• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Твар беларускай прапаганды. Гісторыя жыцьця Рыгора Азаронка

    Прозьвішча «Азаронак» ужо трыццаць гадоў шчыльна асацыюецца зь беларускай прапагандай, піша Свабода.

    У 1990‑я вядомасьць атрымаў Юры Азаронак, які параўноўваў апазыцыю з калябарантамі часоў Другой сусьветнай вайны. Ягоны сын Рыгор, які стаў вядомы на хвалі пратэстаў 2020 году, пайшоў яшчэ далей і параўноўвае апанэнтаў рэжыму з грызунамі і жамярой.

    Свабода расказвае гісторыю Рыгора Азаронка, які стаў тварам беларускай прапаганды сёньня і не абмінае ўвагай як дзейнасьць апазыцыі, так і падзеі ва Ўкраіне і Ізраілі.

    Манархізм і сацрэалізм

    Рыгор Азаронак нарадзіўся ў 1995 годзе ў Менску. Ягоны бацька Юры ствараў прапагандысцкія фільмы для Беларускага тэлебачаньня. Бацька Рыгора родам з Гарадоцкага раёну Віцебшчыны.

    Маці Любоў нарадзілася ў Расеі, у вёсцы Пачынная Сопка ў Ноўгарадзкай вобласьці. Працавала гандляркай на Камароўскім рынку, кандуктарам у грамадзкім транспарце.

    У адным з інтэрвію Рыгор расказваў, якія кніжкі яму чытаў бацька ў дзяцінстве. Гэта была «Народная манархія» Івана Саланевіча, ураджэнца Беларусі, аднаго з ідэолягаў заходнерусізму і тэарэтыка расейскага манархізму. Другой кнігай Азаронак-малодшы назваў «Ивушку неплакучую» Міхаіла Аляксеева — гэта ўжо клясыка сацыялістычнага рэалізму.

    Калі прагледзець сёньняшнія перадачы Азаронка, то можна ўбачыць, што ён адначасова мае сантымэнт як да Расейскай імпэрыі, гэтак і да СССР пасьляленінскага пэрыяду.

    Аплявухі ад Статкевіча і Кіркорава

    Юры Азаронак, бацька Рыгора, на пачатку 1990‑х уваходзіў у склад чарнасоценскай партыі «Славянскі сабор Белая Русь». Сваёй эмблемай партыя абрала расейскі імпэрскі чорна-жоўта-белы сьцяг. Ідэалёгіяй партыі было славянафільства, а таксама аб’яднаньне Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Трапляла партыя і ў антысэміцкія скандалы. У 1999 годзе Міністэрства юстыцыі яе ліквідавала.

    Азаронак-старэйшы атрымаў шырокую вядомасьць у 1995 годзе, калі зьняў фільм «Нянавісьць. Дзеці хлусьні». У стужцы ён накладаў голас кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка на нацысцкі факельцуг (шэсьце з паходнямі) і параўноўваў дзеячоў апазыцыі з калябарантамі. Фільм выйшаў напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі.

    Тагачасны кіраўнік згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, а сёньня палітзьняволены Мікалай Статкевіч так уразіўся праглядам гэтага фільму, што знайшоў хатні адрас Азаронка, выклікаў яго на лесьвічную пляцоўку і даў прапагандысту аплявуху.

    Цяпер абодва Азаронкі настойваюць на вэрсіі, што менавіта Юры тады пабіў Статкевіча. Але Азаронак-старэйшы нават зьвяртаўся ў суд з заявай аб зьбіцьці. Статкевічу тады выпісалі мінімальны штраф.

    На гэтым Азаронак-старэйшы ў сваёй прапагандысцкай дзейнасьці не спыніўся. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён запусьціў цыкль перадач «Тайныя спружыны палітыкі», дзе таксама ачарняў апазыцыю.

    У сярэдзіне 2000‑х Юры Азаронак стаў намесьнікам кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта ён курыраваў у той час паездкі беларускіх артыстаў на конкурс «Эўравізія». У скандальныя гісторыі на «Эўравізіі» Азаронак-старэйшы трапляў ня раз.

    У 2007 годзе ў Хэльсынкі ён зноў атрымаў аплявуху, гэтым разам ад расейскай поп-зоркі Філіпа Кіркорава. Азаронак не даваў свой службовы аўтамабіль, каб адвезьці ў бальніцу аднаго з танцораў. Тады і выйшаў канфлікт.

    У 2008 годзе, амаль адразу пасьля вяртаньня з «Эўравізіі» ў Сэрбіі, Азаронак быў звольнены з БТ з фармулёўкай «за ўчынак, несумяшчальны зь дзяржаўнай службай».

    Тады СМІ пісалі, што Юры Азаронак «здымаў стрэс» пасьля выступу канкурсанта Руслана Аляхно — замкнуўся ў нумары гатэля і адмаўляўся вяртацца ў Беларусь.

    Пасьля гэтага значных дзяржаўных пасад у яго не было. Хоць Віктар Шэйман на нейкі час уладкаваў прапагандыста на працу ў кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.

    Уплыў пісьменьніка-кансьпіроляга

    Рыгор Азаронак вучыўся ў гімназіі № 192 Менску, што ў мікрараёне Малінаўка. Настаўнікі ўспаміналі, што ён быў даволі замкнутым дзіцем. Але ў хуткім часе стаў наведваць тэатральны гурток.

    Вучыцца Азаронак-малодшы пайшоў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на «рэжысэра-пастаноўшчыка», як і ягоны бацька. «Я нават ніколі не выбіраў, я заўсёды ведаў, што пайду туды», — казаў Рыгор.

    Дыплёмнай працай Рыгора Азаронка стаў фільм «Салдат Хрыста». Гэта інтэрвію з расейскім пісьменьнікам-кансьпіролягам Юрыем Вараб’еўскім.

    «Масоны, містыка Трэцяга Райху, псыхатропная зброя», — такі тызэр да гэтага фільму.

    «Усё самае важнае і істотнае адбываецца за межамі бачнага сьвету. Самыя важныя падзеі адбываюцца ў патаемнай прасторы. Існуе нэгатыўны бок гэтай справы, тое, што Іван Ільін назваў „сусьветная закуліса“», — казаў Вараб’еўскі.

    Далей Вараб’еўскі паўтарае фэйкавую цытату нібыта Зьбігнева Бжэзінскага, што галоўны вораг Захаду — «расейскае праваслаўе». Насамрэч ніколі такіх словаў сказана не было.

    Адна з рубрык Рыгора Азаронка сёньня на тэлеканале СТВ называецца «Ордэн Юды». Менавіта так называлася і адна з кніг Юрыя Вараб’еўскага. Гэты пісьменьнік і цяпер зьяўляецца ў этэрах Азаронка. Напрыклад, расказваў пра нібыта сатанінскія рытуалы, якія зьдзяйсьнялі ўкраінскія вязьні ў лягерах на Чукотцы.

    Яшчэ адна аплявуха і мэдаль «За адвагу»

    Падчас вучобы Рыгор падпрацоўваў пэдагогам-арганізатарам у школе і дзіцячым садку. А ўжо па сканчэньні ўнівэрсытэту ўладкаваўся на тэлеканал СТВ, адкуль, праўда, у хуткім часе яго прызвалі ў войска. Служыў ён у палку сувязі, у вайсковай частцы 29766 у менскім мікрараёне Ўручча.

    На СТВ Рыгор працаваў спачатку зусім не палітычным карэспандэнтам, а расказваў пра жыцьцё Менску і Менскай вобласьці.

    Сам Азаронак-малодшы казаў, што пасьля службы ў войску яго клікалі на працу ў КДБ, але ён пасьля размовы з тагачасным сваім тэлевізійным начальнікам Кірылам Казаковым вырашыў застацца на СТВ.

    Напрыканцы 2019 году пачынаюць выходзіць першыя публіцыстычныя выступы Азаронка на тэлеэкранах. Рыгор ужо тады паліваў брудам апазыцыю, якую называў «творчым калектывам клоўнаў».

    Тым ня менш на той момант Азаронак хутчэй рабіў зь сябе вобраз інтэлігента (акуляры, акуратная прычоска, белая кашуля, не такое агрэсіўнае маўленьне). З часам яго падыходы да працы моцна зьменяцца.

    Пандэмію каранавірусу Азаронак называў «біялягічнай зброяй» Захаду. А таксама заклікаў у самы разгар пандэміі «годна адзначыць юбілей Перамогі».

    Тым ня менш да пратэстаў 2020 году выступы Азаронка былі не такія заўважныя. Як і Ксенія Лебедзева і Людміла Гладкая, Азаронак быў тым, хто асабіста выходзіў на маршы, асьвятляў іх, спрабаваў размаўляць з удзельнікамі.

    Падчас адной з такіх акцый аплявуху Азаронку-малодшаму дала перакладчыца Вольга Калацкая, якая ў выніку адседзела ў СІЗА і была асуджаная на два гады «хатняй хіміі».

    Дзякуючы «Кібэрпартызанам» Свабодзе стала вядома, што па заяве Азаронка заводзілася яшчэ адна крымінальная справа, калі падчас акцыі ў памяць загінулага Рамана Бандарэнкі «невядомая асоба нанесла каля 20 удараў па галаве і плячах». Вынікі яе расьсьледаваньня невядомыя.

    Яшчэ ў жніўні 2020 году Рыгор Азаронак з ініцыятывы выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара СТВ Кірылы Казакова адрадзіў перадачу «Тайныя спружыны палітыкі». Рыгор казаў, што раіўся з бацькам, той ня быў упэўнены ў ініцыятыве, але даў згоду.

    У выніку Азаронка заўважылі. У 2020 годзе яго запрасілі на адзначэньне Новага году ў кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам. А ў студзені 2021 году ён атрымаў мэдаль «За адвагу».

    Падтрымка Расеі

    У 2021 годзе дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што на Рыгора Азаронка рыхтаваўся напад з мэтай забойства. За кратамі апынуўся Дзьмітрый Сасноўскі. На судзе вязень сказаў, што сілавікі самі ўцягнулі яго ў гэтае злачынства, а потым катавалі дзеля прызнаньня. Сваёй віны на судзе Сасноўскі не прызнаў, але быў асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня.

    Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, то Азаронак заняў прарасейскія пазыцыі. Зьяўляецца ў адзеньні з выявай літары Z, якая стала сымбалем агрэсіі. Здымаўся ў кліпе Акіма Апачава і Юліі Чычэрынай у падтрымку вайны.

    На акцыі пратэсту ля амбасады Ўкраіны ў Менску ён казаў, што выступае «супраць нацысцкай улады Ўкраіны».

    «Кажуць, Зяленскі ўжо даўно ў Львове. Коксавы клоўн не вылазіць з бункеру і плача, пацуку ўжо няма куды падзецца з гэтага карабля, які ідзе на дно…

    Беларусь — агрэсар? Казлы вы майданныя, Беларусь дала вам мір. У нашым Палацы Незалежнасьці ваш Порах жэр сала і дрыготкімі рукамі падпісаў „Менскія пагадненьні“», — казаў Азаронак у першыя дні вайны.

    З часам рыторыку ён не памяняў, больш за тое, нават называў Украіну «сатанінскай дзяржавай». Езьдзіў з камандзіроўкай на акупаваныя Данбас і Марыюпаль.

    Беларускае «Радыё тысячы пагоркаў»

    Азаронак у сваіх перадачах і тэлеграм-канале патрабуе ўсё большых рэпрэсій унутры краіны. У 2022 годзе ён асабіста прыходзіў у кнігарню «Кнігаўка» перад яе разгромам. Спрабаваў інспэктаваць бар «Каліноўскі» на вуліцы Зыбіцкай.

    Бываюць выпадкі, калі прапагандыст выступае і з антысэміцкімі заявамі. Разважаючы пра падзеі 17 верасьня 1939 году, ён сказаў наступнае:

    «Тады б туды прыйшлі немцы. І што б рабілі дзядулі Шрайбмана, калі б яны там жылі, калі б туды прыйшлі немцы? Што б яны рабілі? Яны б ператвараліся ў мыла, агаркі. І немцы спрабавалі б прыкурыць аб гэтыя агаркі. Але яны б не змаглі, бо тыя і ў такім выглядзе заставаліся б сырымі і гнілымі».

    Частым госьцем Рыгора Азаронка выступае былы кіраўнік ГУБАЗіКу, а сёньня камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. У адным з такіх этэраў Карпянкоў параўнаў апазыцыю з «шалёнымі сабакамі, якія заслугоўваюць толькі сьмерці». Пытаньні Азаронка да суразмоўцаў таксама не абыходзяцца бяз гэтай тэмы. У Рамана Пратасевіча прапагандыст спытаў, ці забіў бы ён Сьцяпана Пуцілу.

    Ад верасьня Рыгор Азаронак яшчэ стаў і выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (перад гэтым там адбываліся чысткі выкладчыкаў), будзе чытаць лекцыі і сэмінары па курсе «Асновы мэдыябізнэсу».

    Выкладчык унівэрсытэту Шэфілду, дасьледчык прапаганды Ільля Яблакаў параўноўваў рыторыку Азаронка з «Радыё тысячы пагоркаў», дзейнасьць якога ў Руандзе стымулявала генацыд народу тутсі.

    На сёньня супраць Рыгора Азаронка дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Канады, Украіны.

    Чытайце яшчэ: 

    «Святкаваць штосьці разам — гэта дужа істотна». Як выжываюць рэдакцыі ў розных краінах

    «Сьціснуць зубы, зьберагчы сябе і дачакацца вызваленьня». Што вядома пра зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву

    «Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці