дадаў:

    – Пытаюся ў падпалкоўніка, выпускніка міліцэйскай акадэміі, у чым выявіўся мой удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве?” Ён адказвае: “Удзельнічаў”. – “Быў загад ці замова?” –“Не ведаю, пра што вы запытваеце”.

    У тым, што замова была, журналіст перакананы. У рапарце нейкага В. Радчанкі, які падпісаў падпалкоўнік Аляксей Серабро як начальнік аддзелу аховы грамадскага парадку Рагачоўскага РАУС, і перанакіраваў у Гомель, напісана, што на плошчу ў райцэнтры 12 сакавіка прыйшлі агулам “140 грамадзянаў, у тым ліку журналіст-фрылансер Ларыса Шчыракова, а таксама Анатоль Гатоўчыц, якія раней неаднаразова траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў у звязку са сваёй апазіцыйнай дзейнасцю”.

    – Канечне, каюся, – кажа Гатоўчыц, – у Рагачове быў разы са тры летась і сёлета адзін раз да пратэстнай акцыі. Пісаў пра падрыхтоўку і правядзенне Дня беларускага пісьменства, пра пацукоў у пакеце з малаком МКК, гаротны стан вяслярнай станцыі, прыём у райвыканкаме высокапастаўленым чыноўнікам з Мінску мясцовых “недармаедаў”, якія скардзіліся, што не могуць сплаціць “дармаедскі” збор. Такая ў журналіста “апазіцыйная дзейнасць”, – дадае Гатоўчыц.

    Нагадаем, што сёння ў судзе Гомельскага раёна будуць судзіць журналістку Ларысу Шчыракову, якую таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Рагачове (арт. 23.34). Суд пачнецца а 14.30.

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці