У Бярозаўскі РАУС выклікалі мясцовую журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну
Паводле слоў журналісткі, апытанне адбылося 10 жніўня і мела дачыненне да рэпартажу на сайце “Радыё Рацыя” пра закрыццё свінафермы ў Іванаўскім раёне.
Адміністрацыйны пратакол быў складзены ў Іванаўскім РАУС і накіраваны ў аддзел унутраных спраў па месцы жыхарства Тамары Шчапёткінай — у Бярозу. У пратаколе паведамляецца, што Шчапёткіна сёлета 2 ліпеня парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а менавіта: “здзейсніла незаконны выраб і ў далейшым распаўсюд у інтэрнэт-сетцы інтэрв’ю, не маючы акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Разгляд справы ў дачыненні да Тамары Шчапёткінай адбудзецца 15 жніўня ў судзе Іванаўскага раёна.
З матэрыялаў справы вынікае, што начальнік аддзела аховы правапарадку Іванаўскага РАУС маёр Міхаіл Сацута выявіў на сайце “Радыё Рацыя” рэпартаж пра закрыццё свінафермы “Сухое”, а таксама відэасюжэт на YuTube “Свиней под топор, людей под забор”, – распавяла службе маніторынгу ГА “БАЖ” Тамара Шчапёткіна. Праз сведкаў маёр Сацута нібыта даведаўся, што гэтыя матэрыялы зрабіла фрылансер з Бярозы.
Журналістка таксама паведаміла, што днямі на яе заведзена яшчэ адна адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі. Гэтым разам Шчапёткінай патэлефанавалі з Баранавіцкага РАУС. “Мяне запрасілі на допыт у Баранавічы, але я адказала, што не буду марнаваць час і прапанавала перадаць пратакол у Бярозаўскі РАУС”, — кажа сябра ГА “БАЖ”.
Паводле Тамары Шчапёткінай, гэтым разам справа тычыцца яе ўдзелу ў экскурсіі па “Залатым коле Баранавіцкага раёна”, куды журналістку запрасілі як актывістку “Таварыства беларускай мовы”. Пасля экскурсіі на сайце “Радыё Рацыя” з’явіўся адпаведны матэрыял, і ў баранавіцкай міліыі зрабілі выснову, што аўтар — Тамара Шчапёткіна.
Такім чынам, менш чым за месяц (пачынаючы з 16 ліпеня 2018 года) на Тамару Шчапёткіну складзены ўжо чацвёрты адміністрацыйны пратакол. Па першых двух судом Бярозаўскага раёна 3 жніўня яна была пакарана штрафам памерам 25 велічынь, што складае 612,5 рублёў.