Турцыя: Журналіста Ахмета Несіна пакінулі за кратамі
Турэцкія ўлады вызвалілі журналіста Эрола Ондэроглу і Шэбнем Корур Фінкансі, але пакінулі за кратамі Ахмета Несіна. Яны па-ранейшаму знаходзяцца пад абвінавачаннем ў “прапагандзе тэрарызму” і “ўсхваленні злачынстваў”.
“Рэпарцёры без межаў” падзякавалі грамадскасці за шырокую падтрымку, але падкрэсліваюць, што справа яшчэ толькі пачынаецца.
“Мы, вядома, цешымся, што Ондэроглу і Фінкансі вызвалілі, – кажа Крыстоф Дэлуар, генеральны сакратар «Рэпарцёраў». – Але яны не павінны былі і дня знаходзіцца ў турме. Гэта справа толькі пачынаецца, і кампанія не павінна сціхаць. Мы заклікаем неадкладна вызваліць Несіна і зняць абвінавачанні з усіх удзельнікаў кампаніі салідарнасці з газетай “Озгюр Гюндэм”».
Нагадаем, што больш за 50 журналістаў удзельнічалі ў акцыі салідарнасці з пракурдскім выданнем “Özgür Gündem”: журналісты, інтэлектуалы і праваабаронцы публікавалі свае матэрыялы ў апальным выданні, якое асвятляе курдска-турэцкі канфлікт, і выступалі ў якасці “рэдактара на дзень”.
Нагадаем, што ГА “БАЖ” падтрымлівала петыцыю “Платформы грамадзянскай салідарнасці” за вызваленне і зняцце абвінавачанняў з турэцкіх праваабаронцаў і журналіста.