• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У бабруйскую калонію: туды этапуюць Івана Мураўёва пасля разгляду апеляцыі

    Родным асуджанага відэаператара Івана Мураўёва паведамілі, дзе ён будзе адбываць прызначаны тэрмін зняволення. Як распланавалі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, адразу пасля разгляду апеляцыйнай скаргі палітвязня этапуюць у папраўчую калонію №2 Бабруйска. 

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 11 студзеня Івана Мураўёва перавялі з СІЗА №1 Мінска ў СІЗА пры турме №4 Магілёва, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.

    Аднак сваякоў ужо праінфармавалі, што наступным прыпынкам для вязня стане папраўчая ўстанова ў Бабруйску – сюды этапуюць асуджаных на “агульны рэжым” утрымання.

    Праўда, да таго абаронцы зняволенага збіраюцца прайсці яшчэ адну юрыдычную працэдуру — абскарджанне ў Вярхоўным судзе вердыкту суда першай інстанцыі, рашэннем якога фрылансера-відэааператара і пакаралі рэальным тэрмінам за выкананне прафесійных абавязкаў. Ад аператыўнасці прызначэння даты разгляду апеляцыі залежыць пераезд Івана Мураўёва з Магілёва ў Бабруйск.     

    Пакуль жа ў лістах на волю палітвязень піша, што за прамінулыя тры тыдні збольшага адаптаваўся да рэаліяў “перавалачнай базы”. У прыватнасці, адзначае, што ў параўнанні з перапоўненай мінскай “Валадаркай” умовы ў магілёўскім ізалятары нават лепшыя больш месца ў камерах і прасторы на прагулках. Стараецца запоўніць час хоць нечым карысным — шмат чытае, адукоўвае аднакамернікаў, назапашвае “цікавы жыццёвы досвед”.

    Нагадаем, працэс над Іванам Мураўёвым пачаўся ў Мінскім гарадскім  судзе 22 снежня 2022 года, а ўжо праз чатыры дні суддзя Алена Шылько прыгаварыла яго да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі перад гэтым і запатрабаваў бок пракуратуры.

    Пасяджэнне праходзіла ў закрытым фармаце — прадстаўніца абвінавачання аргументавала гэта тым, што публічны разгляд “экстрэмісцкіх матэрыялаў” супярэчыць абноўленаму заканадаўству. За зачыненымі дзвярамі правасуддзе вяршылася ў рэкордныя тэрміны – вывучэнне нюансаў “злачынства” і спрэчкі бакоў занялі адзін працоўны дзень. Што да агучвання канчатковага выраку, дык яно наогул змясцілася ў некалькі хвілін.

    Насамрэч хуткацечнасць лагічная: справа заняла ўсяго два тамы з адным “злачынным” эпізодам. Гаворка пра відэаздымкі Івана Мураўёва для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт пад назвай “Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў” з’явілася летась у ліпені, а праз месяц у мінскую “Кальянную №1” па прадпрымальніка-відэааператара прыйшлі сілавікі з ордэрам на ператрус.

    Першапачатковы артыкул застаўся да самога прысуду — ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса: “уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)”.    

    Праваабарончая супольнасць прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем.

    Яшчэ падчас знаходжання асуджанага ў сталічным СІЗА ягоныя адвакаты накіравалі апеляцыйную скаргу на разгляд у Вярхоўны суд, цяпер там павінны прызначыць дату пасяджэння.

    Фармальна лічыцца, што да працэдуры абскарджання прысуд у сілу яшчэ не ўступіў, адпаведна, накіраваць чалавека ў калонію нельга.

    Але пры гэтым — ужо “забраніраваць” для яго месца ў пенітэнцыярнай установе.  

    Паводле праваабаронцаў, справа прадпрымальніка і фрылансера Івана Мураўёва ідэнтычная той, якую перад гэтым разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара Алеся Любенчука. З той розніцай, што ў апошняга фігуравалі два “злачынныя” эпізоды — адпаведна, і атрымаў большае на паўгода пакаранне.  

    Чытайце яшчэ:

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    Сайт і сацсеткі volkovysk.by прызнаныя экстрэмісцкім фармаваннем

    Вечар памяці Аляксея Стрэльнікава ў музеі Вольнай Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці