У Брэсце журналістам заміналі выконваць свае абавязкі на адным з выбарчых участкаў (ВІДЭА)
Сябры ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 6 кастрычніка наведалі Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (БрДТУ), каб зрабіць інтэрв’ю са студэнтамі, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак прагаласаваць датэрмінова.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук, спачатку яны зайшлі ў галоўны корпус гэтай навучальнай установы, а пасля накіраваліся на іншыя ўчасткі, што месцяцца ў кафэ “Зодчыя” (таксама належыць універсітэту).
Тут ад некаторых студэнтаў журналісты пачулі, што іх прымушаюць браць удзел у датэрміновым галасаванні, а прадстаўнік універсітэта кантралюе яўку на выбарчым участку.
Журналісты высветлілі, што гэтым прадстаўніком з’яўляецца намесніца дэкана па выхаваўчай працы БрДТУ Святлана Куган, акрэдытаваная на ўчастку для галасавання ў якасці назіральніка ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Паводле А. Ляўчука і М. Харытонавай, яна перашкаджала ім рабіць запіс інтэрв’ю са студэнтамі, і тыя вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх словаў. Іншыя студэнты пасля папярэдняй гутаркі са спадарыняй Куган заявілі, што прыйшлі галасаваць датэрмінова па ўласнай ініцыятыве.
Дарэчы, сама Святлана Куган не пажадала назваць журналістам сваё прозвішча і пасаду, назваўшыся “жанчынай з вуліцы”. Акрамя таго, яна паабяцала падаць на іх у суд за паклёп.
ЦВК – участковым камісіям: Журналісты могуць фатаграфаваць падлік галасоў