Тры кнігі ад паэткі Сабыны Брыло
Паэтка і журналістка Сабіна Брыло расказвае «Экслібрысу» пра кнігі, якія цяпер мае з сабою.
— Дома ў Мінску ў нас засталася вялікая бібліятэка, і часам я думаю, што калі раптам у нашай кватэры паселіцца нейкі міліцыянер, дык можа ягоныя сын альбо дачка пачытаюць добрыя кнігі і вырастуць прытомнымі людзьмі. Гэта не суцяшае мяне, але замяшчае нейкую іншую, больш страшную думку, — гаворыць спадарыня Сабрына.
Цяпер я чытаю пераважна зборнікі навел розных замежных аўтараў, якія жылі і пісалі ў розныя часы — бяру, што трапляецца ў букінісце. На паліцы — Чэхаў, Лоурэнс, Маламуд, Акутагава ды інш.
За апошнія гады важнымі для сябе Сабіна Брыло адзначае тры чытаныя кнігі:
1. «Хагакурэ. Самурайская этика»
— Недзе напачатку дваццатага, калі трэба было рыхтавацца да ўвашэсця ў пекла, я стала чытаць «Хагакурэ. Самурайскую этыку» выдання 90‑х гадоў. Я, вядома, не самурай, але я не вольны чалавек, і, трэба прызнаць, ніколі імі не была, хаця старалася ўвесь час трымацца падалей ад навязлівых і небяспечных сацыяльных стасункаў.
Сёння я разумею, што сама не магу змяніць не толькі абсалютна дзікія абставіны, але не магу нават паўплываць на навакольны дыскурс, які падаецца мне ўсё больш дзікунскім. Мне застаецца назіраць, рабіць сваю справу і ў свой час сысці, не страціўшы годнасці, як я сама яе разумею. Хагакурэ дапамагае.
2. Чабуа Амирэджиби «Дата Туташхиа»
Напрыканцы лета 2021 мы апынуліся ў Грузіі, і сяброўка параіла мне пачытаць там раман грузінскага пісьменніка. Я паслухалася яе парады і стала чытаць.
Гэта вялікі эпічны твор пра сучаснага (пачатак 20 стагоддзя я лічу сваёй сучаснасцю) героя — чалавека незвычайных якасцяў і здольнасцяў, што жыве ў няпросты час. Твор пра людзей і пра тое, як жыць сярод людзей.
Некалі гэты раман быў экранізаваны — у савецкія часы ішоў серыял паводле яго, называўся «Берега». Кажуць, што вуліцы пусцелі, калі пачыналася чарговая серыя. Я веру. Сама я чытала электронную кнігу, а ў Вільні мы набылі «Дата Туташхіа» у букінісце. Кніжка таўсценная.
3. Біблія
Са мной увесь час усе чатыры Евангелія, якія можна чытаць у любы момант жыцця. Шрыфт у іх звыклы — дробненькі, як у смартфоне.
Гісторыя Ісуса Хрыста — гэта гісторыя пра ўсё, што ёсць у свеце. Пра ўсіх людзей, якія жылі, жывуць і будуць жыць у свеце. Калі ты ведаеш і разумееш гісторыю Ісуса Хрыста, ты разумеш псіхалогію, сацыялогію, паліталогію і юрыспрудэнцыю. Мой кішэнны Новы запавет выдалі Гедэонавы браты, за што ім вялікі дзякуй. Не памятаю, адкуль ён у мяне ўзнік, але дома ёсць такі ж на беларускай мове, толькі крыху большы па фармаце.
Чытайце яшчэ:
Што беларусы чыталі 100 гадоў таму ў незалежнай прэсе?
Раўнабедраны трохкутнік. У Вільні праходзіць форум свабоднай журналістыкі
У Сейме Літвы журналісту Ягору Марціновічу ўручылі прэмію «Надзея Свабоды»