У дзяржаўную газету ў Бярозе прызначылі новую галоўную рэдактарку
Галоўнай рэдактаркай бярозаўскай раённай газеты «Маяк» з 16 кастрычніка з’яўляецца 24-гадовая Аляксандра Дзербіс. На гэтай пасадзе яна змяніла Аляксандра Крагеля, які не меў журналісцкай адукацыі, а цяпер пасля працы ў рэдакцыі прызначаны намеснікам старшыні Бярозаўскага райвыканкама, дзе адказвае за ідэалогію.
Што да Аляксандры Дзербіс, яна нарадзілася ў вёсцы Боркі Бярозаўскага раёна, у 2020 годзе скончыла Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «Журналістыка» (менеджмент сродкаў масавай інфармацыі).
Працоўную дзейнасць пачала спецыялістам аддзела інфармацыйных тэхналогій КВУП «Рэдакцыя Бярозаўскай раённай газеты «Маяк» у жніўні 2020 года — на хвалі пратэстаў пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Са снежня таго ж года і да цяперашняга часу працавала загадчыкам аддзела інтэрнэт-рэсурсаў рэдакцыі.
За гэты час Аляксандра Дзербіс стала пераможцам спаборніцтва сярод рэдакцый і журналістаў Брэсцкай вобласці, двойчы лаўрэатам конкурсаў Беларускага саюза журналістаў, а пад яе кіраўніцтвам інтэрнэт-рэсурс BEREZA.BY быў прызнаны лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу сярод дзяржаўных СМІ «Залатая Літара».
Варта адзначыць, што бярозаўскую «раёнку» ўлады Брэсцкай вобласці часта прыводзяць як прыклад «узорнай ідэалагічнай працы з насельніцтвам» у інтэрнэце.
Чытайце яшчэ:
«Больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі». Інфармагенцтва «Позірк» запусціла сайт
Траціна асуджаных журналістаў у Беларусі – супрацоўнікі «Белсату». За кратамі – 13 супрацоўнікаў
Камітэт абароны журналістаў: на Блізкім Усходзе загінулі 12 журналістаў, 8 параненыя, 2 зніклі