«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Горкая чаша была выпіта не дарэмна
У заключнай частцы дзённікаў журналістка спрабуе адказаць на пытанне «дзеля чаго ўсё гэта было?»
Гісторыя не цярпіць умоўнага ладу
Неўзабаве год, як я вызвалілася з гомельскай калоніі.
Шмат чаго адбылося за гэты час. Эвакуацыя з Беларусі, вяртанне ў прафесію, напісанне турэмных дзённікаў, безліч інтэрв’ю, эфіраў і стрымаў у незалежных медыя, супраца з праваабаронцамі, перамога ў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Новая краіна, новыя выклікі, новыя сябры.
Толькі цяпер, здаецца, запоўніла больш-менш інфармацыйны вакуум, што ўтварыўся за 26 месяцаў знаходжання за кратамі. Многае стала для мяне адкрыццём. Шмат пра якія рэчы мы за кратамі ўвогуле не здагадваліся. Шмат што аказалася страшней, чым мы думалі.
Тым не менш час, маю на ўвазе гэты год, праляцеў хутка. Па адчуваннях — нібыта толькі ўчора выйшла за браму калоніі. Часта падаецца, што гэта ўсё, там, за кратамі, увогуле было не са мной, што гэта было не з намі.
Не хочацца верыць, што ўсё гэта праўда — і нашае зняволенне, і страшэнная колькасць палітвязняў, і жахлівыя рэпрэсіі, што толькі ўзмацняюцца. Усё гэта настолькі балюча, страшна, ненармальна, бесчалавечна, што мозг часамі адрынае гэтую рэчаіснасць, супраціўляецца, каб не з’ехаць з глузду, унутраны голас шэпча: «Стоп. Пераключыся. Бо выгарыш, звар’яцееш».
А пераключыцца і падумаць пра штосьці добрае, пазітыўнае вельмі цяжка. Як? Калі за кратамі столькі маіх сяброў, калег? Калі знішчаюць нацыю, маю зямлю, забіваюць, катуюць і гнояць у засценках тых, хто марыць пра лепшую будучыню Беларусі?
Пра гэта вельмі цяжка думаць. А не думаць — не атрымліваецца. Пра гэта было цяжка пісаць. Пра гэта, мабыць, цяжка чытаць нармальнаму чалавеку. І лепей бы не было гэтай турмы, гэтых страшных рэпрэсій, жудасных трагічных падзей 2020 года.
Але гісторыя не цярпіць умоўнага ладу.
І калі ўжо выпала аказацца ў ролі палітзняволенай, то не магла не распавесці пра свой пакутны досвед. Гэта было пакліканне, маральны абавязак, місія. Хай будзе і такі штрых да апісання той трагічнай эпохі, у якой апынуліся ўсе мы, у якой апынулася Беларусь.
Каліноўскі, БНР, 2020-ты
Што ж адбылося з намі ў 2020‑м і дзеля чаго ўсё гэта было? Чаму і дзеля чаго сотні тысяч беларусаў прайшлі праз рэпрэсіўную машыну, здзекі, катаванні, турэмнае зняволенне? Няўжо ўсё было дарэмна? І народнае паўстанне, і ўсе ахвяры?
Перакананая, што не.
Гэта было наканавана. І нават тыя людзі, якія, здавалася б, трапілі пад каток рэпрэсій выпадкова, — выпілі гэтую горкую чашу не выпадкова.
Усе ахвяры і пакуты недарэмныя. Усе яны ляглі і кладуцца ў падмурак новай Беларусі.
Вялікія гістарычныя падзеі часта адбываюцца стыхійна. Гісторыя ўвогуле шмат у чым стыхійны працэс. 2020 год стаў для беларусаў спантанным выбухам палітычнай актыўнасці, драматычным этапам фармавання нацыі.
Праз тры гады зразумела, што было зашмат наіўнасці, бракавала прадуманасці, адсутнічала стратэгія. Але ўсе гэтыя падзеі ствараюць жывыя людзі — з іх ілюзіямі, недахопамі, эмоцыямі.
Часта ў змаганні з бязлітаснымі рэжымамі палымяныя сэрцы цярпяць паразу. Але гэтая, на першы погляд, параза пасля абарочваецца прагрэсам, складнікам будучай перамогі, у гістарычным плане гэтае змаганне са злом усё роўна апраўдвае сябе.
Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!
У 2020 годзе адбылася не рэвалюцыя (бо ў рэвалюцыі заўсёды ёсць план) — выбухнула стыхійнае народнае паўстанне. Таму што для гэтага прыйшоў час. Надыйшоў момант ісціны і штосьці вельмі моцна шчоўкнула ў грамадскай свядомасці. Так, шмат у чым беларусы дзейнічалі спантанна, наіўна, але гэта не азначае, што ўсё было недарэчна.
Паўстанне Кастуся Каліноўскага таксама, калі разважаць цвяроза з вышыні часу, было асуджанае на паразу. Бунт жорстка задушылі, з паўстанцамі бязлітасна, здзекліва расправіліся. Царскія сатрапы хацелі зрабіць так, каб пра тых герояў забыліся.
Зусім непрацяглы час праіснавала і Беларуская Народная Рэспубліка, яе натхняльнікі і прыхільнікі таксама прайшлі праз жахлівыя рэпрэсіі. Слуцкі збройны чын меў занадта мала сілы, каб супрацьстаяць бальшавіцкім войскам. Царызм, а потым бальшавікі паслядоўна знішчалі барацьбітоў за нацыянальную ідэю, выкошвалі генафонд, але хіба мы можам сказаць, што ўсе гэтыя ахвяры былі дарэмнымі, што змаганне за Беларусь было марным?
Каб не было ўсіх гэтых ахвяр, не было б Кастуся, БНР, то сёння б увогуле ўжо можа б не было Беларусі.
Так, сённяшняя Беларусь — аўтарытарная, ёй жахліва не стае свабоды, але яна, Беларусь, ёсць. Таму і жыве надзея, што яна ўсё ж такі не загіне, а стане дэмакратычнай, еўрапейскай краінай.
Будучыня Беларусі складаецца з памкненняў кожнага
Я пісала ўжо ў папярэдніх частках аб тым, што не варта рамантызаваць зняволенне і не трэба з усіх, хто патрапіў у палон да рэжыму, ляпіць вобраз жалезных змагароў, патрабаваць ад палітвязняў немагчымага. І тым болей — лічыць іх нейкім расходным матэрыялам у справе бескампраміснай барацьбы з рэжымам.
Разам з тым не трэба ўспрымаць гэтых людзей як непатрэбныя ахвяры. Маўляў, не было б гэтых масавых выступаў 2020 года — мо рэжым быў бы сёння дабрэйшы.
Варта разумець: той палітычны выбух толькі адлюстраваў вострую супярэчнасць паміж грамадствам, якое перарасло рэжым, і яго нялюдскай сутнасцю. Так ці іначай гэта калізія б успыхнула. У плане ж асабістым — рана ці позна перад кожным чалавекам паўстае пытанне выбару. І многія выбіраюць барацьбу — нават ведаючы і прадчуваючы, што не змогуць адным махам знесці гэтую сцяну, а хутчэй самі разаб’юцца ў кроў.
Але з гэтых памкненняў складаецца Беларусь, складаецца яе будучыня.
Мы былі б не мы, калі б не выйшлі на пратэсты ў 2020 годзе.
Чытайце яшчэ:
Навіны палітвязняў: Чым займаецца за кратамі журналіст Дзяніс Івашын
«Вайну трэба дакументаваць». Гутарка з фатографам, які здымаў Марыупаль у агні
Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме