БАЖ – за вызваленне праваабаронцаў у Турцыі
ГА “БАЖ” падтрымала петыцыю “Платформы грамадзянскай салідарнасці” за вызваленне і зняцце абвінавачанняў з некалькіх вядомых праваабаронцаў у Турцыі.
20 чэрвеня суд у Стамбуле вынес рашэнне арыштаваць Шэбнем Корур Фінкансі, прэзідэнта “Фундацыі правоў чалавека Турцыі”, прадстаўніка «Рэпарцёраў без межаў» Эрола Ондэроглу і журналіста Ахмета Несіна.
Праваабаронцы ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці з пракурдскім выданнем “Özgür Gündem”. Усім арыштаваным выстаўлена абвінавачанне ў прапагандзе тэрарызма. “Арышт за ўдзел у такой кампаніі непрымальны з пункту гледжання міжнародных стандартаў правоў чалавека”, – сцвярджаецца ў петыцыі. Акрамя патрабавання вызваліць, забяспечыць фізічную і псіхалагічную бяспеку тром арыштаваным, петыцыя таксама заклікае спыніць запалохванне і пераслед праваабаронцаў, журналістаў, у тым ліку і на судовым узроўні, забяспечыць павагу да правоў і свабод чалавека згодна з міжнароднымі стандартамі.
Кампанія падтрымкі выдання “Özgür Gündem” задзейнічала дзясяткі людзей, журналістаў, інтэлектуалаў і праваабаронцаў, якія станавіліся “рэдактарам на дзень”. Напрыклад, Эрол Ондэроглу, які прадстаўляе “Рэпарцёры без межаў” у Турцыі ўжо 20 гадоў, быў сімвалічным рэдактарам у маі 2016-га. Яго абвінавачваюць за тры артыкулы, апублікаваныя ў газеце 18 мая: публікацыі расказваюць пра барацьбу за ўладу ўнутры турэцкіх спецслужбаў і пра спецаперацыі супраць Курдскай рабочай партыі, паўстанцкай групы на паўднёвым усходзе Турцыі.
Аналагічная заява была агучана ў Савеце па правах чалавека ААН у Жэневе, пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі журналістаў, ПЭНа, “Артыкула 19” і іншых НДА.