• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У Дэпартаменце міграцыі нас пазнавалі з парога — мы сталі заўсёднікамі». Уласны досвед атрымання ВНЖ у Літве

    Сітуацыя з журналісткай «Белсату», у якой узніклі складанасці з атрыманнем ВНЖ у Літве, зноў нагадала пра актуальнасць праблемы легалізацыі па-за межамі Беларусі. БАЖ публікуе меркаванне яшчэ адной каляжанкі, якая асабіста сутыкнулася з бюракратычнымі цяжкасцямі, вымушана была афармляць тлумачальную, а цяпер дзеліцца уласным досведам.

    Гэты тэкст актуальны не толькі супрацоўнікам медыяў, але і ўсім простым беларусам, паколькі журналісты ў выгнанні атрымліваюць візы і дазвол на жыхарства на агульных умовах, як інжынеры, кіроўцы, настаўнікі.

    Журналістку змушаюць з’ехаць? Ці ўсё ж такі не?

    Нагадаем, журналістка атрымала паведамленне, што разгляд заяўкі прыпынены. Прычына? Не атрыманыя адказы ад кампетэнтных установаў. Хутчэй за ўсё — ад Дэпартамента дзяржбяспекі. Але цяпер гэта стандартная працэдура, з якой сутыкаюцца многія беларусы ў Літве, бо пратаколы змяніліся, на апрацоўку анкет і дакументаў трэба больш часу.

    Падкрэслю, што  тут не ідзе гаворкі пра прымусовое выдварэнне з краін Еўрасаюзу. Гэта хутчэй фармальнасць ад Дэпартамента міграцыі Літвы. Звычайна ў такіх выпадках яго супрацоўнікі вымушаны казаць, што ў чалавека няма падставаў для знаходжання на тэрыторыі ЕС.

    Таму атрымаць такі ліст, канешне, не вельмі прыемна. Адразу ж узнікаюць трывожныя думкі: што гэта значыць? У чым мяне падазраюць? Здаецца, у большасці дыяспары няма разумення, чаму так адбываецца, і патрэбная добрая інфармацыйная кампанія, каб супакоіць людзей. Той жа пратакол дзеяння ў падобных выпадках.

    Тым больш, што стаўленне да беларусаў у Літве пагаршаецца, аб чым сведчаць і сацапытанні, і рашэнні дзяржаўных органаў. За апошні год (з лістапада 2022 года) пагрозай нацбяспекі былі прызнаныя 1644 беларусы — ім адмовілі ў атрыманні ці працягненні нацыянальнай візы альбо ВНЖ. Таксама было прынята 450 рашэнняў аб ануляванні ВНЖ, што былі выданыя раней. Гэта вялічэзная лічба — 3,5% ад усіх беларусаў, якія цяпер жывуць у Літве!

    Механізм прыняцця такіх рашэнняў непразрысты. Звычайна людзям, як сведчыць адпаведны досвед, прыходзіць ліст без асаблівых тлумачэнняў. Тыя, каму адмовілі, толькі могуць здагадвацца аб прычынах: раней быў кантрактнікам у арміі, працавала на чыгунцы, быў звязаны з будаўніцтвам АЭС…

    Патрэбен перакладчык з бюракратычнай на нармальную мову

    Іншымі словамі эмоцыі журналісткі можна зразумець. Па інфармацыі БАЖ, на наступны дзень яна наведала Дэпартамент міграцыі. Але і тут яе чакала непрыемная навіна: вусна супрацоўнікі паведамілі пра неабходнасць выезду за мяжы Еўрасаюза. Калі чалавек знаходзіцца ў нервовым стане і чуе такое, наўрад ці аптымізму стане больш. Куды з’язджаць? У Беларусь? Дык гэта небяспечна і я ж парушу ўмовы ВНЖ, што быў выдадзены на гуманітарных падставах…

    Далей — вядомы ланцужок падзеяў. Усхваляваная супрацоўніца тэлеканала звязалася з кіраўніцтвам, з’явілася заметка, якая шырока разышлася і выклікала рэзананс. Аднак гэта не адзінкавы выпадак. Аўтарка гэтага тэксту таксама сутыкнулася з такой жа праблемай. У маім выпадку побач апынуліся кампетэнтныя людзі, якія перавялі з бюракратычнай на нармальную мову.

    На маю думку, менавіта перакладчыка і не хапае. Калі чалавек, які не парушаў законы краіны знаходжання сутыкаецца з рэкамендацыяй чыноўніка «выехаць за мяжы ЕС», ён хочаеш — не хочаш, будзе збянтэжаным. Здаецца, трэба ўсё рабіць па правілах, інакш будуць непрыемнасці. Так думае большасць законапаслухмяных беларусаў, за што нас і паважаюць, між іншым.

    Аднак праўда ў тым, што бюракратычная сістэма Літвы не паспявае з такой колькасцю заяў, і чыноўнікі вымушаны прыбягаць да эзопавай мовы. У дадзеным выпадку вусную рэкамендацыю трэба ўспрымаць, як параду супакоіцца і не прымаць рэкіх рашэнняў, хаця гучыць наадварот.

    У маім выпадку ўсё скончылася добра. Я атрымала ВНЖ, хаця з мяне ўзялі пісьмовае тлумачэнне, чаму я не паспела своечасова атрымаць дазвол (казуістыка, кажу ж). У тэксце я выклала ўсю храналогію падзеяў. Лічу гэта вельмі рэпрэзентатыўным прыкладам, таму і вырашыла падзяліцца досведам на вялікую аўдыторыю.

    Афармленне небаходных дакументаў, чаканне чаргі і рашэння займае ад 5 да 7 месяцаў

    Улады Літвы неаднаразова выказвалі салідарнасць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Цяпер многія, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі (у тым ліку журналісты), атрымліваюць/працягваюць ВНЖ па гуманітарных абставінах, а гэта прадугледжвае шмат часу, высілкаў і грошаў.

    Неяк я падлічыла, што ў год займаюся афармленнем небаходных дакументаў, чаканнем чаргі і рашэння ад 5 да 7 месяцаў. І так кожны год! Здаецца, чаму б не павялічыць тэрмін дзеяння ВНЖ? Дарэчы, такія прапановы былі ад МУС Літвы. Аднак Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне, які ўзначальвае Лаўрынас Кашчунас, быў супраць.

    У кастрычніку 2023 года адбылася падзея, якая не вельмі шырока асвятлялася ў беларускіх СМІ. У Вільні прайшоў мітынг супрацоўнікаў Дэпартамента міграцыі. Сабраліся каля трыццаці чалавек, якія скардзіліся на малыя заробкі і нагрузку, што вырасла з 2020 года ў тры (!) разы. Вельмі паказальна…

    Якія дамоўленасці былі дасягнутыя, невядома, але па-ранейшаму, каб трапіць на падачу дакументаў трэба запісвацца за месяц-два наперад, разгляд прашэння займае да трох месяцаў, а да таго ж тэрмін можа быць падоўжаны, як вынікае з вопыту журналісткі «Белсату».

    Ну а як адбываецца на практыцы? Давайце падлічым. Тры месяцы на разгляд дакументаў. За адзін-два месяцы трэба запісвацца ў Дэпартамент міграцыі. А яшчэ ж трэба ўлічваць час на афармленне хадайніцтва ад праваабарончай арганізацыі. Хай будзе месяц, бо там таксама існуе чарга. Вось і атрымліваецца 5–6 месяцаў у лепшым выпадку.

    У лепшым, бо не заўсёды ўсё ідзе роўна. Калі я прыйшла з сям’ёй падавацца на ВНЖ у Дэпартамент міграцыі, у мяне адмовіліся прыняць дакументы. Была названа такая прычына: хадайніцтва ад праваабарончай арганізацыі не прыйшло з Міністэрства замежных спраў Літвы. Я мела паперы на руках, але гэта было не важна.

    Што гэта значыць? Трэба запісвацца зноў, а гэта значыць датаковыя адзін-два месяцы чакання. На гэты раз прайшло паспяхова, але мы ўжо не паспявалі да заканчэння тэрміну дзеяння ВНЖ (заставалася менш за тры месяцы). Раней для гэтага выпадку была прадугледжана  віза чакання, але беларусы, як мне патлумачылі, на яе падавацца цяпер не могуць.

    Разумеючы гэта, я загадзя вырашыла афармляць нацыянальную візу. А працэдура такая ж, што і ў выпадку ВНЖ: хадайніцтва ад праваабарончай арганізацыі — запіс у Дэпартамент міграцыі — падача дакументаў. І паўсюль чаргі.

    Адна асаблівасць: патрэбна было афармляць платную страхоўку, а консульскі збор за нацыянальную візу цяпер каштуе 140 еўра на кожнага паўналетняга (за апошні год яго ўзнялі больш чым у два разы). То-бок незапланаваныя выдаткі, калі і так з грашыма цяжкавата.

    Калі ж я прыйшла падавацца на нацыянальную візу, то апынулася, што… нас зноў няма ў спісах МЗС. Можаце ўявіць мае пачуцці! Сістэма працуе так, што ад мяне нічога не залежыць, больш за тое — я нават не магу дазнацца, ці зробіць своечасова належную справу чыноўнік з адпаведнага міністэрства.

    Падацца на нацыянальную візу атрымалася толькі з другой спробы, калі тэрмін дзеяння ВНЖ ужо скончыўся. Да таго ж моманту нас пачалі пазнаваць супрацоўнікі Дэпартамента міграцыі, мы сталі для іх сваімі, заўсёднікамі. Менавіта ў той момант і папрасілі аформіць тлумачэнне, за што, дарэчы, ніякай адказнасці для мяне не было. 

    — А што ж рабіць? — спыталася я.

    — Выязджаць за мяжы Літвы, — са спадчуваннем адказала чыноўніца.

    — Можна ў Польшчу?

    — Напэўна трэба пакінуць Еўрасаюз.

    Канешне, нікуды я не з’яджала. Але ж непрыемнае пачуццё не пакідала ўвесь час майго знаходжання ў нелегальным статусе. Ці не пагрукае ў дзверы паліцыя? А што казаць, калі нехта спытаецца дакументы, напрыклад, у афіцыйнай установе? Можа, лепш на вуліцу ўвогуле не выходзіць і нікуды не звяртацца?

    Змягчэння ўмоваў чакаць не варта? 

    Цікава таксама, што ВНЖ кожны з маёй сям’і атрымліваў у розны час. Спачатку далі малодшаму сыну, потым — старэйшаму, пасля — мне, апошнім атрымаў муж. Гэта яшчэ адно вялікае пытанне: чаму не разглядаць нас як адзін кейс? Няўжо 6‑гадовае дзіця застанецца ў чужой краіне адно? Ці мы пагадзімся разлучыцца з мужчынам, з якім пражылі дваццаць гадоў?

    Нячэсным лічу і тое, што дакумент, які даецца з такімі цяжкасцямі, не ўлічвае папярэднія тэрміны ВНЖ. Што я маю на ўвазе? Малодшае дзіця атрымала новы дазвол за два месяцы да заканчэння старога. Атрымліваецца, папярэдні выдаваўся на дзесяць месяцаў, а не на год, як афіцыйна абвяшчаецца. У Дэпартаменце міграцыі патлумачылі так: дакумент пачынае дзейнічаць з моманту прыняцця рашэння. Яно-то так, але ж…

    Цалкам жа можна канстатаваць, што бюракратычная сістэма сама стварае штучную нагрузку. Нават мой выпадак кажа, што колькасць візітаў магла быць істотна меншай, калі б сістэма сувязі паміж міністэрствамі працавала больш эфектыўна і аператыўна. Да таго ж, працэдура адабрэння з боку сілавых ведамстваў не патрабавала б такой шчыльнай праверкі кожны год: дастаткова было б паглядзець, што мы з сям’ёй нікуды не з’яджалі з Літвы. Няўжо нашы погляды ці дзеянні змяніліся?

    Па маім адчуванні, змягчэння ўмоваў чакаць не прыходзіцца. Нядаўна кіраўніца МУС Літвы Агнэ Білатайце прапанавала вярнуцца да дыскусіі аб уніфікацыі санкцый у адносінах да расіян і беларусаў. Як кажуць, да каго можна дацягнуцца, той і будзе пакутваць, хай і за грахі іншых…

    Чытайце яшчэ:

    Журналістцы «Белсату» прыпынілі разгляд дакументаў на працягненне ВНЖ Літвы

    Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заклікалі ўлады Ўкраіны спрасьціць легалізацыю беларусаў

    «Мне зрабілі казачна хутка — літаральна за пару дзён». Як беларусу памяняць пашпарт за мяжой і якая ёсьць альтэрнатыва

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці