• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістцы «Белсату» прыпынілі разгляд дакументаў на працягненне ВНЖ Літвы

    Журналістка незалежнага тэлеканалу хацела працягнуць від на жыхарства ў Літве, атрыманы з гуманітарных прычынаў. Разгляд яе дакументаў зараз прыпынены, бо не атрыманыя адказы ад неназваных кампетэнтных установаў, піша «Белсат».

    Анастасія (імя змененае) яшчэ ўвосень 2020 года з’ехала ў Літву – тады беларусам ладзілі «гуманітарны калідор», яна трапіла ў адпаведны спіс Міністэрства замежных справаў Літвы. Атрымала спачатку часовую ахоўную візу, потым нацыянальную візу класу D, затым – двойчы гуманітарныя віды на жыхарства. Праблемаў пры тым не ўзнікала.

    Больш як два месяцы таму беларуска падала дакументы на ўжо трэці від на жыхарства ў Літве з гуманітарных прычынаў. 30 лістапада атрымала ад Дэпартаменту міграцыі Літвы (MIGRIS) такое паведамленне:

    Літоўскі бок паведаміў, што разгляд заяўкі прыпынены ў звязку з тым, што не атрыманыя адказы ад неназваных кампетэнтных установаў. Разгляд заяўкі абяцаюць аднавіць, калі неабходная інфармацыя будзе атрыманая. Пункт закону, на які спасылаюцца ў лісце, кажа толькі пра тэрміны разгляду хадайніцтва (да чатырох месяцаў замест звычайных двух), але не аб прычынах адмовы. Анастасіі адмовілі назваць прычыну і ўстанову, якая не падала дакументаў, а параілі з’ехаць з Літвы, каб не парушаць законаў.

    Праблема ў тым, што ў Анастасіі праз два тыдні заканчваецца від на жыхарства. Раней гэта развязвалася б лёгка: можна было атрымаць у Міграцыйным цэнтры гэтак званую візу чакання. Але ўлетку іх перасталі выдаваць. Гэта значыць, праз два тыдні Анастасія не зможа легальна заставацца ў Літве і Еўразвязе.

    Беларуска падала са свайго боку ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку хадайніцтва ад Міністэрства замежных справаў Літвы. У хадайніцтве згадвалася, што журналістка працавала ў некалькіх выданнях, названых у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», таму на радзіме ёй пагражае крымінальны пераслед. Таксама яна падавала хадайніцтва ад «Белсату» з пацверджаннем таго, што яна працуе на тэлеканале.

    Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

    Журналістка згадвае, што сёлета больш за паўтары тысячы беларусаў атрымалі адмовы ў падаўжэнні права на пражыванне ў Літве з прычыны «пагрозы нацыянальнай бяспецы». Літва бачыла пагрозу, напрыклад, у тым, што чалавек служыў у беларускім войску або працаваў на БелАЭС.

    Такіх «грахоў» Анастасія ў біяграфіі не мае. Згадвае хіба, што яшчэ школьніцаю двойчы брала ўдзел у юрыдычным конкурсе «Фэміда» для студэнтаў правазнаўчых класаў пры Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

    Цяпер Анастасія збіраецца звяртацца ўва ўсе магчымыя інстанцыі, бо не ўяўляе, як збярэ валізу і з’едзе кудысьці. І нават калі зляціць, напрыклад, у Грузію, а Літва праз пару месяцаў усё ж прыме станоўчае рашэнне, як атрымаць падставу для вяртання на тэрыторыю Літвы, каб атрымаць дакументы?

    Журналістка шкадуе, што не падалася адразу на ўцякацтва – кажа, не хацела напружваць міграцыйнай сістэмы Літвы, раз ужо ёсць падстава на пражыванне.

    Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, каментуючы гэтую сітуацыю «Белсату», зазначыў, што прыпыняючы разгляд справы, літоўскія ўлады даюць зразумець, што ім проста неабходна больш часу на разгляд запыту аб ВНЖ.

    «Гэтае паведамленне быццам бы павінна супакоіць, але часта мае супрацьлеглы эфект – людзі пачынаюць хвалявацца. Зразумела, што калі заканчваюцца дакументы, літоўскія чыноўнікі павінны казаць, што вам трэба пакінуць краіну да заканчэння тэрміну ВНЖ. Але калі гэта датычыцца незалежных журналістаў, праваабаронцаў, то Літва адносіцца да гэтых справаў з разуменнем. Я не ведаю ніводнага выпадку, калі прымусілі кагосьці зʼехаць у Беларусь».

    Вяртаючыся да сітуацыі журналісткі «Белсату», якой вусна рэкамендавалі пакінуць краіну да 14 снежня, паводле Юрконіса, тут можа быць некалькі сцэнарыяў развіцця сітуацыі. «Першы сцэнар, літоўскія ўлады паспеюць у неабходныя тэрміны і перададуць усе дакументы Дэпартаменту міграцыі. Другі варыянт – выехаць з Літвы, зрабіць шэнгенскую візу і вярнуцца. Трэці – зрабіць нацыянальную візу не выязджаючы з Літвы».

    «Асноўны выклік у гэтай сітуацыі ў тым, што дакументы на падаўжэнне былі пададзеныя толькі за 2 месяцы да заканчэння ВНЖ. Практычна ў апошні дзень па магчымых тэрмінах, і адказу можна чакаць таксама ў апошнія дні. Натуральна чым бліжэй тэрмін заканчэння дакументаў, тым трывожнасць павялічваецца», – кажа Віціс Юрконіс.

    «Але ў цэлым, усе гэтыя праблемы можна было б пазбегнуць», – дадае палітолаг – «калі б дакументы на новы від на жыхарства былі б пададзены загадзя, не за два месяцы да заканчэння ВНЖ, а за чатыры месяцы. Такім чынам, у літоўскіх уладаў было б больш часу на падрыхтоўку неабходных дакументаў».

    «Белсат» выслаў ліст Міністэрству замежных справаў з пытаннямі пра сітуацыю Анастасіі. Калі адказ з’явіцца, мы дадамо яго ў гэты тэкст.

    БАЖ таксама далучыўся да вырашэння сітуацыі з журналісткай «Белсату» 

    У Дэпартаменце міграцыі Літвы на просьбу «Белсату» пракаментаваць сітуацыю, мы атрымалі адказ, што Дэпартамент можа прадставіць толькі агульную інфармацыю. «Калі замежны грамадзянін жадае атрымаць асабістую інфармацыю, ён ці яна маюць падаць адпаведны запыт у Дэпартамент», – гаворыцца ў адказе. Сярод іншага мы прасілі патлумачыць, па якой прычыне неназваны орган можа не выдаць у неабходны тэрмін дакументы аб чалавеку, які раней ужо атрымліваў від на жыхарства ў Літве.

    Чытайце яшчэ:

    У Беларусі наклалі арышт на маёмасць рэдактара Аршанскага незалежнага сайта

    Царская Расія ці лукашэнкаўская РБ: дзе «Нашай Ніве» працавалася лягчэй

    «У многих фотографов есть обида». Как редакции (не) работают с фотокорреспондентами после релокации

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці