У БАЖы стартаваў новы сезон адукацыйных праграм
Адукацыйныя праграмы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” распачалі новы сезон — стартавалі адразу два курсы : “Аналітычная журналістыка” і “Эфектыўная прэс-служба”
“Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху”: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі імгненна разносяць інфармацыю, зрываюць покрыва таямніцы з падзей, з’яў, персаналій. Здаецца, нікому і нідзе не схавацца. Але ці стаў свет болей зразумелым?
Цягам двух месяцаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Класкоўскага 20 прадстаўнікоў нацыянальных і рэгіянальных медыя будуць вучыцца выбудоўваць канцэпцыю матэрыялу, абіраць жанр, пісьменна працаваць з фактурай, экспертамі, пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю і многае іншае.
Паралельна з гэтым стартуе і навучальны курс “Эфектыўная прэс-служба”. Піяр узнікае там, дзе адчуваюць патрэбу ў кантактах з грамадскасцю. Гэта вельмі доўгая і карпатлівая праца, якая можа адгукнуцца самымі нечаканымі і, мяркуем, прыемнымі вынікамі.
З чаго пачынаецца прэс-служба, як яна выбудоўваецца і як эфектыўна кіраваць ёй, як знайсці “сваіх” журналістаў і як стаць «сваімі» для патрэбных вам СМІ, якую інфармацыю СМІ будуць чакаць ад вас, з задавальненнем выкарыстоўваць яе і многае іншае.
Асноўны трэнер тут — PR-спецыяліст Аляксандр Люшкевіч. Падчас курса пройдуць і майстар-класы з іншымі спецыялістамі ў галіне піяру, а таксама SMM.
Сярэдні конкурс адбору ўдзельнікаў на курсы склаў 3 чалавекі на месца.
Разам з гэтымі курсамі ў Мінску стартавалі і заняткі ў школе “10 крокаў да якаснай журналістыкі”, арганізаванай БАЖам і Міжнароднай федэрацыяй журналістаў – больш падрабязна пра гэта пазней на нашым сайце.
Сачыць за адукацыйнымі курсамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых магчымасцямі можна ў раздзеле “Конкурсы і навучанне”.